Асноўным сродкам прафілактыкі грыпу застаецца вакцынацыя. Прышчэпкі супраць грыпу ўключаны ў нацыянальныя календары практычна ўсіх краін Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі, Еўропы, Азіі і Аўстраліі. Беларускія медыкі таксама прытрымліваюцца меркавання: хваробу лепш папярэдзіць.
Прышчэпачная кампанія стартавала.
На Пружаншчыну паступілі першыя партыі вакцыны супраць грыпу. Па стану на 29 верасня 2016 года прышчапіліся ўжо 4685 чалавек, амаль трэцяя частка якіх — дзеці. Усяго плануецца ахапіць вакцынацыяй звыш 19 тысяч жыхароў раёна, у тым ліку больш 6 тысяч дзяцей.
Большая частка выдаткаў па правядзенні прышчэпачнай кампаніі ляжа на мясцовы бюджэт: для патрэб бягучага сезона плануецца набыць звыш 9100 доз вакцыны «Грыпол» расійскай вытворчасці. Такія прышчэпкі атрымаюць шэраг грамадзян, што маюць права на бясплатную вакцынацыю. Льготнікамі з’яўляюцца:
* людзі з хранічнымі захворваннямі;
* людзі ва ўзросце старэй 65 гадоў;
* медыцынскія работнікі;
* работнікі ўстаноў адукацыі;
* дзеці ва ўзросце ад трох да шасці гадоў;
* вучні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, навучэнцы ліцэяў і каледжаў.
Часткова кампанія па вакцынацыі фінансуецца і са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Сёлета з гэтай крыніцы паступяць грошы на закупку амаль 6400 доз «Грыполу». За гэты кошт бясплатныя прышчэпкі атрымае частка дзяцей і дарослых з хранічнымі захворваннямі, людзей, старэйшых за 65 гадоў, а таксама дзеці ва ўзросце ад шасці месяцаў да трох гадоў, цяжарныя жанчыны, асобы з устаноў з кругласутачным знаходжаннем (выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў пас.Сонечны, пацыенты Шарашоўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната).
Эканамічны эффект.
Лячэнне грыпу, выкліканых ім ускладненняў і абвастрэнняў хранічных хвароб абыходзіцца, мякка кажучы, нятанна. Перыяд непрацаздольнасці дарослага ці адсутнасці яго на рабоце ў сувязі з хваробай дзіцяці прыносіць страты і эканоміцы.
Разлікі эканамічнай эфектыўнасці імунізацыі супраць грыпу перад сёлетнім эпідсезонам паказалі: на 1 рубель, укладзены ў вакцынацыю, атрымліваецца больш 2 рублёў эканоміі. Па гэтай прычыне шэраг прадпрыемстваў раёна бяруць на сябе выдаткі па аплаце вакцынацыі сваіх работнікаў.
Канешне, вакцыніравацца можна і за ўласныя сродкі: як паведаміў загадчык аддзела эпідэміялогіі Пружанскага РЦГЭ М.В.Жуковіч, сёлета кошт прышчэпкі (вакцына «Грыпол») складае 4,01 рубля (40 100 руб. у старых грошах).
Без сацыяльнага ўрону.
Мінулы эпідсезон не дасягнуў парогавых значэнняў і не выклікаў росту захворвання ні ў адным з гарадоў Брэстчыны, што сведчыць пра эфектыўнасць праведзенай вакцынацыі. Увогуле, па выніках праведзенага аналізу захворваемасць ВРІ і грыпам у эпідсезон з 2013 года не перавышала парогаў захворвання, у сувязі з гэтым не ўводзіліся дадатковыя меры. Напрыклад, ніводная са школ раёна не закрывалася на карантын па грыпу.
Між іншым.
Леташнія назіранні на двух кантрольных прадпрыемствах раёна паказалі:
* захворванне ВРІ і грыпам у эпідсезон сярод прышчэпленых не была зарэгістравана;
* сярод непрышчэпленых захворванне склала 64%.
Загадчыца паліклінікі Вольга Паўлаўна Барысюк запрашае ў прышчэпачны кабінет (№24 на 2-м паверсе), які працуе з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 19.00 гадзін у буднія дні.
Акрамя таго, па пытаннях вакцынацыі супраць грыпу можна звяртацца ў Пружанскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі па тэлефонах 9-03-53 і 9-35-31 (Максім Васільевіч Жуковіч, загадчык аддзела эпідэміялогіі) у рабочыя дні з 8.00 да 16.00, па суботах — з 9.00 да 13.00.
Даведка «РБ»
Захворванне вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі і грыпам па-ранейшаму трымаецца на верхніх радках рэйтынгаў самых актуальных медыцынскіх праблем.
***
На Брэстчыне штогод хварэюць грыпам і ВРІ каля 25% насельніцтва. З мэтай зніжэння ўзроўню гэтых захворванняў у бягучым эпідсезоне плануецца ахапіць імунізацыяй каля 40% насельніцтва раёна, забяспечыўшы пры гэтым вакцынай не менш 75% «груп рызыкі».
***
Як паведаміў загадчык аддзела эпідэміялогіі Пружанскага РЦГЭ М.В.Жуковіч, з 2006 года на тэрыторыі Пружаншчыны зроблены амаль 138 тысяч прышчэпак ад грыпу. Выпадкаў сярэдняй альбо цяжкай рэакцыі на прышчэпку нашымі медыкамі зарэгістравана не было.
Падрыхтавала Марына вакульская.



