Суббота, 15 февраля 2025

Строгі ваенрук, дастойны бацька і клапатлівы муж Алег Сапагоў: «Падмурак сям’і — мужчына»

592

У ліпені 2022 года ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь было заснавана новае свята — Дзень бацькі, адзначаць якое мы будзем 21 кастрычніка. Нарэшце справядлівасць узяла верх! Пагадзіцеся, нашым грамадствам нібыта не заўважаецца роля бацькі ў выхаванні дзіцяці. Чамусьці лічыцца, што павучаць і гадаваць дзяцей павінна жанчына, а сціплы абавязак мужчыны — адказваць толькі за дысцыпліну. Ну, стэрэатыпы ж! Герой нашага сённяшняга артыкула — строгі ваенрук, дастойны бацька, клапатлівы муж Алег Сапагоў, які лічыць, што менавіта мужчына з’яўляецца падмуркам сям’і.

«Заўсёды бачыў сябе ваенным»


Алег Барысавіч працуе кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні і выкладае дапрызыўную падрыхтоўку ў СШ № 1 імя ЧБВА. Але яго працоўная кніжка мужчыны мае шмат цікавых запісаў. У розныя часы ён быў маркетолагам, вартаўніком, міліцыянерам па ахове, старэйшым оперупаўнаважаным, намеснікам кіраўніка па выхаваўчай рабоце і спецыяльным уліку ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 7…

— Я заўсёды бачыў сябе ваенным чалавекам, нават не прымяраў іншай ролі. А ў свой час склалася так, што я трапіў у міліцыю. Гэта, вядома, не армія, але таксама служба, якая патрабуе адданасці Радзіме, — зазначае Алег Барысавіч.

Жаданне звязаць жыццё са службай узнікла ў майго суразмоўцы яшчэ ў дзяцінстве.

— Памятаю, як малым хлапчуком апранаў ваенную кашулю з пагонамі падпалкоўніка, якія дастала для мяне мама, хадзіў так і вельмі ганарыўся сваім выглядам. Лета, спёка, а я зашпілены на ўсе гузікі, выпрасаваны каўнер загадзя накрухмалены. Дарослыя папярэджвалі, што так і прытомнасць страціць можна, але я адмахваўся ад іх перасцярог: усё ж павінна быць па ўставе!

Сёння ваенная тэма суправаджае Алега Сапагова на працы ў школе.

— Досвед, атрыманы на міліцэйскіх пасадах, дапамагае мне цяпер выбудоўваць правільны вектар зносін з падлеткамі. Бывае, на ўроках я расказваю вучням некаторыя гісторыі асуджаных, потым мы іх абмяркоўваем, вызначаем, дзе чалавек «звярнуў не туды». Шкада, але вучыцца на памылках іншых дадзена не ўсім. Я ж спрабую засцерагчы дзяцей ад відавочна няправільных крокаў.

«Не, я не рамантык»


Са сваёй жонкай Ірынай Алег Барысавіч пазнаёміўся падчас працы на малочным камбінаце. Яна была работнікам цэху разліву, ён — міліцыянерам.

— На КПП бачыш шмат розных твараў. У разнастайнасці чалавечых постацей мне пашанцавала заўважыць прыгожую маладую дзяўчыну. Іра адразу мяне захапіла, — расказвае суразмоўца.

Сустракаліся яны нядоўга, а зрабіць прапанову атрымалася вельмі нечакана, нават для самога сябе.

— Неяк на нашым чарговым шпацыры невядомая раней цеплыня напоўніла маё сэрца. Раптам я адчуў пачуццё еднасці і невыказнае каханне, такія неверагодныя эмоцыі нарадзіліся ўва мне, што хацелася крычаць, — успамінае Алег Барысавіч. — Я павярнуўся да Іры і сказаў: «Выходзь за мяне!» Проста так, прама на вуліцы. Напэўна, мяне нельга назваць рамантыкам.

На пытанне пра тое, ці ўдаецца жыць з жонкай душа ў душу, мой субяседнік найперш зазначыў, што не верыць людзям, якія кажуць, што пражылі ўсё жыццё ідэальна:

— Так ці інакш у сумесным жыцці ўзнікаюць пытанні: побыт, грашовыя моманты… Нагод для рознагалоссяў можа быць шмат. Сварыцца — гэта нармальна, але пасля трэба ўмець ісці на кантакт, не крыўдзіцца і не замыкацца ў сабе: гэтак можна дацягнуць да разрыву. Лічу, што няма анічога кепскага ў тым, калі першы крок да перамоў будзе рабіць мужчына.

«Турбуюся за сваіх сыноў»


Алег Барысавіч і Ірына Мікалаеўна выгадавалі двух сыноў. Старэйшы Іван, скончыў БНТУ, атрымаў інжынерную спецыяльнасць і зараз працуе ў Мінскім метрапалітэне.

Малодшы Ягор, пасля заканчэння Пружанскага каледжа пайшоў у армію. Зараз ён праходзіць службу па першым паўгоддзі ў 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе. Хлопец ужо паспеў атрымаць званне малодшага сяржанта і… скокнуць з парашутам!

— Цяпер сына можна лічыць сапраўдным дэсантнікам! — кажа Алег Барысавіч. — Зараз у Ягора ўзнікаюць думкі пра службовую кар’еру. Ён разглядае магчымасць звязаць жыццё са службай у арміі ці міліцыі. Шчыра кажучы, я хацеў бы, каб гэта было менавіта так, але сваіх думак не навязваю.

Увогуле ж бацька двух сыноў лічыць, што тэрміновую службу павінен прайсці кожны хлопец.

— У мой час асноўная маса юнакоў марыла служыць, рэдкім выключэннем было, калі нехта «касіў». Я цудоўна разумею, што зараз мы жывём у няпросты час і на сённяшні дзень існуе пагроза незалежнасці нашай дзяржавы. Вядома, турбуюся за сваіх сыноў: я ж не жалезны… Але ж выхаваны ў патрыятычным духу: з маленства бачыў прыклад дзеда-ветэрана, моцнага бацькі, сам з’яўляюся афіцэрам. І, калі спатрэбіцца, мы разам з сынамі станем на абарону Радзімы. Хто, як не мы?

«Армія вучыць перамагаць сябе»


У Вялікай Айчыннай вайне ўдзельнічаў дзядуля Алега Сапагова. Школьны ваенрук памятае, як дзед расказваў, што салдаты лягалі спаць ў варонкі ад выбухаў, накрываліся аднымі плашч-палаткамі. Стомленыя, яны ўмомант засыналі, а прачыналіся ў лужах: калі дождж ішоў усю ноч, ніхто гэтага не заўважаў.

— Нашы людзі непатрабавальныя. Я лічу, што за кошт гэтай якасці нашага салдата мы выстаялі ў той страшэннай вайне, — зазначае Алег Барысавіч. — Сёння армія вучыць юнакоў перамагаць саміх сябе, выхоўвае сілу волі. Адмовіцца ад кубка кавы, нацягнуць абутак, які муляе, здавалася б, проста, ды не ўсе могуць…

Так, маладым людзям зараз няпроста жыць. З усіх бакоў іх падпільноўваюць цяжкасці. Небяспеку ўяўляе сабой неабмежаваная колькасць разнастайнай інфармацыі.

— Сваім сынам і сваім вучням я заўсёды кажу, каб вучыліся аналізаваць прачытанае, усё ставіць пад сумнеў, верыць фактам, а не галаслоўным выказванням.

«Мы можам рэфлексаваць»


Сваіх дзяцей Алег Барысавіч вучыць простым ісцінам: любіць Радзіму, паважаць агульначалавечыя каштоўнасці, ставіцца да людзей з разуменнем і прыняццем, не браць чужое.

— Сям’я — самае цэннае, што мы маем. Магчыма, менавіта ў ёй сутнасць нашага існавання. Я ўпэўнены, што мужчына з’яўляецца падмуркам сям’і, — лічыць Алег Барысавіч. — Я стараюся быць справядлівым у адносінах да сваіх дзяцей, вучу іх шукаць у сабе сілы прасіць прабачэння ў сваіх родных, пераступаць праз сваю гордасць. Важна своечасова выпраўляць свае памылкі. Мы не жывёлы, якія кіруюцца выключна інстынктамі, мы можам рэфлексаваць, задаваць сабе пытанні, так давайце не забываць гэта рабіць. Не проста так мы носім годнае імя Чалавек!

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік