
14 чэрвеня традыцыйна ва ўсім свеце адзначалі Сусветны дзень донара крыві. Гэты дзень — чарговая падстава выказаць
удзячнасць людзям, якія становяцца добраахвотнымі донарамі крыві і яе кампанентаў. Донарская кроў — гэта не проста важкі ўклад у выратаванне жыццяў людзей, гэта ўпэўненасць, што існуе на свеце міласэрнасць, дабрыня, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля іншых.
Сёлета дзень донара практычна супаў з Днём медыцынскіх работнікаў, таму ў аддзяленні трансфузіялогіі Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы пануе асабліва прыўзняты настрой. Загадчык аддзялення Іван Сямашка шчыра віншуе невялікі калектыў работнікаў з двайным святам і сам прымае віншаванні.

Іван Іванавіч нагадвае, што ў аддзяленні за год робіцца прыкладна 1500 данацый крыві і 500 данацый плазмы. І многія жыхары Пружан прыходзяць сюды з пэўным пастаянствам, добраахвотна бяруць на сябе ганаровую місію донарства. Зразумела, з улікам медыцынскіх паказанняў для падобнай справы падыходзіць не кожны: улічваецца і стан здароўя, і перанесеныя хваробы, нават недастатковая вага можа стаць перашкодай на шляху да донарства. Таму такой каштоўнай і становіцца кожная кропля.
— Мы прывыклі параўноўваць каштоўнасць нечага з вагой золата, — зазначае старшая медсястра аддзялення Наталля Каляда. — Але, на мой погляд, варта казаць: «Каштоўны, як кропля крыві». Шмат існуе сітуацый, калі менавіта донарская кроў ці яе кампаненты становяцца адзінай магчымасцю выратаваць жыццё, вярнуць здароўе. Гэта вельмі яскрава разумеюць нашы пастаянныя донары. Дарэчы, звычайна пацыенты нават не ведаюць імёнаў сваіх выратавальнікаў.
Усяго на Пружаншчыне за перыяд існавання донарскага руху атрымала званні «Ганаровы донар БССР», «Ганаровы донар СССР», «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь» каля 400 чалавек. За апошнія 10 гадоў ганаровыя знакі атрымалі 68 донараў. Сёлета да іх дадаецца яшчэ адзін: жыхар в. Новыя Засімавічы Міхаіл Грышкевіч.
Міхаіл Грышкевіч — ваенны пенсіянер, але працягвае працаваць, як сам прызнаецца, дзеля таго, каб адчуваць сябе неабходным дзяржаве. Больш за два дзясяткі гадоў з‘яўляецца донарам, гэты шлях выбраў для сябе асэнсавана.

«А хто ж, калі не мы?» — шчыра адказвае Міхаіл Барысавіч на пытанне, чаму лічыць донарства справай свайго жыцця. — «Я служыў ва Узброеных Сілах, многае бачыў, ведаю цану міру і цану таварыскай дапамозе. Працу медыкаў лічу не менш, а магчыма, нават больш важнай, чым працу вайскоўцаў. Таму шмат гадоў здаю кроў, якая можа спатрэбіцца іншым».
Напярэдадні Сусветнага дня донара Міхаіл Грышкевіч атрымаў нагрудны знак адзнакі Міністэрства аховы здароўя «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь», які ўручыў загадчык аддзялення трансфузіялогіі Іван Сямашка. Віншаваў яго ўвесь калектыў аддзялення, і галоўнае пажаданне было: здароўя на доўгія гады.
Ірына СЯДОВА. Фота аўтара