Понедельник, 8 июня 2026

Стваральнік гімна прыгажосці

664

5 лютага – 90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Чэрніка (1935-2016), паэта, педагога.

Перш чым пісаць гэты невялікі ўспамін-згадку пра Уладзіміра Чэрніка, пагартаў яго галоўную кнігу — «Закатные сполохи». Кажу «галоўную», бо яно сапраўды так і ёсць: пад адной вокладкай аўтар сабраў на той час самае лепшае з напісанага ім у гады юнацтва, сталасці і падчас, як кажуць, заслужанага адпачынку. «Сполохи» былі выдадзены ў прэстыжным выдавецтве, а не саматужным спосабам, як гэта модна было рабіць у канцы 90-х — пачатку 2000-х гадоў. Праўда, для гэтага спатрэбілася пашукаць спонсара, які б аплаціў выдаткі на падрыхтоўку ды друкаванне кнігі, пра ганарар за сваю працу аўтары тады і не заікаліся. Такі спонсар знайшоўся. Ім стаў наш зямляк, расійскі прадпрымальнік Мікалай Бурнас.

Не пабаюся сказаць, што выхад у свет у 2004 годзе паэтычнага зборніка Уладзіміра Чэрніка стаў адметнай з’явай не толькі для мясцовых аматараў прыгожага пісьменства. Пра яго хораша адгукнуўся тагачасны старшыня абласной пісьменніцкай арганізацыі Анатоль Крэйдзіч. Уладзімір Чэрнік быў у ліку тых, хто мог годна папоўніць шэрагі галоўнага творчага саюза Беларусі. Дакладна ведаю, што ў гэтых дзвюх асоб былі творчыя стасункі, Уладзімір Рыгоравіч раіўся са сваім больш паважным, хоць і маладзейшым, калегам пры напісанні тэксту гімна Пружан. Журы палічыла яго словы, пакладзеныя на музыку самадзейным кампазітарам С. Пратасевічам, лепшымі ў конкурсе стваральнікаў гімна.

Варта нагадаць, што яго тэкст напісаны па-беларуску, хоць «рабочай» мовай для паэта была руская. Напэўна, таму, што пасля заканчэння Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна ў школах, дзе ён працаваў, выкладаў часцей рускую філалогію. Хоць, зрэшты, як жа без роднай мовы, калі ты сам нарадзіўся на Кобрыншчыне, настаўнічаў у былым Целяханскім, Пінскім, а з 1977 года ў Пружанскім раёнах? Уладзімір Рыгоравіч выдатна ведаў і матчыну мову, карыстаўся ёю і нават вершы пісаў па-беларуску, асабліва апошнім часам. Сведчаннем чаму яго тэкст гімна Пружан.

Навошта я засяроджваю на гэтым увагу? У згаданым зборніку вершаў ёсць раздзел пад назвай «Чистая музыка неба», дзе змешчана падборка маіх твораў, перакладзеных Уладзімірам Рыгоравічам на рускую мову. Ні ён, ні я не маглі тады ведаць, што праз дваццаць гадоў пад такім жа загалоўкам сталічнае дзяржаўнае выдавецтва выпусціць у свет зборнік з маімі вершамі, толькі ўжо на роднай мове! Адразу падумалася: як тонка адчуваў настаўнік і паэт сэнс паэтычнага слова, умеў вызначыць галоўную думку мастацкага твора, значнасць нават толькі аднаго вершаванага радка. Гэта выразна бачна па яго перакладах, калі дзеля захавання аўтарскай задумкі перакладчык адшукваў, на мой погляд, неверагодныя хады, перабудоўваў сказы так, што ўсё гэта было падобна на нейкую гульню слова.

Успамінаецца, што Уладзімір Рыгоравіч быў не надта задаволены тым, як ён пераклаў верш «Тры бярозы». Гэты кароценькі верш усяго ў дзве страфы ён называў шэдэўрам, што, вядома, мне як аўтару было надзвычай прыемна. Ён настойліва пераконваў мяне, паўтараючы, што ўсё геніяльнае – простае, і чытаў на памяць гэтую страфу:

Тры бярозы за сялом –
Даражэй за лес, за пушчу…
Калі-небудзь мы памром.
Толькі ці адпусцяць
Тры бярозы за сялом?..

Пераклад Уладзіміра Рыгоравіча быў такім:
Три берёзы за селом
Мне лесной дороже
песни…
Час настанет — мы уйдём
Навсегда, отпустят если
Три берёзы за селом.

Што трымае чалавека на зямлі? Многа чаго, у тым ліку і тры бярозы за сялом. А яшчэ, і гэта дакладна, — каханне, пачуццё, якое не пакідае чалавека да канца яго дзён. Прынамсі, цвёрдую перакананасць у гэтым нясе паэзія Уладзіміра Чэрніка. Яго зборнік можа нават і перанасычаны трапяткімі адносінамі да асобы жанчыны, натхняльніцы мужчын на самыя непрадказальныя, неверагодныя ўчынкі. Уладзіміра Рыгоравіча можна смела запісаць у прыхільнікі паэзіі чыстай красы, якая «любовь восславить песней повсеместно, махнув рукою на питьё и яства».

Не стану і далей пераконваць чытача ў прыгажосці паэтычнага слова Уладзіміра Чэрніка. Лепш за ўсё ўзяць самому ў рукі «Закатные сполохи» ці хоць бы пачытаць прапануемую газетай падборку вершаў і пераканацца ў ягоным таленце. Прычына для гэтага ёсць: аддаць даніну памяці чалавеку, які любіў прыгажосць і верыў у тое, што ёю і толькі ёю ўратуецца свет.

Мікола Антаноўскі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі