Четверг, 12 февраля 2026

Стол не круглы, але па-хатняму душэўны

799

Невялікі аматар розных «круглых сталоў» пабываў на пасяджэнні аднаго з такіх, і вельмі пранікся душэўнасцю, цеплынёй, адкрытасцю і прыкладамі стойкасці нашых жанчын.

Можа, сама атмасфера Пружанскага палацыка, а можа, і шчырасць арганізатараў зрабілі, на першы погляд, сумнаватае мерапрыемства даволі шчырым. А хутчэй жа за ўсё, абодва фактары паўплывалі на гэта.

У цэнтры ўвагі пасяджэння былі дзве Ірыны, адна — Марозава, другая — Карачун. Першая працуе прыёмнай мамай, другая ўзначальвае дзіцячы дом сямейнага тыпу. У чым розніца, раскажу ў сваім аналітычным матэрыяле. Там жа і прааналізуем плюсы і мінусы такога бацькоўства, зробім параўнанне гэтым, а яшчэ апякунскім сем’ям.

У чым жа праявілася цеплыня? Ды ва ўменні гэта рабіць загадчыцы сектарам па суправаджэнні сем’яў, якія прынялі на выхаванне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, Пружанскага СПЦ Аксаны Кот, педагога сацыяльнага гэтай жа ўстановы Ірыны Дзевянцей, педагога-псіхолага Аляксандры Шапавалавай. Яны былі вядучымі мерапрыемства, на якім гасцямі таксама былі галоўны спецыяліст па пытаннях сацыяльнага забеспячэння правоў непаўналетніх аддзела па адукацыі Таццяна Пракопчык, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Наталля Чарэшка, метадыст дзяржаўнай вучэбна-метадычнай установы «Пружанскі навучальна-метадычны кабінет» Кацярына Наход, дырэктар Пружанскага СПЦ Аксана Марчук.

Мяне асабліва кранулі аповеды Ірыны Марозавай і Ірыны Карачун пра тое, як ім далося гэтае даволі няпростае рашэнне прыняць дзяцей. Кажуць, што чужых хлопчыкаў і дзяўчынак не бывае, але не ўсё так проста, як здаецца. Гэтыя жанчыны прыйшлі да ўсвядомленага рашэння зрабіць шчаслівымі дзетак, падарыць ім будучыню, дапамагчы паверыць у дабрыню, любоў, ахутаць бацькоўскай цеплынёй, стаць мамай, як Ірына Вітальеўна Карачун, для 10 дзяцей ці для аднаго Кірыла паўнаважкай сям’ёй, як Валянцін і Ірына Марозавы. Каб расказаць пра іх гісторыі, то не адзін выпуск газеты трэба гэтаму прысвяціць. Яны змаглі заваяваць любоў дзетак, якія называюць іх мамамі і татамі. Для мяне гэта самае кранальнае. Значыць, маленькі чалавек, падлетак змаглі ім паверыць, пранікнуцца любоўю. Жанчынам задавалі розныя пытанні. На іх яны шчыра адказвалі.

На сустрэчу былі запрошаны прадстаўнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый раёна, сельвыканкамаў. На жаль, не ўсе даехалі. Мэта ж у арганізатараў была самая высакародная — папулярызаваць прафесію «прыёмныя бацькі», а таксама расказаць пра апякунскія сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Сацыяльнае сіроцтва павялічваецца. Біялагічныя бацькі ў дзетак ёсць. Але яны толькі так называюцца. Многія нават не цікавяцца далейшым лёсам адабраных дзетак, не прыязджаюць іх наведаць. Дарэчы, прыёмныя бацькі нікому не перашкаджаюць гэта рабіць. Сувязь біялагічная не павінна разрывацца…

Віктар Ільюшчанка