Пятница, 23 мая 2025

Студэнт Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, пружанец Ягор Падгурскі — пра ўдзел у адкрытым уроку «Гістарычная памяць — дарога ў будучыню»

919

За анлайн-трансляцыяй адкрытага ўрока «Гістарычная памяць — дарога ў будучыню» з удзелам Кіраўніка дзяржавы ў Дзень ведаў сачылі мільёны школьнікаў і студэнтаў краіны. Пружанская моладзь — не выключэнне. Але ж адна справа далучыцца да мерапрыемства завочна, з дапамогай сучасных тэхналогій, а іншая — пабываць на ім непасрэдна, паслухаць Прэзідэнта асабіста і нават… паціснуць яму руку.

Такога гонару быў удастоены наш зямляк, ураджэнец Пружан Ягор Падгурскі.

У Палацы Незалежнасці Ягор, студэнт 4 курса спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і права», прадстаўляў сваю ВНУ — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Імя актыўнага юнака неаднойчы гучала на старонках нашай газеты. У школьны час — як пераможцы спартыўных турніраў. Расказвалі мы пра Ягора і як пра студэнта, удзельніка Венскага балю, а таксама Усебеларускага народнага сходу.

У Акадэміі кіравання Ягор Падгурскі займае пасаду сакратара пярвічнай арганізацыі БРСМ. Фактычна, ён — памочнік студэнтаў, бо менавіта да яго звяртаюцца тыя, хто хоча папрацаваць у студатрадах. Ён жа адказвае за многія цікавыя мерапрыемствы ў сваёй альма матэр. Юнак прызнаецца, што трапіць на ўрок ад Прэзідэнта было вельмі пачэсна і ганарова.

— Наогул, для нас праграма мерапрыемства была разлічана на два дні. У першы мы наведалі мемарыяльны комплекс «Трасцянец». Тут правялі экскурсію для вучняў і студэнтаў з усёй краіны. Мы ўсклалі кветкі і ўшанавалі памяць ахвяр вайны і генацыду.

Непасрэдна ў Дзень ведаў удзельнікі ўроку прыбылі ў Палац Незалежнасці. Адкрыты ўрок ад Кіраўніка дзяржавы стаў вельмі насычаным. Аляксандр Лукашэнка не толькі пазнаёміў з гістарычнымі этапамі развіцця Беларусі. Ён адказваў на любыя пытанні моладзі — ад палітычных да жыццёвых, казаў пра тое, што сапраўды хвалюе. Недзе жартам, недзе сур’ёзна Прэзідэнт даваў тлумачэнні па самых актуальных тэмах. Прыемна, што Аляксандр Лукашэнка чуе моладзь і падтрымлівае яе. Адкрыты ўрок — гэта ж таксама ідэя маладога пакалення. Яе выказаў адзін з вучняў падчас сустрэчы, якую Прэзідэнт праводзіў з нагоды святкавання 100-годдзя піянерыі, — расказаў Ягор Падгурскі.

Трэба адзначыць, што менавіта наш зямляк разам з вучаніцай адной з беларускіх школ удастоіліся гонару напрыканцы сустрэчы ўручыць Кіраўніку дзяржавы падарунак ад імя ўсёй беларускай моладзі. Ягор асабіста перадаў Аляксандру Лукашэнку сувенір у выглядзе званочка — сімвала Дня ведаў, урачыстых лінеек, школьнага і студэнцкага жыцця.

— Гэты момант запомніцца на ўсё жыццё, — кажа студэнт Акадэміі кіравання. — Прэзідэнт шчыра падзякаваў, а яшчэ паціснуў руку. Гэта дарагога варта. Упэўнены, што такія ўрокі павінны стаць добрай традыцыяй і сімвалам беларускага Дня ведаў.

Уладзіслаў Шпарла. Фота з сайта president.gov.by і з асабістага архіву Ягора Падгурскага