Супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў на чале з начальнікам Ігарам Амельянчуком разам з сем‘ямі прынялі ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, якія прайшлі 12 сакавіка ў г. Брэсце.
Суботняе свята стала кульмінацыйным акордам рэспубліканскіх святкаванняў, прысвечаных 105-й гадавіне ўтварэння органаў беларускай міліцыі.
— Усё пачалося з таго, што тэматычны цягнік з кіраўніцтвам МУС і запрошанымі гасцямі прыбыў у Брэст. Сустрэча на вакзале атрымалася вельмі ўрачыстай, музычнае суправаджэнне забяспечваў ваенны духавы аркестр. Патрэбны гістарычны антураж стваралі маладыя людзі ў форме супрацоўнікаў міліцыі розных гадоў. У фае вакзала мы азнаёміліся з выставай, падрыхтаванай работнікамі Брэсцкага краязнаўчага Музея і музея абароны Брэсцкай крэпасці, – падзяліўся ўражаннямі намеснік начальніка Пружанскага РАУС Юрый Неміровіч.
З чыгуначнага вакзала госці накіраваліся ва ўпраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама, дзе ўсклалі кветкі да памятнага знака супрацоўнікам міліцыі, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку. Там жа адбылося ўрачыстае адкрыццё адрэстаўраванай выставачнай залы, прысвечанай гісторыі станаўлення і развіцця міліцыі на Брэстчыне.
Пасля гэтага святочная дэлегацыя накіравалася ў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», дзе прайшоў галоўны канцэрт-рэквіем. Ён пачаўся з відэазвароту Прэзідэнта да супрацоўнікаў міліцыі, які трансляваўся на вялікім экране, таксама прагучалі віншаванні беларускім міліцыянерам ад калег з Расіі, Кыргызстана, Арменіі і Азербайджана.
Кранальным і эмацыянальным момантам стала цырымонія ўскладання кветак да памятнага знака воінам 132-га асобнага канвойнага батальёна НКУС, якія разам з пагранічнікамі першымі ўступілі ў бой, і да Вечнага агню.
— Усе былі ў захапленні ад насычанай праграмы. Мы мелі магчымасць наведаць шэраг тэматычных экспазіцый, найбольшую цікавасць, асабліва ў дзяцей, выклікала выстава міліцэйскай формы мінулых гадоў і рэтратэхнікі міліцэйскага, вайсковага і грамадзянскага прызначэнняў. Вельмі спадабаўся ўсім канцэрт з удзелам артыстаў беларускай і расійскай эстрады. З задавальненнем далучыліся мы і да акцыі «Праспяваем гімн разам!», — распавёў Юрый Неміровіч.
Алеся Смайлік. Фота прадастаўлены ўдзельнікамі мерапрыемства