Понедельник, 2 декабря 2024

«Стварае шчасце» сваімі рукамі пружанец Алег Ярулін

470

Алег Ярулін з’яўляецца работнікам Пружанскага льнозавода, любіць матацыклы, а вечарамі займаецца хобі, якое прыносіць радасць не толькі яму, але і людзям, якія яго акружаюць. Мужчына «стварае шчасце» сваімі рукамі. Справа ў тым, што Алег робіць незвычайныя і прыгожыя вырабы, якія потым аддае на дабрачынныя мэты.

— Мне падабаецца займацца вырабам новых і цікавых рэчаў. З розных дэталяў мною былі выраблены розныя лямпы, гадзіннікі, сталы і многія іншыя прадметы. Займаюся гэтым ужо даўно, спачатку для ўласнага задавальнення, затым некаторыя ўдалыя ўзоры дарыў на святы сябрам і блізкім. Але аднойчы я адчуў патрэбу ў тым, каб мае вырабы прыносілі дапамогу людзям, якім сапраўды яна неабходна. Адбылося гэта ўсё на адным з байк-фэстываляў, на якім праводзілася дабрачынная акцыя па зборы сродкаў на бескаркаснае інваліднае крэсла. Тады я захацеў узяць у ёй удзел і даў арганізацыі з Кобрына лямпу, якую прадалі падчас мерапрыемства, а атрыманыя сродкі пайшлі на дабрачыннасць. З гэтага моманту ўсё і пачалося, — дзеліцца ўспамінамі Алег.

За ўвесь час удзелу ў дабрачынных акцыях наш герой дапамог мноству людзей, сярод якіх былі як дзеці, так і дарослыя. На маё пытанне пра тое, якая акцыя з’яўлялася самай важнай за ўвесь час дзейнасці, Алег з упэўненасцю адказаў: «Кожная важная па-свойму!» Але прызнаўся, што адна з акцый запомнілася асабліва.

Інвалідная каляска да рамонту.
Інвалідная каляска пасля рамонту.

— Аднойчы мне патэлефанавала знаёмая, з арганізацыі дабрачыннай дапамогі «Міласэрнасць», расказала, што патрэбна дапамога ў рамонце інваліднай каляскі для дзяўчыны, хворай на ДЦП. Я адгукнуўся на просьбу. Паглядзеў на стан каляскі і зразумеў, што тут неабходна дапамога. Звярнуўся да добрых знаёмых: Аляксея Рудзіча, Вікторыі Лукшы, Дзяніса Шавялёва і Вадзіма Несцерука. Усе яны адгукнуліся на просьбу, і мы пачалі. Тэрміны па рамонце былі крыху сціслымі. Але камандная праца дала свой плён. За непрацяглы тэрмін у нас атрымалася разабраць, пачысціць, пафарбаваць каляску, перашыць сядзенні, далучыць адсутныя дэталі. Усе былі вельмі задаволены, — успамінае суразмоўца.

Алег не проста мотааматар, але і актыўны ўдзельнік мотагруп у нашым горадзе. Сярод яго аднадумцаў нямала людзей, якія падтрымліваюць «акцыі дабра». Пра адну з іх нядаўна расказвала наша газета: да 1 верасня дзецям з прытулку ў пасёлку Сонечным былі зроблены падарункі да навучальнага года.

— Мы вырашылі праводзіць падобныя акцыі ад мотааматараў горада Пружаны. У гэтым годзе ўжо двойчы наведалі прытулак. Сустрэчы з дзецьмі заўсёды з’яўляюцца кранальнымі і прыносяць мноства эмоцый. Гэта і падахвочвае праводзіць падобныя акцыі яшчэ і яшчэ, — падкрэсліў Алег.

Прыемна ўсведамляць, што ў нашым горадзе ёсць па-сапраўднаму выдатныя людзі, якія гатовы працягнуць табе руку дапамогі ў цяжкі момант і пры гэтым не папрасіць нічога ўзамен.

Руслан Басак. Фота з архіву Алега Яруліна