Вторник, 14 июля 2026

Супрацоўнікі ДАІ Пружаншчыны ўзмацнілі кантроль за ўладальнікамі веласіпедаў і сродкаў персанальнай мабільнасці

391

У першую чаргу гэта тычыцца хуткаснага рэжыму, а таксама кіравання ў стане алкагольнага ап’янення або пад уздзеяннем наркотыкаў.

Веласіпедысты павінны рухацца па правілах!

— Паколькі СПМ з’яўляюцца даволі траўманебяспечнымі, трэба выконваць устаноўлены хуткасны рэжым, а таксама меры асабістай бяспекі, — расказаў старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ Павел Фядун. — У дадатак рэкамендуем выкарыстоўваць ахоўную экіпіроўку, у тым ліку флікеры, а за межамі населенага пункта — святловяртальную камізэльку. Таксама заклікаем быць узаемаветлівымі і асцярожнымі падчас руху. Што датычыцца хуткасці, то ДАІ выкарыстоўвае для яе кантролю тэхнічныя сродкі з наступным разглядам і прыцягненнем парушальнікаў правілаў да адміністрацыйнай адказнасці.

Дзяржаўтаінспектар Павел Фядун праводзіць прафілактычную гутарку з кіроўцам электравеласіпеда.

Разам з тым інспектар нагадаў аб п. 18.5 ПДР, згодна з якім забараняецца рухацца на СПМ з хуткасцю больш за 25 км/г, у стане алкагольнага ап’янення альбо пад уздзеяннем наркотыкаў, перавозіць іншых асоб па-за спецыяльна абсталяваных месцаў для сядзення, прадугледжаных канструкцыяй. А таксама ехаць, не трымаючыся за руль. Трэба адзначыць, што разагнацца на двухколавым механічным транспарце да хуткасці больш за 25 км/г удасца нямногім. А вось электрычныя аналагі могуць развіваць хуткасць і да 80 км/г, з чым і звязана ўзмацненне хуткаснага кантролю.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік