Суббота, 15 февраля 2025

Сухопаль: храм на перасячэнні часоў і лёсаў. Частка 2

328

Патомны святар — гістарыёграф Сухопаля

Пажар 1895 года быў далёка не першым у гісторыі сухопальскіх цэркваў. А адлік часу існавання саміх храмаў пачаўся задоўга да таго, як прыбыў сюды святар Аляксандр Ражановіч. Многае пра гэта мы ведаем дзякуючы Васілю Балабушэвічу, патомнаму святару.

Васіль Паўлавіч нарадзіўся і вырас у Сухопалі, куды бацька яго прыехаў у 1851 годзе. На тыя часы дынастыі свяшчэннаслужыцеляў былі справай самай звычайнай. Таму лагічна, што сын праваслаўнага святара Паўла Балабушэвіча і ўнук уніяцкага святара з в. Горбанька Кобрынскага павета Васіля Балабушэвіча скончыў Пінскае духоўнае вучылішча і Літоўскую духоўную семінарыю. На гэтым спыняць адукацыю не стаў і паступіў у Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію, якую закончыў у 1880 годзе (дарэчы, на год пазней яе выпускніком стаў іншы выхадзец з Пружаншчыны, Платон Жуковіч, сын настаяцеля Аляксандра-Неўскага сабора Мікалая Жуковіча).

У 1885 і 1888 гадах гісторыя Сухопаля і Сухопальскага прыхода пад аўтарствам Васіля Балабушэвіча друкавалася ў «Літоўскіх епархіяльных ведамасцях». У тым жа 1888 годзе ў Віленскай губернскай друкарні выйшла кніга «Сяло Сухопаль. Царкоўна-гістарычнае апісанне», дзе падрабязна расказваецца пра тутэйшыя мясціны, пачынаючы з XVII стагоддзя. Адзінае, чаго не хапае ў выданні, дык гэта фотаздымкаў, якімі сённяшнія аўтары-дакументалісты прывыклі шчодра ілюстраваць свае творы. Таму мы, на жаль, не зможам на свае вочы пабачыць, як выглядала самая першая царква ў Сухопалі, пабудаваная… А калі, дарэчы, пабудаваная?

Узгадаем год 1680

Першыя ўпаміны пра Сухопаль адносяцца да 1641 года: з «Ардынацыі каралеўскіх пушчаў у лясніцтвах былога ВКЛ», складзенай у тым годзе, бачна, што ўжо існавалі і вёска, і аднайменны фальварак. Спачатку яны належалі да Шарашоўскага прыхода, а калі колькасць насельніцтва ўзрасла, каралеўскія камісары далі дабро на пабудову новага храма і адпаведна ўтварэнне Сухопальскага прыхода. Дакумент быў падпісаны 14 жніўня 1680 года. Несумненна, што ў 1700 годзе храм ужо стаяў, але чамусьці законную сілу пабудова набыла толькі праз чатыры гады, згодна з граматай караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІ ад 15 ліпеня 1704 года.

Зразумела, што сухопальская царква была ўніяцкай. Васіль Балабушэвіч піша, што яна стала другой па старажытнасці ў наваколлі пасля Шарашоўскай Прачысценскай, якая атрымала фундуш Івана Абрамовіча ў 1517 годзе (самая бліжэйшая мураўская атрымала фундуш і прывілеі ў 1754-м, ляўкоўская — у гэтым жа годзе, котранская — у 1739-м, а раней і Мурава, і Ляўкі, і Котра ўваходзілі ў Сухопальскі прыход).

Вось апісанне першай царквы, узведзенай на пнях ад зрубленых дрэў, якое адносіцца да 1748 года: «Царква драўляная, брусчатая, аднакупальная, з трыма жалезнымі крыжамі наверсе. Крытая драніцамі. Дзве дзверы, шэсць вокнаў. Пабудавана ў памяць Узвіжання Чэснага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга». Побач з царквой стаяла таксама драўляная, з сасновага бруса, званіца з чатырма званамі.

На гэты час у прыход, акрамя Сухопаля, уваходзіла 15 вёсак: Хвалава, Хідры, Дзедаўка, Белавежа, Роўбіцк, Прыкалесь, Галены, Клетнае, Радзецк, Рудня, Бабіна Гара, Боркі, Тушэмля, Немержа, Ціхаволя. Як бачна з назваў, частка населеных пунктаў цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы.

Усяго ў спісах спавядальнікаў за 1759 год было 583 чалавек з 251 двара. Самымі шматлікімі па колькасці ўніяцкіх вернікаў з‘яўляліся Хвалава, Роўбіцк і Галены, а ў самім Сухопалі прыхаджане былі толькі з 16 сямействаў (двароў).

Праз дзясятак гадоў яшчэ некалькі вёсак «выбылі» з прыходу, калі займелі свае храмы, а некалькі іншых, наадварот, дадаліся, у тым ліку і Крыніца. Святаром з 1769 года стаў Феліцыян-Піліп Хацэвіч, якога называлі адным з самых талковых і дзейных настаяцеляў уніяцкага перыяду. Ён шмат зрабіў для ўзвышэння старога храма. На яго ж плечы ляглі і клопаты па будаўніцтве новага пасля пажару.

Так-так, прыкладна ў 1781-м або напачатку 1782 года царква згарэла з усім начыннем. Да таго часу будынак быў ужо трухлявым, тым не менш, тут заўсёды збіралася шмат людзей, якія ішлі пакланіцца мясцова шануемай іконе Божай Маці, пра з‘яўленне якой існуе паданне.

Месца храма выбрала сама Маці Божая?

Ужо ў ХІХ стагоддзі гісторыю гэтую расказвалі па-рознаму. Пры тым адну з версій хутчэй можна аднесці да катэгорыі містычных, другая ж — больш натуральная, хоць абедзве пераклікаюцца паміж сабой.

Згодна з містычным паданнем, ікона цудоўным чынам з‘явілася ва ўрочышчы Лазкі.

Паводле іншай, казак, што ехаў праз лес (на месцы Сухопаля на той час гэта яшчэ была лясная варта з трыма дамамі), спыніўся тут пераначаваць. Кладучыся спаць, памаліўся перад іконай Прасвятой Багародзіцы, што ратавала яго ў розных бітвах, і павесіў яе на дрэва. Раніцай жа ў спешцы забыў забраць, а калі вярнуўся, не змог знайсці нават месца свайго начлегу.

Абраз убачылі на дрэве мясцовыя сяляне, з ушанаваннем перанеслі яго ў паселішча. А калі аказалася, што ад яго зыходзяць міласці, звярнуліся да ўлад з просьбай дазволіць будаўніцтва царквы. Так у маленькім Сухопалі і з‘явілася царква. Участак зямлі, дзе яна была пабудавана, у старажытнасці зваўся казакоўскім.

У любым выпадку атрымліваецца, што сама Багародзіца выбрала месца, дзе будзе знаходзіцца яе выява.

З самага пачатку існавання храма сухопальская ікона Божай Маці стала прадметам ушанавання не толькі ўніяцкімі вернікамі, але і каталікамі. Па серадах, у дзень, калі быў знойдзены абраз, у царкве чытаўся акафіст Прасвятой Багародзіцы, а на Багародзічныя святы сцякаліся багамольцы з усіх куткоў.

Шматлікія гісторыі цудоўных вылячэнняў, выратаванняў людзей, якія звярталіся па заступніцтва да сухопальскай Божай Маці, запісваліся ў спецыяльную кнігу, заведзеную Хацэвічам. Напрыклад, адзін з запісаў сведчыў пра яе дапамогу жыхарам Хвалава падчас нейкай эпідэміі.

І вось гэтая святыня аказалася страчанай падчас пажару 1782 года! Ды толькі старому пастуху па прозвішчы Казакевіч прысніўся сон. Згодна з ім, ён пачаў раскопваць зямлю на пажарышчы ў месцы, над якім знаходзілася ікона, — і знайшоў яе, толькі крыху абгарэлую. Адразу была пабудавана капліца, куды змясцілі святыню.

Папа Рымскі і яго прывілей

Будаўніцтва новай царквы пачалі ў 50 сажанях (прыкладна 100 метрах) да паўднёвага ўсходу ад пажарышча: на думку прыхаджан, старое месца нечым Божай Маці не спадабалася. Будоўля вялася пад кіраўніцтвам простага селяніна з вёскі Шчарчова, імя якога не ўвайшло, на жаль, у аналы гісторыі.

Ніякіх грошай фундатарамі не выдзялася, бясплатнай была толькі пушчанская драўніна, таму чакалася, што цэркаўка стане такой жа маленькай і беднай, як была папярэдняя.

Але ж нечакана дапамог… сам Папа Рымскі. Ці то сувязі ў святара Піліпа Хацэвіча былі моцныя, ці то пашанцавала сухопальцам: па прадстаўленні будучага кардынала Стэфана Борджыа Пій VI надзяліў царкву асаблівым прывілеем. Поўная індульгенцыя — адпушчэнне грахоў абяцалася ўсім багамольцам, якія наведаюць богаслужэнне ў адно з Багародзічных святаў, паспавядаюцца і прычасцяцца. А тым, хто паўдзельнічае ў службе ў сераду, давалася індульгенцыя на 100 дзён.

І рушылі ў Сухопаль багамольцы, нягледзячы на тое, што службы вяліся ў цеснай капліцы. За кошт ахвяраванняў за сем гадоў і пабудавалі новую царкву: з драўлянага бруса, але на мураваным падмурку, з гонтавым дахам, 12-цю вокнамі і чатырма дзвярыма. Храм-карабель меў велічны выгляд, паміж двума высокімі пафарбаванымі яго купаламі быў трэці невялікі са звонам-сігнатуркай. Побач з ім узвялі і званіцу з пяццю званамі.

Храм пабудавалі ў 1789-м, а асвяцілі ў 1791 годзе. Зразумела, галоўнай святыняй тут заставалася мясцова шануемая ікона Божай Маці, размешчаная ў галоўным алтары і закрытая заслонай у выглядзе Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Праз некалькі гадоў была набыта і часцінка Дрэва Крыжа Гасподняга.

Абедзьве гэтыя святыні заставаліся аб‘ектамі пакланення ажно да пажару 1895 года. На жаль, падчас яго яны былі страчаны канчаткова, хаця сярод уцалелай маёмасці здолелі знайсці копію шануемай іконы Прасвятой Багародзіцы, якая ў 1903 годзе і была перанесена ў новапабудаваную царкву. Яшчэ праз 120 гадоў у Сухопальскім храме засталася толькі копія з копіі мясцовай святыні.

Ірына СЯДОВА. (Заканчэнне будзе).