Среда, 22 марта 2023

Сустрэліся з гульцамі пружанскіх «Кітоў» і даведаліся, як пачыналіся іх love story

708

У хакей гуляюць сапраўдныя мужчыны — усім даўно вядомы факт. Таксама бясспрэчнай ісцінай з’яўляецца сцвярджэнне, што за спінай сапраўднага мужчыны часцей за ўсё стаіць клапатлівая, верная, надзейная жанчына. Напярэдадні Дня ўсіх закаханых мы сустрэліся з гульцамі пружанскіх «Кітоў» і даведаліся, як пачыналіся іх love story.

Валянцін і Алёна Сіцянковы: «Адносіны будуем спакойна і ўпэўнена»

14 лютага для гэтай пары з’яўляецца сапраўды асаблівым днём і змяшчае ў сабе ажно тры нагоды для святкавання: дзень нараджэння Валянціна, Дзень усіх закаханых і дзень, калі мужчына адважыўся зрабіць прапанову рукі і сэрца Алёне.

Пара пазнаёмілася ў бары. Валянцін прызнаецца, што ў яго амаль адразу ўзніклі пачуцці да дзяўчыны:

— Мяне быццам бы маланкай працяла, успыхнула іскра: не інакш, як Купідон трапіў у мэту, — жартуе мужчына. — Пасля гэтага я пачаў весці барацьбу за яе сэрца. Дабіваўся даверу паступова, каб не паказацца назойлівым.

Валянцін вельмі ўважліва і акуратна шукаў прыхільнасці Алёны, спакойна і ўпэўнена выбудоўваў падмурак адносін.

— Я даволі сарамлівы чалавек. Мне цяжка даваліся першыя прызнанні, але пяшчотны, лагодны позірк каханай, яе ўважлівасць да маіх пачуццяў давалі ўпэўненасць, што я раблю правільныя крокі, — кажа мужчына.

Пачуцці, якія нарадзіліся ў першыя дні знаёмства, мацнелі літаральна з кожнай хвілінай, праведзенай поруч. Былі і пэўныя выпрабаванні: доўгіх 365 дзён Алёна чакала Валянціна з арміі. Менавіта на гэтым этапе ён зразумеў, што хоча звязаць сваё жыццё з гэтай дзяўчынай.

— Я зрабіў прапанову Алёне на вечарыне ў кафэ. Падрыхтаваць сюрпрыз дапамагла сяброўка маёй будучай жонкі. Яна стварыла відэа, у якім былі сабраны самыя кранальныя моманты нашых стасункаў. У канцы прэзентацыі на экране з’явіўся надпіс: «А цяпер павярніся», — расказвае Валянцін. — Я стаяў за спінай Алёны на адным калене, трымаючы ў руках заручальны пярсцёнак. Яна адразу сказала «так», і гэта была, напэўна, самая доўгачаканая і яскравая згода ў маім жыцці.

Мужчыну можна назваць сапраўдным рамантыкам. Валянцін любіць ладзіць прыгожыя, зацішныя, утульныя вечары, прызначаныя выключна для каханай.

Па словах Валянціна, за пяць год адносін (два з якіх у шлюбе) маладыя людзі не адчулі ніякага дыскамфорту. Ім лёгка разам бавіць час, наладжваць побыт, падарожнічаць і будаваць сваю ўласную крэпасць пад назвай «Сям’я».

Захар Засім і Анастасія Свістун: «Каханне можна сустрэць і ў бальніцы»

Як і большасць сучасных маладых людзей, Захар і Анастасія пазнаёміліся ў інтэрнэт-прасторы, але не пры самых спрыяльных абставінах…

— Атрымалася так, што мы адначасова апынуліся ў бальніцы. Я пабачыў яе гісторыю ў Instagram, дзе было фота з відам на «волю», і напісаў нешта кшталту: «Не пашанцавала нам», а потым панеслася… — усміхаецца Захар. — Сапраўды, ёсць сэнс у выразе «што ні робіцца, усё да лепшага». Раней ніколі не падумаў бы, што каханне можна сустрэць і ў бальнічных калідорах.

Па канонах традыцыйнага грамадства, два гады таму ініцыятарам стварэння пары стаў мужчына. Захар кажа, што імкнецца аказваць прыгожыя знакі ўвагі, рабіць прыемныя нечаканасці, быць рамантычным у адносінах.

— Стараюся пры сустрэчы пачаставаць Насцю чым-небудзь салодкім, парадаваць кветкамі, а найперш — праявіць шчырае, клапатлівае стаўленне да яе. Я раблю ўсё, каб як мага часцей бачыць прамяністую ўсмешку маёй каханай: у гэтыя моманты яна асабліва мілая, — кажа малады чалавек.

Галоўнымі складнікамі трывалых і паспяховых адносін пара лічыць давер, падтрымку і гатоўнасць вырашаць праблемы шляхам шчырага дыялогу.

— Я адчуваю, што Насця «тая самая» дзяўчына. Напэўна, я вельмі моцна закаханы, але няма тых, хто мог бы яе замяніць, — рэзюмаваў Захар.


Няхай жа пачуцці толькі мацнеюць з гадамі і робяць шчаслівымі не толькі герояў нашай публікацыі, але і ўсіх тых, хто верыць у сілу кахання!

Юлія Янушка. Фота з уласных архіваў маладых людзей