Самае цёплае і ўтульнае месца на зямлі — гэта, вядома ж, сям’я. Агульныя святы з’яўляюцца важнай часткай у кожнай маленькай ячэйцы, яны дапамагаюць адрадзіць традыцыі, умацаваць сямейныя каштоўнасці, перадаць іх наступным пакаленням. Акрамя таго, кожнае сямейнае свята — гэта прыемныя клопаты, цёплыя ўспаміны і мора ўражанняў. Усё разам эмацыйна ўмацоўвае сям’ю, робячы яе надзейнай і трывалай.
Бура эмоцый, феерверк радасці і пазітыву — так у мінулую суботу ў гарадскім парку адзначылі свята «Адпачываем усёй сям’ёй». Маштабная праграма сабрала аматараў актыўнага сямейнага адпачынку. У мерапрыемстве прынялі ўдзел маладыя сем’і з дзецьмі, трэнеры спартыўных дзіцяча-юнацкіх школ са сваімі выхаванцамі. Урачыстае адкрыццё адбылося на галоўнай сцэне летняга амфітэатра. Яркія музычныя нумары гледачам і ўдзельнікам падарылі юныя дараванні гарадскога Палаца культуры: узорны ансамбль народнага танца «Круцёлачкі» і салісткі ўзорнай эстраднай студыі «Меладзін» — Дар’я Дронь і Сафія Міраноўская.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч:
— У гэты цудоўны сонечны дзень мы рады вітаць усіх, хто сабраўся разам з намі правесці вольны час на свежым паветры. Сямейнае свята добрае тым, што аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў. Мы бачым тут і бацькоў з дзецьмі, бабуль і дзядуль з унукамі. Сям’я — гэта адзіны дружны калектыў, дзе ўсе перажываюць адзін за аднаго і падтрымліваюць у любых пачынаннях. Усім выдатнага настрою, пазітыву, радасных эмоцый і, вядома, перамог!
Святочная праграма была падзелена на некалькі тэматычных зон, дзе ўсе жадаючыя змаглі праявіць сябе ў розных спаборніцтвах на сілу, спрыт і інтэлектуальныя здольнасці. У гэты дзень кожны мог знайсці занятак па душы: гульнявыя зоны, продаж прысмакаў выязнога гандлю райспажыўтаварыства, спартландыя і многае іншае…

Арганізатары прыдумалі цікавыя конкурсы і забавы для ўсіх узроставых груп. Інтэлектуальны квіз з гледачамі правёў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Момлік. Гульня была арганізавана па просьбе прадстаўнікоў «залатога ўзросту» аддзялення дзённага знаходжання ТЦСАН і складалася з пяці тураў, пры гэтым узроставых абмежаванняў для ўдзельнікаў не было. Старэйшае пакаленне прадэманстравала бліскучыя веды па гісторыі Беларусі і былі ўзнагароджаны спецыяльнымі дыпломамі.

У гэты ж час на стадыёне «Мухавец» разгарнуліся сапраўдныя спартыўныя баталіі. Удзельнікі былі заняты падрыхтоўкай, але, тым не менш, падзяліліся з намі сваімі ўражаннямі:
— Мы часта выступаем на розных спаборніцтвах, нам гэта дастаткова звыкла, але там прысутнічаюць пастаяннае хваляванне і барацьба за першынство, бо кожны хоча перамагчы, — гавораць юнакі СДЮШАР № 2, — а тут зусім іншая атмасфера, можна разняволіцца і не думаць пра перамогу, а проста гуляць і атрымліваць задавальненне. Мы хоць і супернікі, але перажываем адзін за аднаго.

Сямейнае свята на адкрытым паветры — гэта заўсёды ярка, весела і крэатыўна. Паўсюль гучалі дзіцячы смех і радасныя крыкі дзятвы, асабліва калі малыя падтрымлівалі сваіх бацькоў. І гэту праграму распрацавалі так, каб было цікава і дзецям, і дарослым. Дзве каманды — «Вопыт» і «Маладосць» — змагаліся ў чатырох конкурсах: «Скачок у даўжыню», «Фут-боўлінг», «Інтэлектуальная змейка», «Футбольны більярд». Па выніках спаборніцтваў перамогу атрымала каманда «Вопыт». Асаблівасцю мерапрыемства стаў таварыскі матч па футболе паміж камандай трэнераў і іх выхаванцаў. Тут не было пераможцаў і пераможаных, толькі сяброўства аказалася вышэй і мацней за ўсё. А ў дадатак малыя супернікі атрымалі салодкія падарункі.
Спаборніцкі дух каля скейт-ролер парка не пакінуў абыякавымі гледачоў і балельшчыкаў. У спартландыі прынялі ўдзел маладыя сем’і з дзецьмі з прадпрыемстваў і ўстаноў горада. Усе ўдзельнікі атрымалі порцыю запалу і цудоўнага настрою.

І якое ж свята без розыгрышу падарункаў? На гэты раз ніхто не застаўся не заўважаным. Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі памятныя прызы і засталіся задаволеныя часам, праведзеным разам.
Сама атмасфера свята зрабіла ўсіх крышачку больш шчаслівымі, запаліла іскру ў вачах і агеньчык у душы кожнага, хто падзяліў гэтыя асаблівыя моманты разам са сваёй сям’ёй. Спадзяемся, што падобнае мерапрыемства стане традыцыйным і збярэ яшчэ больш аматараў актыўнага адпачынку.
Ірына Велясевіч.
Фота аўтара
Фотаальбомы са свята: https://vk.com/album-23306785_303814064 і https://ok.ru/budni/album/982390934408