Ляснічы Гарадзечненскага лясніцтва Ігар Янушка сваю прафесію выбраў яшчэ за школьнай партай.

Задоўга да выпускных іспытаў ён ведаў, куды будзе паступаць, і мэтанакіравана рыхтаваўся да гэтага. У 1991 годзе завочна паступіў у Беларускі тэхналагічны інстытут імя Кірава (цяпер Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт) на спецыяльнасць «Лесасадова-паркавая гаспадарка». У той жа год адразу пайшоў працаваць у лясную гаспадарку. За 30 з лішнім гадоў быў лесніком, памочнікам ляснічага, працаваў у Бярозаўскім, Лыскаўскім, Ліноўскім лясніцтвах, пакуль не ўзначаліў падраздзяленне ў в. Гарадзечна. Як успамінае Ігар Васільевіч, яму пашанцавала сустрэцца з выдатнымі прафесіяналамі сваёй справы, сярод якіх ён узгадвае Уладзіміра Мікалаевіча Панасевіча і Віталія Аляксандравіча Пракаповіча. Пад іх кіраўніцтвам на працягу многіх гадоў асвойваў лясную навуку. Напэўна, пройдзеная прафесійная школа дапамагла ў бягучым годзе ляснічаму Гарадзечненскага лясніцтва стаць лепшым у вобласці сярод сваіх калег, а ў рэспубліцы — заняць другое месца ў адпаведным конкурсе майстэрства.
— Старэйшыя таварышы вучылі ставіцца да работы ў лясной гаспадарцы не проста як да выканання ускладзеных абавязкаў. Лес, як чалавек, нараджаецца, расце, памірае, а потым зноў нараджаецца — і так бясконца. Ідзеш па лесе і назіраеш, як на пустой некалі палянцы ўздымаюцца дрэўцы, якія праз пэўны час ператвараюцца ў зялёных гігантаў. Прыемна разумець, што да гэтага таксама прыклаў рукі.
Ігар Васільевіч кіруецца нязломным прафесійным прынцыпам, згодна з якім працягласць працоўнага дня залежыць не ад устаноўленых заканадаўствам рамак, а ад таго, ці былі выкананы бягучыя задачы. З аднаго боку, такую працу нельга назваць лёгкай, аднак гэтым яна для ляснічага і цікавая. Калі адзін дзень не падобны на папярэдні, калі значная частка дня праходзіць не ў кабінеце: то пасадка лесу, то нарыхтоўка бярозавіку, то іншыя «лясныя справы». Ёсць сярод іх і непрыемныя моманты: даводзіцца, напрыклад, прыбіраць смецце, якое пакідаюць у лесе людзі.
І ўсё ж сваю працу Ігар Васільевіч называе сваім жыццём, сваёй мэтай і сваім абавязкам, ад якога навакольным будзе толькі карысць.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік