Амаль чвэрць стагоддзя ў Беларусі праводзіцца свята хлебаробаў. У свой час і Пружаны, і Ружаны прымалі гасцей. А ў 2023 годзе 9 верасня сталіцай абласных «Дажынак» сталі Ганцавічы.

На працягу двух месяцаў гэты раённы цэнтр рыхтаваўся да святкавання завяршэння ўборкі зерневых культур. Горад абнавіўся: гэта было відаць па яркіх фарбах фасадаў дамоў, новых пешаходных тратуарах і дарогах. Амаль у цэнтры горада размясціўся кантактны фантан. Што ж, сталіца «Дажынак» і павінна быць прыгожай.

Паколькі Брэсцкая вобласць першай завяршыла ўборку, то і «Дажынкі» святкавала першай.

У сталіцу свята прыбылі госці з усіх раёнаў вобласці. Прадстаўнічую дэлегацыю Пружанскага раёна сустракалі на мяжы з Ганцавіччынай. Старшыні Пружанскага райвыканкама Міхаілу Грышкевічу быў уручаны каравай. Міхаіл Міхайлавіч падзякаваў за гасцінную сустрэчу і ўручыў у адказ падарунак ад пружанцаў.

Свята пачалося з шэсця калоны, большую частку якой складалі героі жніва: камбайнеры і іх памочнікі, вадзіцелі аўтамабіляў, занятыя на адвозцы зерня, аператары сушыльных агрэгатаў, аграномы, кіраўнікі гаспадарак вобласці. Кожная дэлегацыя мела сваю яркую адметнасць. На чале пружанскай быў стылізаваны сноп з надпісам «138000 тон». Менавіта столькі намалацілі нашы аграрыі ў гэтым годзе. У выніку Пружанскі раён заняў пачэснае трэцяе месца ў вобласці. І гэта нягледзячы на засушлівыя май і чэрвень.

Павіншаваць хлебаробаў прыехала шмат высокіх гасцей: старшыня камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Васіль Герасімаў, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Ермаловіч, намеснік прэм’ер-міністра краіны Леанід Заяц, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык, міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ, міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў, старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Алег Жыдкоў.

Максім Ермаловіч зачытаў прывітальны адрас ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Папка з прывітальным адрасам была ўручана старшыні Брэсцкага аблвыканкама Юрыю Шулейку. У сваю чаргу, Юрый Вітольдавіч сказаў, што з ласкавым словам Прэзідэнта ў нас усё атрымаецца.

Пачалася цырымонія ўзнагароджання. Нагадаю, што першае месца па выніках уборкі ўраджаю за Камянецкім раёнам, другое — за Жабінкаўскім і трэцяе — за Пружанскім раёнамі. Старшыні вышэйназваных раёнаў Віталій Кулак, Андрэй Кузьміч і Міхаіл Грышкевіч прынялі ўзнагароды з рук губернатара Юрыя Шулейкі.

На сцэну паднімаліся кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, спецыялісты і героі жніва — камбайнеры і вадзіцелі. Цэлую серыю ўзнагарод атрамалі і прадстаўнікі Пружанскага раёна.

Так, узнагароду дырэктару ААТ «Мурава» Пятру Білецкаму ўручыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык. Гаспадарка заняла другое месца сярод сельскагаспадарчых арганізацый вобласці ў аглядзе-конкурсе «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне механізаваных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў».

Падзяка старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь уручана дырэктару ААТ «Велікасельскае Агра» Васілю Севасцьянчыку.

Падзякай міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь узнагароджаны трактарыст-машыніст ААТ «Велікасельскае Агра» Аляксандр Сямашка. Ганаровая грамата абласнога аб’яднання прафсаюзаў за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур у 2023 годзе сярод сямейных экіпажаў была ўручана сямейнаму экіпажу ў складзе старшага камбайнера Аляксандра Слабады і камбайнера Міхаіла Слабады з ААТ «Велікасельскае Агра».

Падзячнымі лістамі Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза за дасягненні найвышэйшай ураджайнасці зерневых узнагароджаны дырэктар ААТ «Мурава» Пётр Білецкі і дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч. Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь адзначаны аператар працэсу апрацоўкі зерня ЗСК-37 ААТ «Жураўлінае» Аляксей Канько.

Дырэктар ААТ «Агра-Калядзічы» Сяргей Субота атрымаў узнагароды за тое, што яго прадпрыемства было адзначана сярод сельгасарганізацый, іх філіялаў, падраздзяленняў, якія забяспечылі найвышэйшыя тэмпы росту валавога збору збожжа да сярэдняга ўзроўню папярэдніх трох гадоў, у групе з плошчай сельгасугоддзяў больш як 5 тысяч гектараў. Гэтае сельгаспрадпрыемства заняла другое месца. Таксама ААТ «Агра-Калядзічы» было адзначана як адно з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў вобласці, якое атрымала найвышэйшую ўраджайнасць азімага рапсу.
Ганаровая грамата Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за 3-е месца ў Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы па ахове працы ўручана дырэктару ААТ «Шані-аграпрадукт» Аляксандру Якімаўцу.
Шэраг узнагарод атрымалі выкладчыкі і навучэнцы УА «Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж» за ўдзел у жніве 2023 года.

Пасля ўручэння ўзнагарод пачаўся вялікі святочны канцэрт з удзелам майстроў мастацтваў Брэсцкай вобласці. Сваёй творчасцю парадавалі гледачоў Аляксандр Саладуха і Ірына Дарафеева.

На галоўнай вуліцы свята раскінулася шмат цікавых лакацый. Асабліва выдзяляліся зоны Пружанскага каледжа і ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Прадстаўнікі каледжа прапанавалі паўдзельнічаць у латэрэі і выйграць прыз. Малочны камбінат запрашаў на дэгустацыю сваёй прадукцыі, якую тут жа можна было і набыць. Дарэчы, да іх завітаў і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, якому ўручылі галаву сыру ў форме каравая.

Такім чынам, свята ўдалося. А сталіцай абласнога свята хлебаробаў «Дажынкі-2024» выбраны г. Мікашэвічы Лунінецкага раёна. Да сустрэчы.
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік
Больш фота з мерапрыемства глядзіце ў нашых групах.