Воскресенье, 12 января 2025

Сухопаль: храм на перасячэнні часоў і лёсаў

370

Здараюцца часам сітуацыі, якія цяжка патлумачыць з пункту гледжання матэрыялістычнай тэорыі. Напрыклад, падарожнічаеш па вывучаным маршруце і раптам нібы нейкая сіла цягне цябе звярнуць з трасы, праехаць па прасёлках. Збочваеш — і адкрываеш для сябе новыя мясціны, знаходзіш новыя ўражанні, якія даюць штуршок да цікавай публікацыі, або наогул сустракаеш чалавека, які адказвае на важнае для цябе пытанне. Нехта называе гэта промыслам Гасподнім, нехта — збегам абставін. Але ж сэнс ад назвы не мяняецца…

Горка. Месца сілы

Аднойчы такім чынам на шляху ў Навагрудак мы трапілі ў дзіўнае месца, вёску Горка, што ў Дзятлаўскім раёне на Гродзеншчыне. У пружанцаў звычайна падобная назва асацыіруецца з могілкамі. Ля гэтай Горкі таксама ёсць могілкі, якія размясціліся на даволі высокім узвышшы. На самым версе крутога ўзгорка стаіць каплічка, а за ёй, на краі яра — паклонныя камяні, прыродны помнік ХІ-ХІІ стагоддзяў у выглядзе своеасаблівай аркі з некалькіх гіганцкіх валуноў.

Старажылы вясковыя кажуць, што некалі пад гэтай аркай мог праехаць коннік, але потым з-за грахоў людскіх пачалі валуны апускацца ўсё ніжэй і ніжэй. Паступова людзі прапаўзаць пад камянямі пачалі, ды цяпер ужо страшна і лезці ў тую адтуліну: раптам зрушыцца нешта, і каменная глыба ўпадзе. Навошта рызыкаваць, спытаеце? Існуюць паданні, што той, хто з верай і малітвай пралезе пад камянямі, вылечыцца ад шматлікіх немачаў. Таксама кажуць, што вада, якая час ад часу кроплямі прасочваецца на паверхні, нібы слёзы, ацаляе хваробы вачэй.

На камяні якія, дарэчы, ахоўваюцца дзяржавай як гісторыка-культурная каштоўнасць, павязваюць стужкі і хустачкі, упрыгожваюць іх кветкамі і ручнікамі. А ў каплічку, некалькі гадоў таму адрамантаваную і добраўпарадкаваную, мясцовыя жыхары і шматлікія паломнікі прыносяць старыя абразы. Часта так бывае: пусцее хата, даводзіцца прадаваць яе ці наогул руйнаваць, а куды падзець бабуліны іконы ў самаробных кіётах? Не ў печку ж. Святыя глядзяць з намоленых пакаленнямі продкаў абразоў, нібы ведаюць пра цябе ўсё, нібы кажуць: не сумуй, мы цябе падтрымаем.

Не раз потым заязджалі мы да камянёў, заходзілі ў вясковы храм, гутарылі са святаром Мікалаем Уляхіным (мудры і добразычлівы бацюшка, які апошнія некалькі гадоў правіў службы, седзячы ў інваліднай калясцы, у 2020-м, якраз на дзень Свяціцеля Мікалая, пайшоў з жыцця). Айцец Мікалай і расказаў, што мураваная Свята-Георгіеўская царква ў самой Горцы была пабудавана напачатку ХХ стагоддзя, а старажытная некалі стаяла высока на гары. Адразу стала зразумелым і надзяленне сакральнымі ўласцівасцямі валуноў, і выбар такога нязручнага месца для старажытных пахаванняў мясцовых святароў: не на пагосце, а каля капліцы.

Святар з роду Ражановічаў

Пацікавіліся мы, хто тут пахаваны. Аказалася, Георгій Іаанавіч і Іаан Георгіевіч Ражановічы і іх родныя… А на зваротным баку помніка айца Георгія надпіс: «Ад удзячнага сына Аляксандра». І тут жа памяць пачала супастаўляць даты і паслужліва падкідваць інфармацыю, якая за непатрэбнасцю хавалася недзе ў глыбінях: Аляксандр Ражановіч, святар Сухопальскай царквы, загінуў ад рук невядомага забойцы ў 1900 годзе.

