Вторник, 18 февраля 2025

Сумленна, старанна, з душой працуе намеснік начальніка жывёлагадоўчага комплексу «Поланск» Анатолій Шворак

942

Як па мне, чалавек і нараджаецца для таго, каб заняць сваё месца на зямлі, быць сапраўдным гаспадаром на ёй. А зямля любіць людзей працавітых, сумленных, адказных. Такіх, напрыклад, як намеснік начальніка жывёлагадоўчага комплексу «Поланск» ААТ «Ружаны-Агра» Анатолій Шворак.

Гэты чалавек, з якога стараюцца браць прыклад, — адказны работнік, добры муж і бацька. А нарадзіўся Анатолій Піліпавіч у 1961 годзе ў Камень-Кашырскім раёне, што на Валыні, у сялянскай сям’і. На Пружаншчыну трапіў, калі абзавёўся сваёй сям’ёй, у 1989 годзе. Першынцу тады было паўгода. Ужо тут нарадзіліся яшчэ два сыны.

Жонка Галіна Міхайлаўна спачатку працавала загадчыцай фермы «Калазубы» ў калгасе «1 Мая», а пасля рэарганізацыі займае пасаду загадчыцы комплексу «Далкі» ААТ «Ружаны-Агра». Сам Анатолій Піліпавіч працоўную дзейнасць у Беларусі пачынаў жывёлаводам, закончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Зааінжынер». Быў час, калі займаў пасаду галоўнага заатэхніка ў тагачасным калгасе «1 Мая». Пасля далучэння апошняга да ААТ «Ружаны-Агра» нейкі час узначальваў комплекс «Малочкі», а на сённяшні дзень займае пасаду памочніка начальніка комплексу «Поланск».

Як кажуць, не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Анатолій Піліпавіч сапраўды з’яўляецца прыкладам таго, як трэба працаваць сумленна і з душой.За шчырую работу ў ААТ «Ружаны-Агра» быў адзначаны Граматай упраўлення спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Ну, а сыны? Ды і яны малайцы! Таксама адказна працуюць, дапамагаюць бацькам, а яшчэ падарылі ім шасцёра ўнукаў (у кожнага па сынку і дачушцы). Што застаецца бабулі з дзядулем? Канечне, чакаць у госці дзяцей і ўнукаў і верыць у тое, што сваю місію на гэтай зямлі яны годна выконваюць.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік