Сельгаставарыствы нашага раёна на пастаяннай аснове папаўняюцца маладымі спецыялістамі, большасць якіх выбірае Пружаншчыну не пад прымусам, а па асабістым жаданні. Акрамя таго, у гаспадарках заўсёды адчынены дзверы і для практыкантаў.
Ніколі праца на зямлі не была лёгкай ды і не будзе. Нашым продкам, каб ляжаў хлеб пахучы на стале, трэба было добра папрацаваць, ды так, каб сем патоў сышло. Цяпер, канечне, на дапамогу сельскім працаўнікам прыходзіць сучасная тэхніка, але ўсё роўна яны прыкладаюць многа сіл, каб кожны з нас меў шкварку і… чарку. І не толькі, бо ніхто не адмовіцца ад свежага малака, тлустай смятаны, смачных сыроў. А тая ж жывёла як і пяцьдзясят гадоў таму патрабуе штодзённай чалавечай увагі і клопату.

І вельмі добра, што ў нашай краіне на самым высокім узроўні шануюцца рабочыя рукі і падтрымліваюцца маладыя людзі, якія вырашылі звязаць сваё працоўнае жыццё з сельскай гаспадаркай. А такія ёсць, ім на самай справе падабаецца кіраваць трактарамі, даглядаць жывёлу, працаваць у садзе і на палетках. З гэтай кагорты і будучыя заатэхнікі, а зараз практыканткі Аліса Іваненка і Анастасія Даніліна, для якіх на працягу чатырох месяцаў родным домам будзе ААТ «Мурава», а канкрэтна, МТК з аднайменнай назвай.
Аліса — з Мазыра, Анастасія — з Ваўкавыска. Паміж імі некалі была немалая адлегласць. Але што для маладых нейкія чатырыста з лішнім кіламетры, калі для іх у Беларусі ўсе дарогі адкрытыя!
Пазнаёміліся дзяўчаты ва УА «Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт», куды адначасова паступілі па спецыяльнасці «Заатэхнія», а потым пачалі яшчэ і дзяліць адзін пакой у інтэрнаце. Выбар будучай прафесіі быў свядомы, таму што да гэтага азы заатэхніі Аліса атрымала ў Рэчыцкім, а Анастасія ў Ваўкавыскім дзяржаўных аграрных каледжах. Ужо ведалі, чым будуць займацца на працы, якія абавязкі выконваць. І яшчэ, дадаюць прыгажуні, вышэйшая адукацыі, — гэта магчымасць углыбіцца ў абраную прафесію, атрымаць больш грунтоўныя веды ды і кар’ерны рост пасля ўніверсітэта куды больш магчымы. І ўжо тут становіцца зразумела, што гэтыя дзве абаяльныя беларускі не на словах, а на справе хочуць паказаць сваім равеснікам — працаваць можна ўсюды, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы, але павінны быць жаданне і любоў да абранай справы. А таго і другога ў іх у дастатку.
Разам вучацца, то чаму поплеч не праходзіць практыку? Выбар гаспадарак у ВНУ быў, але ў дэканаце «шапнулі», што ў ААТ «Мурава» — зладжаны калектыў, моцная матэрыяльная база, рэальная магчымасць прымяніць тэорыю ў дзействе. І вось добры дзень, Пружаншчына, вітае і сельгаставарыства. Па прыездзе практыканткам выдзелілі пакой у інтэрнаце, які абстаўлены новай мэбляй, ёсць пральная машына, пліта для прыгатавання ежы, газавая калонка, дзякуючы якой гарачая вада заўсёды ў наяўнасці. На малочнатаварны комплекс і дадому возіць транспарт гаспадаркі. Што да рэжыму працы, то Аліса з Анастасіяй практыкуюцца на працягу пяці дзён на тыдзень з васьмі гадзін раніцы і да пяці вечара. І яшчэ больш за тысячу рублёў у месяц атрымліваюць, бо ў іх практыка аплачваецца.
МТК «Мурава» — лідар у таварыстве па вытворчасці малака. Таму дзяўчат і размеркавалі сюды. Вось жа, і тут не расстаюцца, дапамагаюць адна адной пераадольваць цяжкасці, разам радуюцца працоўным дасягненням. Усё перажылі — і новы дзённы рэжым, і фізічныя нагрузкі, проста ўцягнуліся ў рытм работы комплексу. У таварыстве якраз ідуць сур’ёзныя змены ў малочнай галіне, мяняецца рацыён для БРЖ, падбіраюцца новыя інгрэдыенты для камбікорму. І практыканткам гэта даспадобы, бо яны самі ўдзельнічаюць у гэтым працэсе, які ў канчатковым выніку абавязкова прывядзе да прагрэсу, значыць, яшчэ павысіць надоі.
За невялікі прамежак часу будучыя заатэхнікі паспрабавалі сябе ў розных накірунках дзейнасці МТК. Займаліся кантрольнай дойкай (бралі пробы малака на аналіз), сартаваннем жывёлы, пабывалі на млыне і пракантралявалі захаванне рэцэптуры вырабу камбікорму, дапамагаюць старэйшым калегам запаўняць дакументацыю, адбіралі малако на наяўнасць антыбіётыкаў пасля хваробы кароў. Гэта тое, што запомнілася з пералічанага дзяўчатамі, шчырымі і непасрэднымі. Адным словам, яны — не гультайкі і ў сельскай гаспадарцы не на адзін дзень. Так гаворыць кіраўніцтва ААТ «Мурава», так думаюць і на малочнатаварным комплексе.
Шумных дыскатэк ужо не чуваць на вёсцы і маладыя пары па вуліцах рэдка ходзяць. Дык чым жа ў вольны час займаюцца Анастасія з Алісай? А ім і дома добра, хатнія яны. Пякуць духмяныя пірагі, гатуюць смачныя стравы. А трэба ж і справаздачы ва ўніверсітэт пісаць, весці дзённік аб зробленым. Гаспадарка паклапацілася, каб быў інтэрнэт у дзяўчат. Таму часам і ў глабальнай сетцы нешта знойдуць цікавае, пачытаюць, абмяркуюць між сабой. А ў выхадныя дні могуць і ў Пружаны завітаць, каб зрабіць кантрольную закупку, балазе, праблем з грамадскім транспартам няма. Таму сумна ім ніколі не бывае.
Падчас размовы з дзяўчатамі прагучала такая фраза: хочацца замацавацца ў сваёй справе, быць карыснымі ўсім і ўсюды. Вось гэта пазіцыя чалавека, хоць і маладога, які пэўна ведае, для чаго ён прыйшоў у гэты свет і што трэба зрабіць, каб цябе паважалі і цанілі. Упэўненасці вам і здзяйснення ўсіх мар, Анастасія і Аліса!
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік
