Среда, 15 января 2025

Столетие службы записей актов гражданского состояния отметили и в Пружанах

1 741

Сёлета ў календары нямала юбілейных дат, большасць з якіх прыпадае на канец года. Справа ў тым, што многія службы і органы былі створаны пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. У работнікаў аддзелаў ЗАГС таксама сёлета свята: 18 снежня споўнілася роўна сто гадоў, як была створана служба запісу актаў грамадзянскага стану. Гэтая падзея і стала нагодай для святочнага канцэрта, які прайшоў у мінулую пятніцу ў малой зале Палаца культуры.
Так усё пачыналася
Экскурс у гісторыю нагадаў, як ішло станаўленне службы. Дакументам, які памяняў стары парадак шлюбна-сямейных адносін, што рэгуляваліся царквой, стаў Дэкрэт «Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і вядзенні кніг актаў стану». Гэты дакумент і зацвердзіў дзяржаўныя органы ЗАГС. Так царква перастала выконваць абавязкі па запісе шлюбных звестак: усе метрычныя кнігі былі перада-дзены новаму аддзелу на захоўванне. Інакш кажучы, юрыдычныя наступствы за актамі грамадзянскага стану прызнаваліся толькі ў тым выпадку, калі яны былі зарэгістраваны ў дзяржаўных органах. Тады ўпершыню было абвешчана пра раўнапраўе мужчын і жанчын.
Што тычыцца Пружаншчыны, тут служба ЗАГС утварылася толькі ў 1940 годзе, пасля далучэння ў 1939 годзе Заходняй Беларусі да Савецкага Саюза. Першы запіс, які быў зроблены Пружанскім раённым Бюро ЗАГС Народнага камісарыята ўнутраных спраў БССР, датуецца 11 красавіка 1940 года — аб заключэнні шлюбу. Да слова, у тым годзе зарэгістраваны 121 шлюб, выдадзена 320 пасведчанняў аб нараджэнні і 107 аб смерці.

Рэгістраваць сем’і — іх прафесія
Адной з першых упісала сваё імя ў гісторыю Пружанскага аддзела ЗАГС Наталля Вароніна, якая 35 гадоў яго ўзначальвала. У мінулым — санітарка ваенна-санітарнага цягніка па эвакуацыі параненых байцоў ад лініі фронту ў тыл, якая нават пасля вайны ў складзе эшалона дапамагала вывозіць параненых з Германіі і Польшчы.
У 1983 годзе Н.С.Вароніну на гэтай пасадзе змяніла Л.У.Дземідовіч. Больш як за чвэрць стагоддзя работы ў ЗАГСе Людміла Уладзіміраўна стала не проста прафесіяналам — прысвяціла сябе абранай справе. На ўсе выпадкі жыцця яна знаходзіла слушныя парады і дзялілася сваёй мудрасцю з наведвальнікамі, якія звярталіся сюды і з добрай нагоды, і ў горкія хвіліны. Лепшы вопыт у калегі пераняла і А.М. Хамюк, якая ўзначальвала ўстанову з 2010 па 2012 гады і прысвяціла працы ў ЗАГСе каля 15 гадоў.
Сёння начальнікам аддзела ЗАГС райвыканкама працуе Наталля Цібароўская — дастойная змена сваіх папярэдніц. Напярэдадні прафесійнага свята за плённую дзейнасць яна атрымала ўзнагароду ад галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама.
У прэзентацыі «Наша мінулае і цяперашняе» больш падрабязна было расказана, як ішло станаўленне службы і хто ўпісаў свае імёны ў летапіс аддзела ЗАГС Пружаншчыны.

Святкавалі ўсе разам
Прыемныя словы, шчырыя віншаванні, памятныя падарункі, кветкі. Значнасць справы, якой займаюцца людзі, што звязалі свае працоўныя будні са службай запісу актаў грамадзянскага стану, падкрэсліла старшыня раённага Савета дэпутатаў М.В.Сцепанюк. Асаблівыя словы ў адрас работнікаў ЗАГСа знайшла і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук.Шмат узнагарод было ўручана і тым, хто сёння займаецца любімай справай, і тым, хто ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку: Грамату раённага Савета дэпутатаў атрымала кіраўнік спраў Сухопальскага сельвыканкама С.М.Кабылкевіч, Падзячныя лісты райвыканкама — кіраўнікі спраў Пружанскага сельвыканкама Н.А.Касцючэнка і Ружанскага сельвыканкама Н.В.Юрэня, Грамату раённага аб’яднання прафсаюзаў — галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС В.У.Пракапеня.Да слова, віншавальныя адрасы ад імя старшыні аблвыканкама А.В.Ліса знайшлі былых загадчыцу ЗАГСа Л.У.Дземідовіч і інспектара аддзела Л.У. Смецюх.
Адразу пасля ўтварэння ЗАГСаў патрэбы ў рэлігійных абрадах не было: палітыка партыі і дзяржавы ў той час з’яўлялася атэістычнай. Але, як паказала жыццё, дзяржаўная служба і храмы могуць мірна суседнічаць, дапаўняючы адзін аднаго. Вось і на ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя службы сярод гасцей, якія прыйшлі павіншаваць калектыў аддзела ЗАГС райвыканкама, былі протаіерэй Міхаіл Носка і ксёндз Вінцэнт Сяўрук.
Пастараліся не абдзяліць увагай і людзей, якія шмат гадоў працавалі сакратарамі ў сельскіх Саветах і з гэтай пасады пайшлі на пенсію.
Творчую адметнасць ва ўрачыстасць прыўнеслі артысты. Падчас мерапрыемства са сцэны Палаца культуры зачароўвалі сваімі выступленнямі выхаванцы харэаграфічнага аддзялення ДШМ імя Р.Шырмы, удзельнікі струннага ансамбля «АRCHI», навучэнцы Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Як заўсёды парадавалі работнікі Палаца культуры Алег Строк і Аксана Карповіч, Таццяна Паласьмак.

… Хоць злучаць вузамі шлюбу не адзіны абавязак работнікаў ЗАГСа, усё роўна гэтая служба асацыіруецца ў людзей у першую чаргу з вяселлем. Таму як на вяселлі, дзе кожнаму госцю ўручаюць кавалачак каравая, у фінале мерапрыемства кожны прысутны ў глядацкай зале атрымаў духмяную здобу — часцінку свята, якое панёс з сабою.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *