Кожная вёска мае сваю адметнасць. Вёска Бакуны-2 вядома сваімі вышывальшчыцамі. Цяпер тут займаюцца гэтай справай Вера Іванаўна Ражкевіч, Вольга Уладзіміраўна і Вера Сцяпанаўна Місюлі. Вырабы гэтых майстрых неаднаразова дэманстраваліся на самых розных выставах.
Вера Сцяпанаўна Місюля вышывае з самага дзяцінства навалачкі, ручнікі і дываны. Яна з’яўляецца таксама аўтарам карцін.
Нарадзілася жанчына ў Вялікім Сяле, а замуж выйшла за бакунскага юнака. Да выхаду на пенсію працавала загадчыцай аддзялення паштовай сувязі ў Вялікім Сяле.
На заслужаным адпачынку Вера Сцяпанаўна знаходзіцца ўжо восем гадоў. Жанчыне хапае спраў па гаспадарцы, але знаходзіцца час і для занятку любімай справай. Вось і цяпер з’явілася нагода ўзяць у рукі іголку: хутка замуж выходзіць пляменніца, і да гэтай урачыстасці Вера Сцяпанаўна вышыла прыгожыя ручнікі.
На здымку: В.С.Місюля са сваімі вышыўкамі.
Мікола АРХУЦІК, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).