Апошнім у гэтым годзе стала пасяджэнне паэтычнага клуба «Натхненне», якое было прысвечана 85-гадоваму юбілею Пружаншчыны. Яно, як заўсёды, сабрала людзей рознага ўзросту, але з аднолькавым разуменнем мастацкага слова, уменнем выказаць свае думкі ў рыфмаваных радках.
I не толькі жаданне падзяліцца напісаным, але i паслухаць аўтарскiя песнi пад гiтару, сустрэцца са знакамiтымi працаўнiкамi горада i раёна. Раней з задавальненнем удзельнікі клуба сустрэлiся з былым дырэктарам станцыi хiмiзацыi, ардэнаносцам Валерыем Мiкалаевiчам Падгурскiм, якi за сваю пачэсную працу быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. А зараз у госцi завiтала заслужаны работнiк сельскай гаспадаркi Ганна Раманаўна Шантаровіч, якая 67 гадоў свайго жыцця аддала адной справе — сель-скай гаспадарцы раёна. За што была адзначана мноствам падзяк, медалёў, ордэнам «Знак Пашаны». Аповед Ганны Раманаўны аб працоўным шляху ўразiў самаадданасцю справе. I новы сорт бульбы, i працоўныя выставы, i перамогi, а яшчэ — хатняя гаспадарка, атрыманне адукацыі — усяго хапала ў лёсе гэтай жанчыны з чыстай i добрай душой. Потым выступалі старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевiч, адказны сакратар Таццяна Капiца, кiраўнiк клуба Аляксей Радзiвончык і многія іншыя ветэраны. Яны пазнаёмiлi з гiсторыяй i дасягненнямi раёна i вобласцi. Прагучала нямала вершаў-прысвячэнняў, у тым ліку і мае творы «Мы — беларусы», «Мой клуб». Напрыканцы прысутныя пазнаёмiлiся з планам работы на наступны год.
Цёплая атмасфера заўсёды пануе на пасяджэннях клуба, агеньчык якога ярка гарыць ужо два гады i будзе яшчэ доўга гарэць.
Ніна Дыдышка, старшыня прэс-групы раённага савета ветэранаў