Вельмі карысна збірацца разам, абмяркоўваць пытанні, якія ўзніклі, дзяліцца вопытам, напрацоўкамі. Гэта дае магчымасць нешта ўзяць для сябе, магчыма, памяняць вектар у рабоце, каб дамагчыся яшчэ лепшых вынікаў. Ды і наогул шчырая размова з’ядноўвае людзей, надае імпэту ў працы. На дасягненне ў тым ліку гэтых мэт было арыентавана пасяджэнне членаў Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза, якое прайшло ў Пружанах на базе УП «Брэсцкая абласная праектна-вышукальная станцыя хімізацыі».

У зале станцыі хімізацыі сабраліся кіраўнікі раённых арганізацый-членаў БрААПС, дырэктары сельскагаспадарчых прадпрыемстваў нашага раёна. У прэзідыуме свае месцы занялі старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, яго першы намеснік Сяргей Глушко, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дырэктар ААТ «Парахонскае» Уладзімір Храленка, дырэктар РАС «Беларускі аграпрамысловы саюз» Андрэй Някрэвіч, выканаўчы дырэктар Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза Сяргей Ашмянцаў. Узначаліў работу пасяджэння старшыня БрААПС дырэктар ААТ «Відамлянскае» Міхаіл Страпко.

Аб стане аграрнага комплексу Пружанскага раёна, перспектывах яго развіцця расказаў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Кіраўнік раёна звярнуў увагу прысутных на тое, што наша Пружаншчына — больш аграрнага накірунку, 40 % — гэта землі сельгаспрызначэння. Таму асаблівая ўвага надаецца ў нас рабоце арганізацый, якія непасрэдна занятыя ў сельскай гаспадарцы. Напрыклад, малако для рэгіёна — гэта асноўны прадукт, які прыносіць прыбытак. Калі гаварыць пра год мінулы, то, як зазначыў Міхаіл Міхайлавіч, спрацавалі нядрэнна. Ураджайнасць збожжавых парадавала, але імкнуцца да большага трэба заўсёды. Закранаючы пытанне кормавытворчасці, старшыня райвыканкама звярнуўся да кіраўнікоў гаспадарак раёна з парадай арыентавацца не на цэнтнеры, а на якасць кармоў, бо ад яе залежыць і наступная аддача ў сельскай гаспадарцы.
Належная ўвага надаецца на Пружаншчыне і рэканструкцыі меліярацыйных сістэм, што ў наступным станоўча ўплывае на ўрадлівасць зямель. Акрамя таго, паляпшаецца культура земляробства. Не на апошнім месцы ў раёне знаходзіцца і фінансавае аздараўленне сельскагаспадарчых арганізацый.

Міхаіл Міхайлавіч таксама звярнуў увагу на асноўныя накірункі ў развіцці сельскай гаспадаркі. Гэта рост вытворчасці працы, даходаў сельскагаспадарчых арганізацый і сельскага насельніцтва, эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў, якія ёсць у наяўнасці, павелічэнне прадукцыйнасці нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці сельгаспрадукцыі, харчовая бяспека, кадравая палітыка і захаванне ўрадлівасці глебы. На думку Міхаіла Грышкевіча, вышэйпералічанае для выканання нам пад сілу, было б толькі жаданне і, канечне, здароўе.

Наступны крок пасяджэння — выступленне Уладзіміра Калымаго, дырэктара УП «Брэсцкая абласная праектна-вышукальная станцыя хімізацыі». Уладзімір Георгіевіч агучыў мэты і задачы агранамічнай службы ў павышэнні ўрадлівасці глебы і ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур у сельгасарганізацыях Брэсцкай вобласці.
Акрамя таго, Уладзімір Калымаго звярнуў увагу, што адным з надзённых пытанняў з‘яўляецца павышэнне кіслотнасці зямель, а гэта немалая праблема для сельгасарганізацый. Выйсце з сітуацыі — актыўнае вапнаванне даламітавай мукой, як варыянт — выкарыстанне дэфекатаў (адходаў цукровай вытворчасці) з Жабінкаўскага цукровага завода. Толькі разам, на думку Уладзіміра Георгіевіча, можна дамагчыся станоўчага выніку. Таму дырэктар прадпрыемства шчыра запрашаў кіраўнікоў сельгасарганізацый да супрацоўніцтва.

Сваю прамову выканаўчы дырэктар Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза Сяргей Ашмянцаў пачаў са слоў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі: «Для нас галоўнае багацце — гэта людзі і зямля». Таму трэба берагчы і тое, і другое. Што датычыцца зямлі, то трэба пільна сачыць за яе станам, выгадна выкарыстоўваць. І ў гэтым пытанні значную дапамогу можа аказаць станцыя хімізацыі. Тым больш што не за гарамі чарговая вясенняя сяўба.
Сяргей Дзмітрыевіч не толькі расказаў пра асноўныя напрамкі дзейнасці саюза, але і павіншаваў прысутных з юбілейнай датай — 20-годдзем з дня яго заснавання: Брэсцкі абласны аграпрамысловы саюз быў утвораны ў 2003 годзе калгасамі імя Дзімітрова Кобрынскага раёна, імя Кірава Драгічынскага раёна і імя Свярдлова Пружанскага.
Нарэшце — прыемны момант уручэння Падзячных лістоў з нагоды юбілею кіраўнікам райаграсаюзаў і былым выканаўчым дырэктарам Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза.

Сяргей Ашмянцаў падзякаваў усім за адказнае стаўленне да даручаных абавязкаў і пажадаў спакою на душы, простага чалавечага шчасця.
Адзначыў сумленную работу аграрыяў Брэстчыны і дырэктар Беларускага аграпрамысловага саюза Андрэй Някрэвіч, які ўручыў выканаўчаму дырэктару БрААПС Сяргею Ашмянцаву і старшыні Брэсцкага саюза Міхаілу Страпко Падзячныя лісты і гадзіннік з гравіроўкай.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбом з мерапрыемства: https://ok.ru/budni/album/955811930760