Фінальным акордам уборачнай кампаніі ў філіяле «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга» таксама стала свята «Дажынкі». Яго правялі ў мінулую пятніцу.

Праўда, уборку збожжавых і зернебабовых культур тут скончылі яшчэ 12 жніўня. Адразу тры экіпажы сельгаставарыства сёлета сталі «тысячнікамі». Агульны намалот склаў 7054 тоны збожжа, ураджайнасць — 45,8 ц/га. Такім чынам, нягледзячы на капрызы надвор’я, калектыў філіяла спрацаваў зладжана.
Пра гэта гаварылі ў сваіх віншаваннях ганаровыя госці свята. Імі сталі першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Вярэха, намеснік генеральнага дырэктара РУП «Брэстэнерга» па бяспецы, рэжыме і кадрах Ігар Чурыла, прадстаўнікі «Белэнерга» і іншыя.
Разгарнулася свята, арганізаванае з дапамогай прафсаюза, у імправізаванай глядацкай зале пад адкрытым небам. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі ўсе, хто сваёй працай забяспечыў шчодры ўраджай. Яго сімвалам сталі духмяныя караваі. Святочны настрой для работнікаў і гасцей свята стваралі артысты Ваўкавыскага гарадскога Дома культуры.

Свята «Дажынкі-2022» — усяго толькі невялікая перадышка для аграрыяў. Ужо цяпер вядзецца апрацоўка глебы, сяўба азімых культур, наперадзе і шмат іншых спраў. Словам, калектыў філіяла «Аграэнерга Зеляневічы» робіць задзел на добры ўраджай наступнага, 2023-га года.
Людміла Ярашэвіч, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі філіяла «Аграэнерга Зеляневічы». Фота аўтара