У мінулую нядзелю сельскія працаўнікі Пружаншчыны першымі ў Брэсцкай вобласці намалацілі сто тысяч тон збожжа. У гэтым бачыцца заслуга ўсіх, хто рыхтаваў глебу, сеяў, даглядаў пасевы і зараз убірае ўраджай.
Упершыню 100-тысячны валавы збор збожжа ў нашым раёне быў дасягнуты ў далёкім 1977 годзе. Праз дзесяць гадоў сабралі 137 тысяч тон. А самым ураджайным выдаўся 2014 год, калі ў засекі засыпалі ажно 146 тысяч тон збожжа. Мінулы год быў менш удалым — намалочана 127 тысяч тон збожжа. Аб сёлетнім валавым намалоце пакуль разважаць ранавата — рэкорд ён не паб‘е, але ў асобных гаспадарках ураджайнасць збожжавай нівы перавышае мінулагоднюю.
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае стотысячнаму намалоту, прайшло ў панядзелак на адным з палеткаў ААТ «Эксперыментальная база «Белавусаўшчына» паблізу ад вёскі Парасляны. Яго ўдзельнікамі сталі намеснік старшыні аблвыканкама В.Я.Сакоўскі, старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.Х. Лапыка, кіраўнікі гаспадарак раёна, камбайнеры і вадзіцелі ААТ «Эксперыментальная база «Белавусаўшчына», спецыялісты райсельгасхарчу.
Старшыня райвыканкама цёпла павіншаваў усіх прысутных са знамянальнай для раёна падзеяй і адзначыў, што кожная гаспадарка ўнесла свой уклад у агульны каравай.
І вось кульмінацыя святочнага мерапрыемства. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах падносяць В.Я.Сакоўскаму, кіраўніцтву раёна, кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў хлебныя караваі новага ўраджаю. Таксама ім і камбайнерам павязваюцца стужкі пераможцаў раённага спаборніцтва «Ураджай-2016». Камбайнеры і вадзіцелі частуюцца духмяным хлебам.
Шчырымі апладысментамі сустрэлі прысутныя выступленні вакальнай групы «Надзея» Сланімцоўскага сельскага клуба і вакальнай групы аўтаклуба «Забава».
Мікола АРХУЦІК,
Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)