Мне часта даводзіцца выступаць на старонках «раёнкі» у якасці пракурора, расказваючы пра тыя ці іншыя правапарушэнні нашых грамадзян. Але сёння — іншая нагода, светлая: набліжаецца вялікае свята — 9 Мая. І мне хочацца зняць свой сіні мундзір, які цьмянее перад гімнасцёркамі нашых слаўных чырвонаармейцаў, і проста расказаць пра двух маіх сямейных герояў, якія ўнеслі сваю лепту ў Вялікую Перамогу.

Андрэй Максімавіч Парфянюк
Дарагі мой прадзед нарадзіўся ў 1903 годзе ў в. Новыя Задворцы Брэсцкага павета на той момант Гродзенскай губерні. Спазнаў усе нягоды сялянскага побыту, з малых гадоў дапамагаючы бацькам працаваць у полі ад цямна да цямна. Здавалася б, сям’я пачала паціху станавіцца на ногі, як пачалася Першая сусветная вайна… Мае родныя вымушаны былі ўцякаць ад голаду і смерці ў Расію.
Спачатку аселі ў г.Нара-Фамінску, пад Масквой. Але пазней, магчыма, калі пачаліся рэвалюцыйныя віхуры ў грамадстве, перабраліся далей ад Масквы — у г. Данкоў Разанскай губерні, дзе прадзядуля скончыў чатыры класы мужчынскай пачатковай школы. Далей вядома толькі тое, што яго бацькі памерлі ў Расіі, а ён разам з братам Якавам вярнуўся на радзіму і стаў зарабляць на жыццё сталярніцтвам.
Неўзабаве на танцах сустрэў сваё каханне, Наталлю з суседняй вёскі — і сталі яны, як кажуць, жыць-пажываць ды дабра нажываць. Сама Наталля Сямёнаўна была родам з Ровенскай вобласці. Як яна апынулася на Брэстчыне, ніхто з родных не ведае, застаецца толькі меркаваць.
У 1930 годзе ў Парфенюкоў нарадзіўся першынец, якога назвалі Сяргеем, праз два гады — сын Яўген. Бацькі прыкладалі ўсе намаганні, каб дзеці выраслі здаровымі, працавітымі і шчаслівымі. Але іх пакаленню не наканавана было спазнаць усю глыбіню шчасця.
Так пачалася вайна
Пра тое, што набліжаецца нешта страшнае, людзі ў вёсцы пачалі пагаворваць задоўга да лета 1941 года… У ноч на 22 чэрвеня жыхары Новых Задворцаў прачнуліся ад жудасных крыкаў: «Пачалася вайна!» Калі родныя выбеглі на вуліцу, то ўбачылі над Брэстам пунсовае зарыва…
Літаральна ў першыя дні вайны ў Маларыцкім раёне, у Раматоўскіх лясах, пачаў утварацца партызанскі атрад, папоўніць які вырашылі многія мужчыны з Задворцаў і суседніх з імі вёсак.
Андрэй Максімавіч застаўся ў вёсцы разам з сям’ёй, каб дапамагаць партызанам, забяспечваючы іх прадуктамі і важнай інфармацыяй: паколькі да вайны працаваў на чыгунцы, добра ведаў усе шляхі і развілкі. Таксама вядома, што прадзядуля збіраў зброю і хаваў у хляве пад гноем, а пазней перадаваў партызанам.
З асабовага лістка па ўліку партызанскіх кадраў:
«Андрэй Парфянюк, будучы сувязным, даставіў у атрад 2 тысячы патронаў, 5 штук гранат, 5 вінтовак і пісталет».
Аднойчы прадзед змог дастаць шмат мёду, каб аддаць партызанам, але быў схоплены гітлераўцамі і трапіў у Брэсцкую турму. Неўзабаве яго цесць Сямён выкупіў Андрэя Максімавіча за свінню — і таго адпусцілі.
Але знаходзіцца далей у вёсцы ўжо было небяспечна: мясцовы солтыс папярэдзіў, што за сям’ёй Парфенюкоў будуць пільна сачыць, бо іх западозрылі ў сувязях з партызанамі.
