15 сакавіка краіна адзначыла Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Асноўны Закон нашай дзяржавы ўвасобіў у сабе пераемнасць і вопыт шматвяковага гістарычнага шляху Беларусі, азнаменаваў першы этап у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.
У сераду ў гарадскім Палацы культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Да ўсебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі» далучыліся прадстаўнікі вучнёўскай моладзі і кіраўніцтва раёна.

Напэўна, для кожнага маладога чалавека момант атрымання пашпарта з’яўляецца ўрачыстым і запамінальным. 19-ці лепшым старшакласнікам устаноў адукацыі раёна выпаў гонар атрымаць пуцёўку ў дарослае жыццё з рук старшыні райвыканкама Міхаіла Грышкевіча.

— Пачэсна атрымаць галоўны дакумент грамадзяніна ў Дзень Канстытуцыі. На вас ускладаецца сур’ёзны абавязак — годна несці званне грамадзяніна сваёй краіны. Менавіта вам наканавана зрабіць нашу Пружаншчыну і Беларусь яшчэ больш моцнай і квітнеючай, — звярнуўся да маладых людзей Міхаіл Міхайлавіч.

Аддаючы даніну павагі Асноўнаму Закону нашай дзяржавы, з гонарам можна сказаць, што мы жывём у незалежнай, свабоднай і цудоўнай краіне, дзе галоўная каштоўнасць — гэта людзі. А перадавой часткай грамадства і яго надзеяй заўсёды была моладзь.

Беларускія юнакі і дзяўчаты маюць магчымасць рэалізоўваць свае шматгранныя таленты на прагрэсіўнай пляцоўцы, якую ўяўляе сабой Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Перспектывы, якія прапануе гэтае грамадскае аб’яднанне, добра разгледзелі 20 старшакласнікаў з розных школ раёна, якія ў святочны для краіны дзень атрымалі членскія білеты з рук першага сакратара раённага камітэта ГА «БРСМ» Ульяны Апаляйчук.

Таксама на ўрачыстым мерапрыемстве былі ўшанаваны гульцы інтэлектуальнай каманды «Бліцкрыг» з СШ № 5, якія сталі пераможцамі раённага і абласнога этапаў інтэлектуальнай гульні «Маладзёжны квіз». На рэспубліканскіх спаборніцтвах каманда заняла пачэснае трэцяе месца. Памятныя сувеніры выдатнікам разумовай дзейнасці ўручыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік.
Пасля завяршэння ўрачыстасці па ініцыятыве Міхаіла Грышкевіча для лепшых старшакласнікаў была арганізавана бясплатная экскурсія ў Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў.
Дарэчы, у гэты ж дзень васьмікласнік з пружанскай гімназіі Аляксандр Саскевіч атрымаў пашпарт на святочнай цырымоніі ў Брэсце. Прадстаўнік нашага раёна ўвайшоў у склад 20-ці лепшых школьнікаў вобласці, якім уручыў галоўны дакумент грамадзяніна Беларусі начальнік УУС аблвыканкама Алег Шулякоўскі.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбом з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_291876811