Воскресенье, 6 октября 2024

Святам «Зажынкі» ў ААТ «Велікасельскае Агра» далі старт жніву-2022 на Пружаншчыне

701

Ёсць святы дзяржаўныя, ёсць рэлігійныя. А асобна, нам здаецца, можна выдзеліць святы хлеба і тых людзей, якія непасрэдна задзейнічаны ў пасяўной і ўборачнай кампаніях.

Нездарма ж нашы продкі атаясамлівалі хлеб з жыццём, шанавалі, нават калі падаў невялічкі кавалачак яго на зямлю ці падлогу, хутка падымалі са словамі: «Даруй, Божа!». Яны не па чутках ведалі, колькі сіл трэба прыкласці, колькі поту праліць, каб на стале з’явіўся бохан духмянага хлеба. Паважалі, як жывога чалавека, тым самым, аддавалі даніну павагі працы земляроба. І святы, абрады гэта толькі пацвярджалі. Адным з такіх з’яўляюцца «Зажынкі», прымеркаваныя да пачатку жніва, якія захаваліся да сённяшніх дзён. У аўторак гэтага тыдня раённыя «Зажынкі» прайшлі на палетку ААТ «Велікасельскае Агра», непадалёк ад аднайменнага аграгарадка.

Распачала свята вядучая Ірына Гадуйка, якая павітала ўсіх, хто быў на палетку: кіраўнікоў гаспадарак, прадстаўнікоў райвыканкама, камбайнераў і гасцей мерапрыемства, — каб разам пажадаць хлебаробам цярпення, здароўя і сіл для такой пачэснай работы. Як далей адзначыла вядучая, нашы продкі ведалі, што перш, чым прыступіць да жніва, трэба «дамовіцца» з зямелькай і падзякаваць ёй за добры ўраджай.

І калектыў Калядзіцкага СДК паказаў вельмі прыгожы і, як па мне, шчымлівы абрад «Зажынкі першага снапа» з блаславення настаяцеля храма іконы Божай Маці аг. Мурава айца Уладзіміра. Кранальным было тое, што ўдзельнікі рабілі гэта з душой, ад чыстага сэрца.

Першы сноп быў уручаны старшыні райвыканкама Міхаілу Грышкевічу як гаспадару Пружанскай зямлі.

— Прыйшоў час здаваць экзамен, — з такіх слоў распачаў сваё прывітальнае слова Міхаіл Міхайлавіч. — Цяпер будзем бачыць, як спрацавалі восенню, да якога выніку прыйдзем па завяршэнні жніва. Цяжкасці ў такой працы былі заўсёды, але мы іх пераадолеем. Зразумела, у працэсе работы не варта забываць пра здароўе людзей, якое ў любым выпадку неацэннае. Канечне, хацелася, каб было менш страт падчас уборкі, бо ў сённяшніх рэаліях хлеб даражэй за золата. Удачы вам, хлебаробы, будзьце ўважлівыя і сабраныя, ураджаяў вам вялікіх!

Намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама Таццяна Вярэха пажадала правесці жніво ў вызначаныя тэрміны, якасна, да апошняга зярнятка сабраць ураджай, а яшчэ — задавальнення ад зробленай работы. Ёй быў уручаны абярэг з каласоў. Непасрэдных удзельнікаў жніва шчыра віталі апладысментамі. Механізатарам і вадзіцелям былі павязаны стужкі «Зажынкі-2022», а кіраўнікам гаспадарак уручаны снапы-абярэгі з пажаданнем, каб іх збераглі да новага ўраджаю.

З прывітальным словам да тых, хто ўпершыню сёлета паўдзельнічае ў жніве, звярнуўся старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Дзмітрый Чайкоўскі. Ён адзначыў, што такое ўшанаванне маладых камбайнераў і іх памочнікаў на «Зажынках» стала ўжо добрай традыцыяй. У сваю чаргу, работа на палетках са збожжам дасць ім магчымасць адчуць сябе больш адказнымі і за сябе, і за калег, сур’ёзнымі, набрацца вопыту ў старэйшых. Таксама Дзмітрый Чайкоўскі пажадаў усім удзельнікам жніва добрага надвор’я, аптымізму, сонечнага настрою і веры ў лепшае. Навічкам былі ўручаны каштоўныя падарункі.

Куды ж на такім свяце без караваяў? Яны, як сімвалы адвечнага нашага жыцця, былі ўручаны старшыні райвыканкама Міхаілу Грышкевічу, кіраўнікам гаспадарак, экіпажам камбайнаў і вадзіцелям.

Дзе ж вы бачылі свята такога маштабу, без песень і танцаў? Ды такіх завадных, што нават госці свята не стаялі на месцы падчас іх выканання. Тут вам былі на выбар песні ў выкананні вакальнага гурта «Весялінка» Велікасельскага СДК, харэаграфічная кампазіцыя «Маці зямля» ў выкананні калектыву Калядзіцкага СДК і шмат іншага. Музычныя выступленні ўдала ўпісаліся ў атмасферу свята і надалі яму непаўторнасці.

Айцец Уладзімір асвяціў збожжаўборачную тэхніку — і экіпажы занялі свае месцы за штурваламі. Права адправіць першыя камбайны ў поле было дадзена Міхаілу Грышкевічу — і магутныя караблі палеткаў рушылі ў плаванне па залацістым збожжавым моры.

Са жнівом-2022, паважаныя жыхары раёна!

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбом з зажынак тут: https://ok.ru/budni/album/943263763592