Партызанскімі сцежкамі
На сямейным савеце было прынята рашэнне сысці ўсёй сям’ёй у партызанскі атрад. У адзін з дзён селі Парфенюкі на воз (не ўзялі з сабой нічога з рэчаў і ежы, каб не выклікаць падазрэння) і выехалі з вёскі. Сказалі паставым, што едуць у горад па прадукты, але, праехаўшы крыху па дарозе, рэзка звярнулі ў лес…
У атрадзе, які насіў імя Міхаіла Фрунзе, майго прадзеда прызначылі начальнікам так званага «сямейнага атрада». Яго сыну Сяргею было толькі 11 гадкоў, а Яўгену – таго менш. Але хлопчыкі добра дапамагалі: хадзілі ў разведку, высочвалі, дзе стаяць немцы, колькі ў іх зброі і г.д. — і дакладвалі камандзіру. Маленькаму Яўгену, прабачце за падрабязнасці, да палавых органаў прычаплялі на нітачцы цыдулкі з сакрэтнай інфармацыяй, якія той павінен быў перадаваць у іншыя атрады. Прабабуля разам з іншымі жанчынамі адказвала за харчаванне і добраўпарадкаванне лагера. А прадзядуля… пускаў пад адхон варожыя цягнікі.
Партызаны вымушаны былі часта мяняць месца дыслакацыі, пераходзілі балоты, пераплывалі цераз рэкі разам з коньмі і фурманкамі. І так працягвалася да 1944 года.
1944 год
Лінія фронту з цяжкасцю рухалася з усходу на захад. Калі ва Украіне немцы неслі цяжкія страты ў ланцугу «катлоў», то пры спробе прарвацца ў напрамку Мінска зімой 1943-1944 гадоў поспехі Чырвонай Арміі былі больш сціплымі. Цяжка было і партызанам.
З даведкі Штаба партызанскіх атрадаў Брэсцкага злучэння, датаванай 7 студзеня 1944 года, мы даведаліся, што «жонка партызана атрада імя Фрунзе Наталля Сямёнаўна Парфянюк разам з сынамі Сяргеем і Яўгенам была эвакуіравана ў тыл савецкіх войскаў».

Прабабуля з сынамі вярнулася на радзіму толькі пасля вызвалення Брэста, у жніўні 1944 года. І да жаху свайго выявіла, што вёска Задворцы спалена, у ёй ацалелі толькі тры дамы, адзін з іх — дом Парфенюкоў. У гэтыя дамы перасяліліся пагарэльцы — людзі з дзецьмі… Так разам і пачалі чакаць перамогі.
Дарогамі вайны
Прадзядуля працягваў граміць ворага. Дзякуючы дакументам, знойдзеным у інтэрнэце на «пошукавых» сайтах, удалося аднавіць ваенную канву радавога Парфенюка.
1 мая 1944 года Андрэй Максімавіч быў прызваны ў Чырвоную армію Карасінскім райваенкаматам на Ровеншчыне, дзе базіраваліся ў той час рэшткі партызанскага атрада.
Служыў у 1293 стралковым (пазней — Чырванасцяжным) палку 160 стралковай дывізіі 70 арміі Першага Беларускага фронту. Удзельнічаў у баях пры фарсіраванні рэк Прыпяць і Буг, атрымаў па-дзяку за ўдзел у вызваленні горада Брэста.
Дывізія неадступна пераследавала ворага. Дагнаўшы праціўніка ў ноч на 22 жніўня ў раёне Малаполя, Хайентаў і фальварка Якторы, часці дывізіі пачалі баі за вызваленне гэтых населеных пунктаў. Сярод першых у сяло Малаполе ўварваўся Андрэй Парфянюк і агнём з ручнога кулямёта расчышчаў шлях для руху нашай пяхоты, пры гэтым забіў сем нямецкіх салдатаў і афіцэраў.
Падчас контратакі танкаў і аўтаматчыкаў праціўніка прадзядуля са сваім аддзяленнем адсек аўтаматчыкаў ад танкаў і, ведучы кулямётны агонь, спрыяў адбіццю контратакі праціўніка, пры гэтым забіў дванаццаць гітлераўцаў. У той жа дзень Андрэй Максімавіч атрымаў цяжкае скразное кулявое раненне левага сцягна.
З загада часцям 160 дывізіі ад 26 верасня 1944 года:
«Ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання і праяўленую мужнасць узнагародзіць ордэнам Славы III ступені каман-дзіра аддзялення стралковай роты 2 стралковага батальёна Парфенюка Андрэя Максімавіча».
Узнагароды героя
Пасля працяглага лячэння ў шпіталі ардэнаносец нарэшце вярнуўся дадому. Аднак на гэтым узнагародная эпапея для яго не скончылася.