У свой час інфармацыя пра гэта публікавалася ў «Літоўскіх епархіяльных ведамасцях»: «Незвычайна цяжкая, нечуваная падзея адбылася ў в. Сухопаль Пружанскага павета Гродзенскай епархіі. 7 снежня 1900 года ў 8 гадзін вечара забіты са стрэльбы ва ўласным доме мясцовы святар а. Аляксандр Ражановіч… Аказалася, што невядомы зламыснік падышоў да акна з саду, які прымыкаў да агарода і могілак і ва ўпор выстраліў праз двайное шкло…»

Забойства здавалася тым больш страшным, што адбылося яно ў дзень пахавання жонкі іншага святара, Мікалая Сасіноўскага, якая даводзілася швагеркай Ражановічу. Стрэл прагучаў якраз падчас памінальнай вячэры.

Ураджэнец в. Горка і прадаўжальнік святарскай дынастыі 57-гадовы айцец Аляксандр быў пахаваны каля Сухопальскай царквы, дзе служыў апошнія 11 гадоў свайго жыцця. У царкоўным друку таго часу адзначаецца, што яго паважалі як добрага пастыра, ласкавага, прыветнага, уважлівага да патрэб сваіх прыхаджан. Гэта ён, калі ўноч з 30 на 31 студзеня 1895 года нечакана адбыўся пажар і царква поўнасцю згарэла з усім начыннем, за тры тыдні здолеў пераабсталяваць стары дом псаломшчыка для правядзення богаслужэнняў і нават званы прыладзіў. Часовы храм быў асвечаны ў гонар святога Георгія Пабеданосца і праіснаваў да заканчэння будаўніцтва новай царквы ў 1903 годзе.

Адна дэтэктыўная гісторыя або дзве?

Наогул дзіўнае супадзенне бачыцца ў нечаканым начным пажары (калі шукалі яго прычыны, высветлілі толькі, што печка не палілася і свечы не гарэлі) і так і не выкрытым забойстве святара, хоць па часе яны і былі размежаваны амаль шасцю гадамі. Так і хочацца сказаць, што спаленая царква была «першым папярэджаннем» яе настаяцелю.

Але давайце не будзем гуляць у дэтэктываў. Узгадаем толькі, што напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Пружанскім павеце актыўна распаўсюджваліся сацыялістычныя ідэі. Сухопальская воласць па вальнадумстве была наперадзе. Захаваліся сведчанні, што тут актыўна вёў антырэлігійную і антыўрадавую прапаганду памочнік настаўніка народнага вучылішча А.Д. Берднік, арыштаваны паліцыяй яшчэ ў 1884 годзе.

Настаяцель мясцовага храма Павел Балабушэвіч ці то па ўзросце, ці то па мяккасці характару не мог супрацьстаяць агітатарам. Калі ж пажылы святар у красавіку 1889 года пайшоў з жыцця, прыход прыняў яго зяць Аляксандр Ражановіч. Ён пачаў актыўна змагацца з рэвалюцыйнымі настроямі шэрагу прыхаджан, у выніку займеў ворагаў, ад рук якіх і загінуў. Мясцовыя старажылы, дарэчы, называюць прозвішча верагоднага забойцы, але дакументальных па-цвярджэнняў іх словам няма.

120 гадоў таму, 13 верасня Новая царква ў Сухопалі была закладзена на месцы згарэлай Аляксандрам Ражановічам, а завершана ўжо святаром Міхаілам Вінаградавым. Яна ўрачыста, пры вялікай колькасці народу была асвечана ў гонар Узвіжання Крыжа Гасподняга 120 гадоў таму, 13 верасня 1903 года (пра гэта паведамілі «Гродзенскія епархіяльныя ведамасці» ў нумары за 28.09.1903). Захаваўся і нумар гэтага выдання з апісаннем паездкі епіскапа Гродзенскага і Брэсцкага Іакіма па цэрквах і школах Пружанскага павета. У Сухопалі Правялебны Іакім 22 лістапада 1903 года адслужыў усяночную пры саслужэнні шасці святароў, а раніцай 23 лістапада — Боскую літургію.

Каменны храм атрымаўся большым па памеры, чым стары драўляны, таму сціплае надмагілле — камень з высечаным імем і датамі жыцця айца Аляксандра — прымыкае да яго сцяны справа, а само пахаванне аказалася ўнутры храма. Над ім зроблена бажніца з абразом свяшчэннамучаніка Аляксандра, епіскапа Іерусалімскага.

А магіла Паўла Балабушэвіча, які аддаў служэнню ў Крыжаўзвіжанскай царкве 38 гадоў, знаходзіцца ў царкоўным двары, побач з пахаваннямі іншых свяшчэннаслужыцеляў (надпісы на большасці помнікаў не захаваліся), а таксама дзяцей Аляксандра Ражановіча і Мікалая Сасіноўскага.

Ірына Сядова. Фота аўтара. (Працяг будзе)