Четверг, 15 января 2026

Святкаванне Міжнароднага дня аховы дзяцей

533

У мінулую нядзелю, на якую якраз прыпала 1 чэрвеня — Міжнародны дзень аховы дзяцей, у гарадскім парку было вельмі шматлюдна. І гэта нездарма, таму што для малых пружанцаў тут была арганізавана разнастайная святочная праграма.

Асноўнай лакацыяй стаў летні амфітэатр, дзе праходзіў традыцыйны фестываль дзіцячай творчасці «Лесвіца поспеху». Старт яму даў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, які павіншаваў са святам дзяцей, іх бацькоў і, безумоўна, педагогаў, дзякуючы якім у нашым горадзе квітнеюць свае таленты. А яшчэ Міхаіл Міхайлавіч асаблівую падзяку выказаў шматдзетным матулям, нагадаўшы, што ўжо 20 гадоў запар гэтыя жанчыны-гераіні адзначаюцца спецыяльна прызначаным у Беларусі ордэнам — Ордэнам Маці. Сёлета ім былі ўзнагароджаны дзве жыхаркі раёна — Наталля Кунахавец і Анастасія Місюля, якія нарадзілі пяцёра дзяцей. Абедзвюм жанчынам старшыня райвыканкама выказаў заслужаныя ўшанаванні і ўручыў ордэн Маці.

Пасля гэтага гледачам была прадстаўлена фестывальная праграма, якая складалася з нумароў чатырох дзясяткаў удзельнікаў — малых артыстаў самадзейнасці і дзіцячых творчых калектываў з усіх куткоў раёна. Канцэрт атрымаўся відовішчным, запальваючым і, безумоўна, ва ўсіх, хто яго пабачыў, пакінуў добрыя ўражанні. Як і ва ўдзельнікаў VII раённага мастацкага конкурсу імя А. Лось, якіх таксама адзначылі на фестывальнай сцэне прызавымі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.

Акрамя асноўнай лакацыі, цэлая забаўляльная алея была ўладкавана побач з летнім амфітэатрам. Атракцыёны, аквагрым, салодкая вата, мыльныя бурбалкі, а яшчэ вясёлы паравозік і многае іншае стваралі неверагодны святочны настрой як у малых, так і іх бацькоў.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік