Саксонскае войска і Францішак Карпінскі былі тут…
Не толькі пажары, але і войны, і шматлікія бедствы, на якія так багата была наша гісторыя, пакінулі свой след на сухопальскай зямлі. У 1812 годзе, падчас руска-французскай вайны, тут не было буйных сутычак накшталт бітвы каля Гарадзечна і Паддубна, але праз Сухопаль прайшлі і разрабавалі яго саксонскія войскі корпуса генерала Рэнье. Мясцовыя жыхары імкнуліся схаваць сваю маёмасць на званіцы, але варожыя салдаты і тут «пагаспадарылі», нават знялі са святара новыя боты. Ды сам храм усё ж не кранулі. З аднаго боку, верагодна, паўздзейнічалі ўгаворы мясцовага памешчыка-арандатара Энгельгардта, з другога — цудатворны абраз Прасвятой Багародзіцы, якую пабаяліся пакрыўдзіць.
Царква на тыя часы была, зразумела, уніяцкай. Святара Піліпа Хацэвіча яшчэ ў 1801 годзе змяніў Сільвестр Пяроцкі, які хоць і не быў такім энергічным гаспадаром, як яго папярэднік, але клапатлівым і добрым чалавекам.
Дарэчы, айцец Сільвестр сябраваў з паэтам Францішкам Карпінскім, які з канца XVIII стагоддзя арандаваў фальварак у Красніку і імкнуўся стварыць тут гаспадарку будучыні, дзе людзі адчувалі б сябе роўнымі адзін аднаму. Пасля разрабавання маёнтка падчас вайны 1812 года Карпінскі некалькі гадоў жыў у Мураве. Можна меркаваць, што яго паэтычныя творы, яго ідылічны светапогляд нейкім чынам уплывалі на розумы мясцовых жыхароў. Але дарэмна мы будзем шукаць сентыментальны надпіс на камяні ці старым дрэве «Тут быў…» А шкада: як цікава было б паказваць яго турыстам.
Сухопальскі арган загучаў у Пружанах
Сільвестр Пяроцкі, які пайшоў з жыцця ў 1831 годзе і быў пахаваны ў прыходскай царкве, з‘яўляўся перакананым уніятам і ў такім жа духу выхаваў свайго сына і пераемніка Сільвестра Пяроцкага-другога. Дух духам, але якраз у 1830-х гадах пачаўся паступовы пераход богаслужэнняў у Сухопалі да праваслаўнага канону. У 1835 годзе ў царкве з‘явіўся іканастас, а яшчэ праз год тут разабралі і прадалі пружанскаму касцёлу арган.
Пяроцкага-малодшага характарызавалі як добрага суразмоўцу, разумнага і начытанага чалавека, які ў той жа час не вельмі дбайна ставіўся да службовых рэгламентаў. Нягледзячы на канчатковы пераход у праваслаўе, ён карыстаўся польскай мовай і з цяжкасцю мог распісацца па-руску. І толькі дзякуючы з‘яўленню ў 1851 годзе памочніка, Паўла Балабушэвіча, які ўзяў на сябе многія абавязкі настаяцеля, прыходскія справы ішлі паспяхова.
Сяброўства на крыві
Разгарэлася паўстанне пад кіраўніцтвам Каліноўскага, у якім «крайнімі» часта аказваліся праваслаўныя святары. Адным з тых, хто бязвінна загінуў у 1863 годзе ад рук паўстанцаў, стаў настаяцель Котранскай царквы Раман Рапацкі. Нагадаю, што дзясятак гадоў таму артыкул пра яго з‘явіўся на старонках «раёнкі». Тады нашай невялікай краязнаўчай групе ўдалося адшукаць на Пескаўскіх могілках падмурак капліцы, некалі ўзведзенай на месцы пахавання мучаніка-святара. Па ініцыятыве настаяцеля пружанскага Спаса-Праабражэнскага храма протаіерэя Ігара Мрыхіна намаганнямі яго добраахвотных памочнікаў — прыхаджан гэтага ж храма — тут быў устаноўлены памятны знак.
Дык вось, аказваецца, Павел Балабушэвіч сябраваў з Раманам Рапацкім і аказваў пасільную дапамогу суседу, прыход якога быў бедным і малалюдным. У адказ атрымліваў добрыя парады і практычную дапамогу па пчалярстве.
Пасля гібелі айца Рамана менавіта Паўла Балабушэвіча выбрала сям‘я ў якасці апекуна чацвярых малалетніх сірат. Айцец Павел і сам цудам застаўся ў жывых: ён знаходзіўся пад пільным наглядам мясцовага памешчыка-паляка і за сваю адмову падтрымаць паўстанцаў атрымаў некалькі ананімных папярэджанняў. Таму вымушаны быў нават перыядычна хавацца ў хлявах сялян, каб пазбегнуць смерці.
Павел Балабушэвіч. Святар і настаўнік
Звесткі пра жыццё і дзейнасць Паўла Балабушэвіча нядаўна былі сабраны настаяцелем пружанскага Свята-Аляксандра-Неўскага сабора протаіерэем Міхаілам Носкам у нарыс, з якім можна пазнаёміцца ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Засіма.
У прыватнасці, з яго мы даведаліся, што ў 1860 годзе намаганнямі айца Паўла ў Сухопалі з‘явілася першая ў акрузе царкоўна-прыходская школа, якая праз два гады была пераўтворана ў міністэрскае народнае вучылішча. Варта адзначыць, што 25 гадоў, чвэрць стагоддзя, Павел Балабушэвіч не толькі выкладаў тут Закон Божы, але і заставаўся нязменным настаўнікам іншых дысцыплін. Падчас інспекцыі, праведзенай у 1887 годзе, было адзначана, што навучальна-выхаваўчы працэс наладжаны вельмі добра, а вучылішча характарызавалася як адно з лепшых.
Паданне пра зніклую царкву. Ці быль?
Падобных аповедаў пра Сухопальскі прыход і людзей, чые лёсы перасякліся з ім, можна расказаць мноства. Але, напэўна, больш за ўсіх іх ведае настаяцель Свята-Крыжаўзвіжанскага храма протаіерэй Віталій Навасад, які служыць тут з 1994 года.
Ён і падзяліўся сваімі ведамі, але з агаворкай, што нямала белых плямаў застаецца ў мясцовай гісторыі. Узяць хаця б час з‘яўлення першага храма. Афіцыйна па дакументах — 1680 год, але мясцовыя старажылы расказваюць паданні пра яшчэ больш старажытную царкву, якая стаяла на месцы вадаёма ў цэнтры аграгарадка, насупраць сённяшняга велічнага храма. Аднойчы зямля паглынула яе і на гэтым месцы пачала біць крыніца.
— Калі я толькі прыехаў у Сухопаль, у гэтай сажалцы сапраўды крыніца біла. Вада — чысцюткая, нават ракі вадзіліся. Некалі, кажуць, паломнікі на каленях паўзлі да крыніцы і набіралі ваду. А на месцы з‘яўлення іконы Божай Маці ў Лазках за Акольнікам утварыўся вялізны кар‘ер, нібы таксама пад зямлю там нейкая капліца абрынулася, — разважае настаяцель.
На думку айца Віталія, якую падтрымлівае і малады святар Ігнацій, яго сын, які прыехаў у адпачынак з Расіі, гэта сведчыць пра больш ранняе паходжанне Сухопаля і з‘яўленне тут дрэўлеправаслаўнага храма яшчэ да ўніяцкіх часоў. Перанясенне сюды мясцова шануемай іконы толькі пацвярджае існаванне тут хоць невялічкай царквы: навошта інакш было перамяшчаць абраз Багародзіцы, а не будаваць храм на самім месцы знаходкі?
Мы любуемся неверагодна прыгожымі фрэскамі і роспісамі на сценах і столі храма, які ніколі не закрываўся пасля сваёй пабудовы. Аказваецца, яны існавалі не з часу будаўніцтва, а былі зроблены намнога пазней. А вось прыгожа аформленыя печкі з мудрагелістай сістэмай цеплаабмену верай і праўдай праслужылі з 1903 года.
Павіншаваў і блаславіў Епіскап Іаан
Сёлетні год стаў юбілейным для сухопальскага храма. У верасні, напярэдадні свята Узвіжання Крыжа Гасподняга ў Сухопалі адзначалася 120-годдзе яго асвячэння. Урачыстае богаслужэнне правёў Епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан у саслужэнні святароў раёна. Уладыка павіншаваў і блаславіў вернікаў, пад спевы «Аксіёс! Дастойны!» уручыў Падзякі за старанную працу дзеля Святой Царквы, а таксама Юбілейныя граматы ў гонар 30-годдзя Брэсцкай епархіі.
Шматлюдна было ў гэты дзень у храме, узнёсла і стройна гучалі галасы пеўчых. Але, дарэчы, мясцовы хор заўсёды вылучаўся прыгожым і выразным выкананнем спеваў. На гэта звярнула нашу ўвагу прыхаджанка Вера Аляксандраўна, якая спецыяльна прыязджае ў Сухопаль, бо тут «вельмі зразумела і хораша служаць». Ці гэта не вышэйшая адзнака?
Ірына Сядова. Фота аўтара і з сайта Брэсцкай епархіі