Вторник, 18 февраля 2025

Свята талерантнасці і дабрыні зладзілі для дзяцей у Пружанах (+ фота)

341

Сяброўства — вельмі каштоўная, значная рэч, нярэдка зараджаецца яно менавіта ў дзяцінстве. І як жа цудоўна, што для сяброўскіх зносін паміж малымі часта не існуе ніякіх перашкод. Упэўніцца ў гэтым можна было падчас раённай спартыўнай акцыі «Інклюзіўны пікнік».

20 чэрвеня талерантнае мерапрыемства, якое было падрыхтавана работнікамі Пружанскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, сабрала шмат хлопчыкаў і дзяўчынак з усяго раёна.

Для правядзення «Інклюзіўнага пікніка» арганізатары выбралі адпаведную пляцоўку: у назначаны час дзевяць каманд, у склад якіх увайшлі вучні пачатковых класаў устаноў адукацыі раёна, сабраліся каля амфітэатра ў гарадскім парку.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася намеснік дырэктара ЦКРНіР Наталля Талстуха. Таксама яна патлумачыла ўмовы акцыі: дзецям неабходна было прайсці спартыўныя інклюзіўныя выпрабаванні на дзесяці станцыях.

Яскравы і заўзяты старт святу талерантнасці і дабрыні даў флэшмоб, падрыхтаваны піянерамі з Хараўской школы. Няхітрыя рухі пад вясёлую музыку адразу палепшылі настрой усіх прысутных.

Удзел у інклюзіўнай акцыі прынялі валанцёры: прадстаўнікі гарадскога дзіцячага парламента пад кіраўніцтвам Алены Зубко, члены піянерскай дружыны імя Пятра Клімука Хараўской СШ разам з педагогам Аляксандрай Фядотавай і хлопцы з філіяла РФСК «Мухавец» пад кіраўніцтвам Вікторыі Шаманавай, якія ўважліва сачылі за ходам гульні і дапамагалі справіцца дзеткам з усімі заданнямі.

Падчас праходжання своеасаблівага квэста дзеці дэманстравалі не толькі хуткасць, спрыт і кемлівасць, але і цярпімасць, паважлівае стаўленне да іншых.

Пасля ўсіх выпрабаванняў акурат да месца прыйшоўся інклюзіўны пікнік. Дзятва з задавальненнем ласавалася рознымі прысмакамі і адпачывала на свежым паветры.

Здаецца, пасля завяршэння талерантнай акцыі хлопчыкі і дзяўчынкі сталі яшчэ больш згуртаванымі і дружнымі.

Юлія Янушка. Фота аўтара

Больш фота глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_293894525 і https://ok.ru/budni/album/963310966408