Як сведчыць статыстыка дарожна-транспартных здарэнняў, найбольшая колькасць аварый з пацярпелымі пешаходамі або веласіпедыстамі прыходзіцца на перыяд з канца восені і да пачатку вясны. Звязана гэта з тым, што працягласць светлавой часткі сутак меншае. З-за чаго людзям даводзіцца дабірацца на працу ў цемры, а ўвечары вяртацца дадому ў змроку. Калі прааналізаваць няшчасныя выпадкі на дарогах, то можна заўважыць, што пераважная частка падобных здарэнняў адбываецца каля 7 ці 18 гадзін. У гэты час на вуліцах населеных пунктаў рэзка павялічваецца колькасць пешаходаў і веласіпедыстаў, што і прыводзіць да павелічэння небяспекі на дарогах. Прычыны, якія прыводзяць да трагічных сутыкненняў, могуць быць розныя: парушэнне правілаў перасячэння праезнай часткі, страта ўвагі вадзіцелем, яркае святло фар сустрэчнага аўтамабіля, перавышэнне хуткаснага рэжыму або няправільная ацэнка адлегласці да едучай машыны. Аднолькавы толькі вынік – страчанае здароўе і нават жыццё.

Даказана не толькі ў тэорыі, але і на практыцы, што ў такіх сітуацыях дапамагае толькі флікер – кавалак пластыку або тканіны з нанесеным святловяртальным пакрыццём. У Пружанскім раёне створаны ўсе ўмовы, каб кожны жадаючы мог набыць такую выратавальную прыладу. Рэгулярна супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі манітораць наяўнасць флікераў у продажы. Таму і патрабуюць безумоўнага выкарыстання святловяртальных элементаў на адзенні ў цёмны час сутак. Асабліва у сельскай мясцовасці, таму што вясковыя вуліцы часта не маюць тратуараў, і пешаходы рухаюцца па краі праезнай часткі.
У дадатак інспектары перыядычна арганізуюць гуманітарныя акцыі па бясплатнай раздачы флікераў. Днямі падобнае мерапрыемства было праведзена для жыхароў аг. Лінова і в. Сланімцы. Усе вяскоўцы, якія прынялі ўдзел у акцыі, атрымалі святловяртальныя наклейкі, стужкі для адзення або веласіпеда.Грамадзянам супрацоўнікі ДАІ тлумачылі неабходнасць выкарыстання такіх элементаў у цёмны час сутак. І гэта не проста з-за патрабаванняў Правілаў дарожнага руху і пагрозы атрымаць штраф за іх парушэнне. Днямі ў Лінове быў збіты пешаход, які ішоў па неасветленай вуліцы без флікера. Вадзіцель проста не заўважыў яго… Падчас мерапрыемства па бясплатнай раздачы святловяртальных элементаў прадэманстравалі на практыцы, што наяўнасць флікера дала б пацярпеламу значны шанец пазбегнуць сутыкнення з машынай. Справа ў тым, што пад святлом фар за кошт спецыяльнага пакрыцця гэты кавалак пластыку дае яркі водбліск, які ў цемры адразу прыцягвае ўвагу. І прыкладна за 300-400 метраў вадзіцель заўважыць пешахода і прыме неабходныя меры для яго аб’езду. У гэтым увачавідкі пераканаліся пенсіянеры і школьнікі Лінова і Сланімцоў.
Пасля акцыі разам з карэспандэнцкай групай інспектар праехаліся па гэтых населеных пунктах, а таксама па шэрагу гарадскіх вуліц, каб даведацца, ці карыстаюцца грамадзяне флікерамі. Каго сустрэлі? Вясковец ішоў з аўтобуснага прыпынку, не адзін раз пераходзячы дарогу, бабуля крочыла да суседкі на «вячоркі» па сярэдзіне праезнай часткі, жанчына вярталася з касцёла, студэнткі з Мінска прагульваліся па вячэрніх вуліцах горада… Аказалася, што і ў вёсках, і ў Пружанах флікеры мела толькі трэць пешаходаў ці веласіпедыстаў. Увогуле ж мы спынілі некалькі дзясяткаў парушальнікаў для тлумачальнай гутаркі. Здзіўляла тое, што кожны, хто парушаў правілы, жадаў толькі хутчэй адчапіцца ад «даішнікаў» і пазбегнуць пакарання, таму і прасіў не штрафаваць. Не разумеючы, што супрацоўнікаў клапоціць выключна бяспека грамадзян. Толькі і чутны былі адгаворкі кшталту «я ўпершыню ноччу на вуліцы», «згубіла флікер», «ніколі не буду так рабіць»…
Кожнаму парушальніку інспектары ўручалі святловяртальныя наклейкі і тлумачылі, што выкарыстоўваць флікеры патрэбна менавіта самім людзям. Хаця потым і зазначалі, што нярэдка такія размовы жаданых вынікаў не прыносяць. Пазней многія гэтыя «сумленныя» зноў трапляюцца без флікераў. І толькі пасля руб лёвага пакарання людзі пачынаюць задумвацца. Хай і не пра асабістую бяспеку, а толькі пра «пустыя траты» са свайго кашалька.
Алег Сідарэнка, фота Кацярыны Масік
