Суббота, 8 февраля 2025

Стоп, пустазелле! У ААТ “Агра-Калядзічы” завяршылі фунгіцыдную апрацоўку трыцікале і пшаніцы

518

Стоп, пустазелле! — аграрыі ўсяго свету ўздыхнулі б з палёгкай, калі б гэтыя словы спрацавалі і палеткі ўмомант сталі чыстымі. Марыць не шкодна, але хімпраполкі па-ранейшаму застаюцца адным з самых актуальных сродкаў для барацьбы з пустазеллем, хваробамі і шкоднікамі раслін.

У ААТ “Агра-Калядзічы”, як і ў іншых сельгаставарыствах раёна, зараз на першы план выходзіць нарыхтоўка кармоў. Сёлета ў гаспадарцы плануюць назапасіць 26 тон сенажу і зернесенажу, а таксама 1600 тон сена. Цяпер ідзе першы ўкос, па выніках якога ў траншэі будзе закладзена 14 т сенажу, нарыхтавана 400 т сена. Але за корманарыхтоўкай не забываюць і пра догляд пасеваў.

Па словах галоўнага агранома Л.У.Чарняка, у гаспадарцы завяршылі фунгіцыдныя апрацоўкі трыцікале і пшаніцы. Першая хімпраполка прайшла і на пасевах з цукровымі буракамі. Яны ў гаспадарцы займаюць каля 300 га. Трэцяя іх частка пасаджана па смарттэхналогіі, што дазваляе атрымліваць практычна чыстыя пасевы. На 40 гектарах буракоў ужо прайшла і другая хімапрацоўка.

— Апрацавалі таксама бабовыя культуры на плошчы ў 140 га і яравы рапс, які займае 135 га. Пачынаем відавую праполку. Да работ часам даводзіцца прыцягваць супрацоўнікаў канторы, — расказвае Леанід Уладзіміравіч. — Нядаўна прыступілі да хімічнай апрацоўкі кукурузы. На 1 чэрвеня гэтыя работы завершаны на 772 з 1380 га. Царыца палёў спачатку апрацоўвалася глебавымі прэпаратамі. Яны ствараюць нібы ахоўны экран ад пустазелля. Пасля праходзімся страхавымі, якія прыбіраюць зелле, што ўсё ж здолела прабіцца.

Дарэчы, уся кукуруза, пасаджаная ў гаспадарцы, а гэта такія гатункі як «талісман», «катарзіс», «рыкардзінія», «бакары», «палескі-212 СВ» і іншыя, пойдзе на сілас. У гэтым сезоне вырашылі паэксперыментаваць і пасадзілі больш за 20 гатункаў гібрыдаў. Калі яны апраўдаюць сябе, то будуць выкарыстоўвацца ў наступныя гады.

Галоўны аграном расказвае, што пры хімапрацоўках раслін выкарыстоўваюцца як імпартныя, так і беларускія прэпараты. Напрыклад, яравыя сёлета апрацавалі беларускім гербіцыдам «Бомба». Фунгіцыдныя апрацоўкі праводзяцца прэпаратам «Касаль про» ад беларускай фірмы «Avgust». Выкарыстоўваюцца і іншыя прэпараты гэтага вытворцы.

Каб паглядзець, як выглядае хімапрацоўка на практыцы, карэспандэнты разам з Леанідам Уладзіміравічам адправіліся на поле каля Дабучына.

Апрацоўку зерневых ад хвароб і шкоднікаў на самаходным апырсквальніку Berthoud Boxer 4000 тут праводзіў механізатар Аляксандр Басак. Побач — аграхімік Дзяніс Кулеша. Дарэчы, у яго аказалася цікавае фота. На ім — адразу тры пакаленні апырсквальнікаў, якія ў гаспадарцы так і называюць: «дзядуля», «сын» і «ўнук».

Аляксандру Басаку пашчасціла працаваць на самым маладым агрэгаце, які быў закуплены сёлета. Сучасная тэхніка дазваляе рацыянальна расходаваць прэпараты: калі апырсквальнік ужо апрацоўваў палеткі, распыленне аўтаматычна блакуецца. За дзень удаецца прайсці каля 120 га.

P.S. За некалькі дзён да журналістаў «раёнкі» ў гаспадарку завіталі тэлевізіёншчыкі. У наступную сераду, 9 чэрвеня, у 19.40 на тэлеканале «Беларусь 4. Брэст» выйдзе праграма «Зямля і людзі» пра ААТ «Агра-Калядзічы».

Уладзіслаў ШПАРЛА, Кацярына МАСІК (фота)