З улікам велізарнай адказнасці ў службу выратавальнікаў зараз ідуць не для кар’еры ці заробкаў. Стаць ахоўнікам спакою людзей — не просты, а свядомы выбар. Такі, як у свой час зрабіла Вікторыя Біюмен, якая нядаўна прыйшла на службу ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях.

Як прызнаецца Віка, спачатку яна не планавала звязваць жыццё менавіта з пажарнай службай. Кобрынская дзяўчына абрала для сябе юрыдычную спецыяльнасць. Аднак падчас вучобы ў каледжы трапіла на практыку ў сектар маніторынгу сістэмы «Маланка» Цэнтра аператыўнага кіравання г.Брэста. І задумалася над тым, што тут яе здольнасці будуць больш запатрабаваныя. А падчас атрымання вышэйшай адукацыі ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна канчаткова вызначылася з выбарам.
Трэба сказаць, што Вікіна сястра-блізнец выбрала цалкам «мірную» прафесію: яна навучае дзяцей музыцы. А Віку прыцягвае не проста форма — адказнасць за спакой людзей, магчымасць дапамагаць іншым у бядзе. Гэтым вельмі ганарыцца бацька, які прайшоў працяглы шлях армейскай службы.
Чатыры гады дзяўчына адпрацавала на грамадзянскай пасадзе, атрыманы вопыт падштурхнуў стаць службоўцам. І на практыцы ўсе акалічнасці прафесіі выратавальніка яна вырашыла асвойваць у нашым раёне.
У Пружанскім РАНС старшы інспектар Вікторыя Вітальеўна Біюмен адказвае за ідэалагічную і кадравую работу, а таксама выконвае нямала спадарожных абавязкаў. Прызнаецца, што ў сваім выбары ні на мінуту не расчаравалася, у дадатак плануе закончыць і спецыялізаваную ВНУ.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік