Суббота, 14 декабря 2024

Свая хата і яе гаспадыня Агата: уражанні пасля выставы «Чамадан памяці» ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту

618

Раённы савет ветэранаў наведаў дзённае аддзяленне для грамадзян пажылога ўзросту з мэтай знаёмства з выставай «Чамадан памяці», прымеркаванай да Дня Незалежнасці Рэспублікі і да Года гістарычнай памяці.

Марына Кавальчук з наведвальнікамі выставы.

Гаспадыня выставы — Святлана Багдановіч, спецыяліст па сацыяльнай рабоце. У хату яна сардэчна запрашае са словамі: «Мяне завуць Агата і гэта мая хата». Убор на гаспадыні дае зразумець, што мы трапілі ў сапраўдную старажытную беларускую хату, дзе аказалася шмат рэчаў сялянскага побыту, вопраткі, фотаздымкаў, дакументаў, сямейных рэліквій, гісторый роду некаторых гараджан.

Усе рэчы сабраны клапатлівымі рукамі самой Святланы Мікалаеўны і наведвальнікамі аддзялення, бо яны ўсе зацікавіліся такой задумай і апантана падключыліся да збору матэрыялаў, рэчаў нашых продкаў. Да слова, усяго аддзяленне наведвае 135 чалавек, а самых актыўных з іх — больш за 80.

Фрагмент экспазіцыі.

Але ж вернемся ў хату, дзе шчыруе гаспадыня, сустракае гасцей. Стол клапатліва накрыты бялюткім святочным абрусам з тонкага палатна з кутасікамі па краю. Стравы — у гліняным посудзе, нездарма Пружаны славіліся сваімі ганчарамі, самы вядомы з якіх — Антон Такарэўскі. На падлозе ляжаць тканыя ходнікі, якім няма зносу. На покуці — ікона, упрыгожаная ручніком. Яна аберагае гаспадароў і ніхто не сядзе за стол, пакуль не перахрысціцца на святы абраз. На сценах шмат вышывак на палатне. Каб яно было такім бялюткім, патрэбна прыкласці шмат працы. Як доказ таму, што апрацоўвалі льняное валакно самастойна, — прасніца, пранік, калаўрот, шпулькі, верацяно, берды. Каля акна — швейная машынка «Зінгер». Дарэчы, яна выпушчана ў 1915 годзе і яшчэ ў рабочым стане. І верны памочнік гаспадыні жалезны прас (каб ён нагрэўся, унутр патрэбна было пакласці гарачае вуголле).

Чорна-белыя фота.

А побач стаіць лямпа з газай і кнотам, на сценах — чорна-белыя фота ў драўляных рамках. Каля дзвярэй сабраны абутак: боты, буркі, галёшы, пасталы. У кутку — плеценыя кошыкі розных памераў, старанныя памочнікі гаспадыні. Кашэль, які аблягчаў вынас ягад з балота: ён вісеў за плячыма, рукі свабодныя. Начоўкі, выдзяўбаныя з шырокай дошкі. Трынога, патэльня для смажання шкварак, бойка для сметанковага масла… Гаспадыня Агата мала таго, што вядзе гутарку, дык яшчэ можа паказаць, як з печы дастаць вілкамі чыгунок ці чапялой патэльню.

Ні была б тое беларуская хата, каб пасярод пад лямпай не вісеў «павук», сплецены з саломкі. Ён не толькі ўпрыгожваў памяшканне, але і, лічылася, яшчэ знішчаў ліхія сілы.

На выставе «Чамадан памяці».

Беларуская хата можа і загучаць на розныя галасы: гармонік з бубнам паклікаюць да спеваў або закруціцца патэфонная пласцінка. Надзівіліся мы і наслухаліся ўдосталь, паспявалі разам з загадчыцай аддзялення Марынай Кавальчук, прыгадалі прыпевачкі, вядомыя з даўняга часу.

Неяк сумна, што нашы «Чамаданы памяці» становяцца гісторыяй, але жыве надзея, што з дапамогай выстаў мінулае не забываецца. У «хаце Агаты» за час працы выставы пабывалі зацікаўленыя жыхары і госці горада, вучні школ №1 і №3, настаўнікі, выхавальнікі.

Дзякуй вам, Святлана Мікалаеўна і Марына Аляксандраўна, за такі экскурс у гісторыю. Не зачыняйце надоўга свой «Чамадан памяці». Да новых сустрэч!

Ніна Дыдышка. Фота Кацярыны Масік