Штогод 1 снежня ва ўсім свеце праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы ў рамках Сусветнай кампаніі супраць ВІЧ/СНІД, прымеркаваныя да Сусветнага дня барацьбы са СНІДам. Яго знак — чырвоная стужачка, якая вызначае падтрымку, спачуванне і надзею на будучыню без СНІДу. Тэма мерапрыемстваў гэтага года — «Лідарства — супольнасцям».

Супольнасці — гэта арганізацыі людзей, якія сутыкнуліся з ВІЧ ці знаходзяцца ў групе рызыкі. Яны злучаюць людзей з арганізацыямі аховы здароўя, усяляюць давер, аказваюць моцную псіхалагічную падтрымку.
Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, агульнасусветная колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ, у 2022 годзе склала 39 мільёнаў чалавек, з пачатку эпідэміі — 1988 года — ад злучаных са СНІДам хвароб памерла 40,4 мільёна чалавек.
У Рэспубліцы Беларусь за ўвесь перыяд эпідэміялагічнага назірання зарэгістравана 34 856 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. За апошняе дзесяцігоддзе самая вялікая колькасць новых выпадкаў рэгіструецца ва ўзроставай групе 35-49 гадоў, пераважае палавы шлях перадачы ВІЧ.
Брэсцкая вобласць па распаўсюджванні ВІЧ-інфекцыі знаходзіцца на пятым месцы з сямі адміністрацыйных тэрыторый Беларусі. На 1 лістапада сёлетняга года ў вобласці зарэгістраваны 2701 выпадак ВІЧ-інфекцыі, колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ, — 1939. За студзень-кастрычнік 2023 года захворванне засталося на ўзроўні аналагічнага перыяду мінулага года.
У Пружанскім раёне па стане на 1 лістапада 2023 года было зарэгістравана 58 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ, — 47. Сёлета выяўлены чатыры выпадкі ВІЧ-інфекцыі (за 10 месяцаў 2022 года — шэсць). Шлях перадачы ВІЧ-інфекцыі ва ўсіх выпадках палавы.
У рамках нацыянальных мер супраць пашырэння ВІЧ-інфекцыі рэалізуецца Дзяржаўная праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2021-2025 гады, у якой вызначаны заданні і шляхі дасягнення стратэгічнай мэты ЮНЭЙДС «95-95-95», уключаючы меры па ўцягненні ў праграмы лячэння ўсіх людзей, якія жывуць з ВІЧ, у тым ліку з ключавых груп насельніцтва, а таксама падтрыманне і пашырэнне навукова-абгрунтаваных мер прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі. Мы імкнёмся да дасягнення дадзеных паказчыкаў, і на 1 лістапада 2023 года ў Пружанскім раёне выяўлена 91,1% асоб, якія жывуць з ВІЧ, ад ацэнкавага ліку; 87,2% з якіх ведаюць пра свой дыягназ, атрымліваюць антырэтравіруснае лячэнне; нявызначаная вірусная нагрузка дасягнута ў 87,8% асоб, што прымалі тэрапію.
З чэрвеня 2022 года ў Брэсцкай вобласці ў рамках выканання дзяржаўнага сацыяльнага заказу Брэсцкай абласной арганізацыяй Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа» рэалізуецца праект «Аказанне медыка-сацыяльнай і паліятыўнай медыцынскай дапамогі на даму асобам, што маюць ВІЧ». Медыка-сацыяльная і паліятыўная дапамога ў рамках праекта аказваецца васьмі ВІЧ-інфіцыраваным асобам у Пінскім рэгіёне.
У нашай краіне створана сістэма, якая забяспечвае максімальную даступнасць да кансультавання і тэсціравання на ВІЧ-інфекцыю. Прайсці тэсціраванне, у тым ліку ананімнае, можна ў кожнай установе аховы здароўя, дзе ёсць працэдурны кабінет.
Створаны ўсе ўмовы для таго, каб свабодна купіць тэст у аптэцы і пратэставацца дома самастойна.
З 2018 года ў Беларусі маецца ўніверсальны доступ пацыентаў да антырэтравіруснай тэрапіі — такім чынам дзяржава гарантуе магчымасць лячэння ўсім людзям, якія жывуць з ВІЧ, незалежна ад стадыі хваробы і ўзроўню імунітэту.
На тэрыторыі Брэсцкай вобласці дапамога асобам, што адносяцца да груп вялікай рызыкі інфіцыравання ВІЧ (людзі, якія ўжываюць ін’екцыйныя наркотыкі (далей — ЛУІН); мужчыны, якія практыкуюць секс з мужчынамі; трансгендарныя людзі і інш.), ажыццяўляецца на базе дзяржаўных арганізацый аховы здароўя і недзяржаўных некамерцыйных арганізацый на бязвыплатнай аснове. Работа медыкаў вядзецца пры садзейнічанні арганізацыі «Пазітыўны рух», грамадскага аб‘яднання «Клуб дзелавых жанчын», РГА «Маці супраць наркотыкаў» і інш.
Штогод прафілактычнымі паслугамі па ВІЧ-інфекцыях ахопліваецца больш за 9000 чалавек. Пры садзейнічанні супольнасцяў за 2022 год у вобласці выяўлена 14 ВІЧ-станоўчых асоб, за мінулы перыяд 2023 года — 17.
1 снежня на Брэстчыне інфармацыйна-асветніцкія мерапрыемствы будуць праходзіць як у традыцыйных фарматах, такіх як акцыі, ток-шоў, выступленні, так і ў сучасных, з выкарыстаннем інтэрнэт-прасторы, флэшмобаў, конкурсаў і выстаў работ з дэманстрацыяй асабістага стаўлення да праблемы і прапаноў па павышэнні эфектыўнасці прафілактычнай работы, недапушчэнні дыскрымінацыі ў дачыненні да людзей, якія жывуць з ВІЧ. Далучайцеся да нас у правядзенні Сусветнага дня барацьбы са СНІДам!
Анастасія Браніцкая, урач-эпідэміёлаг РЦГіЭ