Згодна з узнагародным лістом ад 28 красавіка 1945 года, падпісаным брэсцкім ваенкамам, інваліда Вялікай Айчыннай вайны II групы, былога стралка прадставілі да ўрадавай узнагароды — медаля «За адвагу». Ваенны савет фронту (акругі) 6 чэрвеня 1945 года вынес заключэнне: «Годны…».
Калі менавіта прадзядуля быў узнагароджаны, невядома, але з копіі пасведчання да медаля «За адвагу» (за № 3377293) ад 1 ліпеня 1947 года, падпісанага сакратаром Прэзідыума Вярхоўнага Савета, мы даведаліся, што гэта было не пазней снежня 1945 года.
Акрамя таго, дзякуючы атрыманай копіі яшчэ аднаго пасведчання, нам стала вядома, што Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 9 мая 1945 года Парфянюк Андрэй Максімавіч быў узнагароджаны медалём «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў». Узнагарода знайшла свайго героя праз год: ад імя Прэзідыума яе ўручыў 1 красавіка 1946 года брэсцкі ваенкам.
Мірныя гады. Адраджэнне
Мой прадзядуля паказаў сябе не толькі мужным салдатам, але і цудоўным сем’янінам і гаспадаром. Нягледзячы на сваю інваліднасць, ён актыўна займаўся аднаўленнем вёскі. Рашэннем сельскага Савета быў прызначаны старшынёй калгаса і нават абіраўся дэпутатам ад Брэсцкага раёна, неаднаразова ездзіў на з’езды ў Маскву.

Мой дзядуля Уладзімір (малодшы сын Андрэя Максімавіча, які нарадзіўся ў 1947 годзе) расказваў, што яго бацька быў вельмі справядлівым, прыстойным чалавекам і меў добрыя арганізатарскія здольнасці, за што карыстаўся аўтарытэтам у аднавяскоўцаў.
Што асабліва паказальна, прадзядуля, хоць і быў інвалідам, ніколі не карыстаўся ніякімі льготамі. Наадварот, заўсёды адмаўляўся ад іх, заяўляючы, што яму ніякія прэферэнцыі не патрэбны, маўляў, ён проста выконваў свой грамадзянскі абавязак па абароне сваёй Радзімы.
Ён усё сваё жыццё проста выконваў абавязак: перад Радзімай, перад сям’ёй, перад людзьмі. І сёння мы — яго шасцёра ўнукаў і сямёра праўнукаў — проста ім ганарымся.
Канстанцін Сяргеевіч Атава
Ёсць у нашым родзе яшчэ адзін герой, пра якога, на жаль, нам вельмі мала вядома, нават фота няма. Але памяць аб ім мы таксама беражліва захоўваем. Гэта мой стрыечны прапрадзед Канстанцін Сяргеевіч Атава.
Ён нарадзіўся ў 1912 годзе ў сяле Шыповічы, што на Кобрыншчыне. Прызываўся ў рады Чырвонай арміі ўжо пасля вызвалення Беларусі — 28 жніўня 1944 года. У складзе падраздзялення 871 лёгкага артылерыйскага палка (ЛАП) прымаў удзел у баях па вызваленні Усходняй Прусіі.
З загада па 871 ЛАП (па асабовым складзе) ад 31 студзеня 1945 года:
«Ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за выдатнае выкананне заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым гераізм і мужнасць узнагародзіць медалём «За адвагу» зброевага 5 батарэі чырвонаармейца Атаву Канстанціна Сяргеевіча за тое, што ён у баі 21 студзеня 1945 года пад агнём праціў-ніка двойчы дастаўляў данясенні ад камандзіра батарэі камандзіру дывізіёна, нягледзячы на абстрэл, праяўляючы пры гэтым адвагу і мужнасць».
Вядома, што 4 лютага 1945 года прапрадзядуля Канстанцін атрымаў цяжкае раненне: вялікім асколкам яму адарвала левую і правую голені. З поля бою яго на руках выносіў родны брат Іван.

Памёр прапрадзядуля ў палявым шпіталі 5 лютага 1945 года. Па некаторых дадзеных, быў пахаваны ў г. Рызенбург (цяпер – Прабуты, Паморскае ваяводства РП). Пазней быў перапахаваны ў вялікай брацкай магіле пасёлка Сеўскае Праўдзінскага раёна Калінінградскай вобласці. Помнік на магіле ўяўляе сабой збудаванне вышынёй чатыры метры ў выглядзе двух штыкоў, выкананых з бетону. Сярод 441 імя, выбітага на пліце воінскага пахавання, значыцца і радавы Атава Канстанцін…
Вераніка Манец