Пятница, 5 декабря 2025

Свята апошняга званка для выпускных класаў у Параслянскай сярэдняй школі

742

Такія званкі 24 мая прагучалі ва ўсіх школах краіны, у тым ліку і для выпускнікоў Пружанскага раёна.

У гэтым годзе больш за 200 вучняў школ і гімназіі Пружаншчыны адправяцца заваёўваць новыя вяршыні. Дарогі для ўсіх адкрыты — кожны будзе выбіраць сваю.

На гэты раз мы прыехалі на свята апошняга званка для выпускных класаў у Параслянскую сярэднюю школу. У госці да вучняў і педагогаў таксама завіталі: старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Момлік, старшыня Новазасімавіцкага сельвыканкама Ірына Казакевіч, настаяцель прыхода іконы Божай Маці «Нечаканая Радасць» у вёсцы Новыя Засімавічы айцец Сергій.

Прыемна было сустракаць вучняў выпускных класаў, якія ўрачыста выйшлі разам са сваімі класнымі кіраўнікамі: Галінай Лінцэвіч — 9 клас і Ізабэлай Борсук — 11 клас.

Вітаючы прысутных, старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч выказаў упэўненасць, што кожны з выпускнікоў выбраў толькі добры шлях жыцця, які стане лёсаўтваральным. Міхаіл Міхайлавіч пажадаў дабра, энергіі, мэтанакіраванасці і шчасця.

З добрымі словамі звярнуўся да прысутных Аляксандр Момлік. Пажадаў лёгка здаць экзамены і працягнуць развівацца прафесійна, быць карыснымі грамадству.
Дырэктар школы Вольга Матвіенка павіншавала з заканчэннем школы і ўручыла падзячныя лісты некаторым выпускнікам 11 і 9 класаў.

З благаславеннем звярнуўся айцец Сергій.
Ад імя бацькоў з віншавальнымі словамі да вучняў звярнуўся Андрэй Лысенка.

Кранальныя словы казалі першая настаўніца Вераніка Соц і класны кіраўнік 11 класа Ізабэла Борсук.

Пасля лінейкі мы пагутарылі з некалькімі выпускнікамі і іх роднымі. Яны падзяліліся сваімі словамі аб свяце і некалькімі штрыхамі накідалі малюнак бліжэйшай будучыні.

Напрыклад, Яўгеній Якута сказаў, што гэтыя 11 год былі для яго самымі лепшымі. Сваё будучае прафесійнае жыццё марыць звязаць з праграмаваннем. Дар’я Крук сваю будучыню звязвае з добрай сям’ёй, дабрабытам і любімай работай. Анастасія Апарына расказала з якім натхненнем яны рыхтаваліся да свята апошняга званка. Дзяўчына ўпэўнена, што на ЦТ атрымае больш за 90 балаў і абавязкова паступіць у БДУ. Анастасія Тоўсцік дзякавала сваім настаўнікам за дапамогу ва ўсім. Яна здасць добра экзамены і звяжа сваё жыццё з медыцынай. З Аляксандрам Шульгіным мы ўжо раней сустракаліся на турніры інтэлектуалаў. Падчас гэтага апытання юнак сказаў, што школьныя гады — лепшыя ў яго цяперашнім жыцці. У будучым ён бачыць сябе палітолагам. Для ажыццяўлення мары хлопец будзе паступаць у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна.

Жадалі дабра сваім дзецям Наталія Леванюк — мама выпускніцы Ганны Леванюк, Алена Апарына — мама выпускніцы Анастасіі Апарынай, Максім Шульгін — брат выпускніка Аляксандра Шульгіна.
Няхай усе мары і пажаданні спраўдзяцца. У добры шлях, выпускнікі!


Віктар Ільюшчанка.
Фота Кацярыны Масік