Заўважылі актыўную падрыхтоўку Пружан да свайго 590-гадовага юбілею?
Апроч новых нестандартных рашэнняў, як, напрыклад, стварэнне яскравых муралаў у цэнтры горада і з’яўленне макета Ружанскага палаца на кальцы ў раёне вуліцы 8 Сакавіка, горад «упрыгожваецца» традыцыйным чынам — выполваецца пустазелле на кветкавых клумбах, высаджваюцца новыя расліны.
Каб надаць малой радзіме прывабны выгляд, да добраўпарадкавання горада далучаюцца не толькі адпаведныя службы, але і гаспадары ўласных участкаў, жыхары шматкватэрных дамоў. З гэтай мэтай таксама шчыруе студэнцкі атрад з пятай школы.
З 14 чэрвеня калектыў «Камунальніка» папоўніўся 13 новымі супрацоўнікамі, няхай часовымі і непаўналетнімі, але адказнымі, працавітымі і ўважлівымі.
Як адзначае інжынер садова-паркавай гаспадаркі Юлія Ахрымук, хлопцы і дзяўчаты выконваюць значны комплекс работ.
— Для зручнасці адзін студэнцкі атрад мы падзялілі на тры невялікія групы. Адна працуе на базе цэха жыллёвай гаспадаркі, там падлеткі, у асноўным, чысцяць і фарбуюць інвентар. Другая шчыруе ў цяплічным памяшканні зелянгаса: напаўняе вазоны зямлёй, прасейвае глебу для клумбаў, трэцяя непасрэдна займаецца праполкай і пасадкай кветак на вуліцах горада, — тлумачыць Юлія Валер‘еўна.
Моладзь занята на працягу чатырох з паловай гадзін, апошні дзень працы — 27 чэрвеня. Але адразу пасля гэтай «партыі» КУВП «Камунальнік» мяркуе прымаць наступны студэнцкі атрад. Усяго за летні перыяд працоўныя месцы атрымаюць больш за 40 членаў грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».
Мы засталі членаў студэнцкага атраду на вуліцы Савецкай. Падлеткі добраўпарадкоўвалі клумбы па галоўнай пешаходнай вуліцы горада: палолі сальвіі і нізкарослыя аксаміткі. Пацікавіліся, што падштурхнула да рашэння папрацаваць падчас канікулаў.
Вучань 10 «Б» класа Вячаслаў Валюшка кажа:
— Напэўна, ключавым момантам для мяне стаў значны юбілей, які мой родны горад будзе святкаваць ужо ў наступным месяцы. Хачу сваімі рукамі дапамагчы Пружанам падрыхтавацца да дня горада. А прыемным бонусам працы стануць заробленыя грошы. А наогул, мы не толькі робім добрую справу, але карысна і весела бавім вольны час.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік