Суббота, 14 декабря 2024

Святлана Амяльянец расказала пра клопаты, якімі зараз жыве Шарашэўскі сельсавет

774

А іх у сельсавеце нямала — работа з пустуючымі дамамі, удасканаленне дзейнасці агляднай камісіі, добраўпарадкаванне населеных пунктаў…

Хто часта бывае на сяле, той не раз звяртаў увагу на старыя хаты, якія дажываюць свой век. Раней у іх кіпела жыццё, а сёння адны стаяць з забітымі вокнамі, другія ўрастаюць у зямлю, ад трэціх — і таго горш — застаўся толькі падмурак.

— Нягледзячы на тое, што работа па выяўленні такіх дамоў вядзецца пастаянна, гэты напрамак дзейнасці не губляе сваёй актуальнасці, — гаворыць Святлана Анатольеўна. — Насельніцтва старэе, жыхары вясковых хат паміраюць, а іх жыллё часта застаецца безгаспадарным. Вось і даводзіцца сельвыканкаму вырашаць пытанне, што рабіць з трухлявымі хатамі і непралазнымі «джунглямі» вакол іх.

На сённяшні дзень сельвыканкаму трэба яшчэ разабрацца з 81 такім домам, сем якіх выяўлены на тэрыторыі сельсавета сёлета.

Што тычыцца добраўпарадкавання цэнтра сельсавета, вялікія надзеі ўскладаюць на праграму па добраўпарадкаванні з улікам мясцовых асаблівасцей па прыкладзе Копыся.

— Самыя праблемныя месцы абазначаны. Цяпер справа за фінансаваннем, — удакладняе выконваючая абавязкі старшыні сельвыканкама.

Што гэта канкрэтна? Навядзенне парадку на шэрагу вуліц, пасялковай плошчы, рамонт тратуараў… Адначасова распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на ўладкаванне санвузла ў мясцовай установе культуры (на праблему яго адсутнасці неаднойчы звярталі ўвагу і чытачы нашай газеты).

— Пакуль жа займаемся тым, што ў нашых сілах, на што выдзелены сродкі. Планамерная работа па навядзенні парадку вядзецца, напрыклад, на могілках. Тут трэба падзякаваць мясцовай жыхарцы Раісе Аляксандраўне Бульчук, а таксама начальніку ўчастка «Камунальнік» Андрэю Віктаравічу Янушкевічу, які ніколі не застаецца ўбаку. Падчас пропаве-дзяў бацюшка заклікае прыхаджан даглядаць магілы не толькі сваіх родных, але і суседнія, якія знаходзяцца ў запусценні. Мне вельмі імпануюць адносіны да могілак мясцовых каталіцкіх вернікаў. Тройчы на год яны збіраюцца на генеральную ўборку і не дзеляць месцы пахавання на «свае» і «чужыя». Там няма ніводнага дзікарослага куста, тэрыторыя абгароджана, заліта сцежка.

Такія прыклады згуртаванасці Святлана Анатольеўна прыводзіць яшчэ па некалькіх могілках.

Святлана Анатольеўна падкрэслівае, што ў многіх справах было б складана дамагчыся добрых вынікаў, каб не жыхары сельсавета. Сярод іх шмат актыўных, ініцыятыўных і неабыякавых людзей. Гэта і кіраўнікі арганізацый, якія жывуць праблемамі не толькі калектываў, што ўзначальваюць, і старасты, якія ўласным прыкладам вядуць за сабой, і проста актывісты, якія здольны згуртаваць людзей дзеля добрых спраў. Мартысевіч, Навуменка, Шанта, Бульчук, Валюшка… Старшыня сельвыканкама называе з дзясятак прозвішчаў. Цэняць гэтых людзей, у першую чаргу, за тое, што яны не проста агучваюць праблемы, але і разам з мясцовай уладай бяруцца за іх вырашэнне: абкошваюць падворкі адзінокіх састарэлых людзей, устанаўліваюць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ў дамы так званай групы рызыкі, вядуць барацьбу з інвазіўнымі раслінамі, дапамагаюць асэнсаваць свае паводзіны людзям, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, ладзяць святы ў вёсках, арганізоўваюць суботнікі…

Марына Вакульская. Фота Кацярыны Масік.