Вторник, 13 мая 2025

Сувязь паміж гарадамі, краінамі і нават пакаленнямі

700

Калі ідзе гаворка пра «Белтэлекам», то практычна ўсе беларусы, у тым ліку і жыхары Пружаншчыны, узгадваюць стацыянарную тэлефонную сувязь, хуткі інтэрнэт і нават інтэрактыўнае тэлебачанне. Аднак, як сцвярджае начальнік Пружанскага цэха электрасувязі Аляксандр Валынскі, гэта самы акраец ад таго вялікага аб’ёму паслуг, якія аказвае сёння «Белтэлекам».

— Разам з ранейшымі ў апошнія гады з’явіліся параўнальна новыя віды паслуг. Напрыклад, «Відэакантроль» дазваляе забяспечыць кантроль і бяспеку; паслугі падпіскі да сэрвісных платформ, такіх як Okko, Wink, Прэм’ер і Яндэкс Плюс даюць магчымасць глядзець любімыя фільмы і тэлесерыялы. А яшчэ абаненты могуць праз інтэрнэт набыць у кампаніі «Белтэлекам» тавары, тэхніку з пераліку ў 300 найменняў, а супрацоўнікі кампаніі гатовы аказаць садзейнічанне ў дастаўцы заказу дадому. У юрыдычным сектары аказваюцца паслугі па стварэнні і абслугоўванні лакальных вылічальных сетак, воблачных АТС, відэаканферэнцсувязі і многае іншае.

— Неверагодна, здаецца, што і гэтага хопіць на будучыя дзесяцігоддзі!

— Магчыма для некага і так, але гэта не наша палітыка і нават вытворчыя прынцыпы, якія падштурхоўваюць нас да руху наперад.
Для павышэння якасці, пашырэння спектру аказваемых паслуг кампанія «Белтэлекам» увесь час праводзіць работу па мадэрнізацыі, рэканструкцыі і замене станцыйных і лінейных збудаванняў сувязі, пракладку валаконна-аптычных ліній сувязі (ВАЛС) да абанентаў. У Пружанскім раёне практычна да ўсіх шматкватэрных дамоў падведзены ВАЛС, якія дазваляюць падаць паслугі доступу да сеткі Інтэрнэт па тэхналогіі GPON (гігабітная пасіўная аптычная сетка) на хуткасці да 500 Мбіт/сек, а ў перспектыве — да 1 Гбіт/сек. Вядуцца работы і ў індывідуальным сектары забудовы. Да канца 2025 года плануем пабудаваць лініі амаль да ўсіх прыватных дамоў райцэнтра і да ўсіх абанентаў у г.п. Шарашэва. У планах на 2026 год будаўніцтва ВАЛС у аг. Лінова, вёсках Мокрае, Казлы і індывідуальнай забудове г.п. Ружаны. Варта адзначыць, што пры будаўніцтве ліній сувязі ўсе выдаткі на сябе бярэ кампанія «Белтэлекам», а абанентам застаецца абраць тарыф і карыстацца нашымі паслугамі.

— Ці хопіць сіл і сродкаў рэалізаваць задуманае?
— Наш Пружанскі цэх электрасувязі складаецца з лінейна-тэхнічнага ўчастка, станцыйнай групы і спецыялістаў сэрвіснага цэнтра. Для аператыўнасці рашэння пастаўленых задач маюцца асобныя брыгады ЛТУ ў г.п. Ружаны і Шарашэва. У задачы цэха ўваходзяць рамонт і абслугоўванне лінейных і станцыйных збудаванняў сувязі, ухіленне пашкоджанняў і аварый на сетках і збудаваннях сувязі, афармленне і падключэнне паслуг абанентам, дастаўка тавараў і іншае.
З імі паспяхова спраўляюцца 50 работнікаў, большасць маюць немалы стаж працы і велізарны досвед. Ёсць і моладзь, якая, нягледзячы на свой невялікі стаж, паказвае добрыя вынікі. Сярод лепшых з лепшых адзначу электраманцёраў Дзмітрыя Хвастова, Віктара Муху, інжынераў Алега Нупрэйчыка, Дзмітрыя Багданава, а таксама нашага маладога спецыяліста Аляксандра Зелянеева.

— Аляксандр Мікалаевіч, пагаджуся, што ўвесь Ваш калектыў заслугоўвае ўдзячных слоў, асабліва напярэдадні прафесійнага свята.
— Карыстаючыся магчымасцю, усіх віншую з Днём работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі, які мы адзначаем 7 мая. Жадаю ўсім нам творчых поспехаў у працы, здароўя, сямейнага шчасця і дабрабыту.
Таксама словы віншавання са святам адрасую ўсім пенсіянерам Пружанскага цэха, ветэранам галіны сувязі. Выказваю асаблівую ўдзячнасць, пашану і павагу, таму што без таго досведу, які ў свой час вы перадалі нам, мы цяпер не змаглі б дасягаць поспехаў у сваёй працы.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік