Суббота, 8 февраля 2025

Стерилизация и кастрация. Поговорили с ветеринаром о бездомных животных и ответственности хозяев

1 117

Паважаныя чытачы, сёння мы прадстаўляем вашай увазе новую старонку, прысвечаную братам нашым меншым. Мы пастараемся рыхтаваць для вас карысныя парады, знаёміць з цікавымі хатнімі гадаванцамі, уздымаць праблемы, якія тычацца ўзаемаадносін людзей і жывёл.

Каб старонка знайшла сваіх прыхільнікаў, стала сапраўды “жывым кутком”, нам неабходна ваша дапамога: дзяліцеся сваімі думкамі і цікавымі гісторыямі. Зрабіць гэта можна па нумары 9-15-02 ці напісаць на электронны адрас wee_dew@mail.ru.

Аддам у добрыя рукі… Дапамажыце знайсці гаспадара… Толькі сумленнаму чалавеку…

Штодня на вочы трапляюцца без перабольшвання дзясяткі аб’яў з падобнымі тэкстамі. А яшчэ ёсць пошукі хатніх гадаванцаў, якія збягаюць «пагуляць». Ёсць і тэлефанаванні з просьбамі абараніць ад бадзяжных сабак (якім чынам праводзіцца «абарона», думаю, што вы ведаеце).

Здавалася б, людзі, якія трымаюць хатніх жывёл, павінны іх любіць, але ж гэта менавіта з-за іх бяздумнасці адбываюцца вышэйапісаныя сітуацыі.

Чаму толькі невялікі працэнт пружанскіх гаспадароў клапо-ціцца аб тым, каб у іх чатырохлапых сяброў не было непажаданага патомства, варта толькі здагадвацца. Мяркую, што можна выдзеліць тры прычыны: боязь аперацыі, нежаданне траціць грошы, недахоп ведаў. Апошняе мы паспрабуем выправіць разам з ветурачом клінікі “Victoriavet” А.В. Шышко.

— Аляксандр Васільевіч, што павінен ведаць адказны гаспадар, які клапоціцца не толькі пра свайго гадаванца, але і ўяўляе магчымыя наступствы ад з’яўлення кацянят ці шчанят, якія рызыкуюць папоўніць рады бадзяжных жывёл?

— Пачну з таго, што на сёння ў гаспадароў ёсць два варыянты вырашэння праблемы. Першы – гэта стэрылізацыя. Пры стэрылізацыі жывёле не выдаляюць палавыя органы: самцам перавязваюць насенныя пратокі, самкам — матачныя трубы. Пры гэтым не спыняецца выпрацоўка палавых гармонаў.

Другі варыянт – кастрацыя. Гэта больш складаная аперацыя, пры якой выдаляюцца палавыя залозы, пасля чаго не захоўваецца гарманальны фон.

— Мне здаецца, што першы спосаб больш гуманны. Ці так гэта?

— Як ветурач я адназначна за другі варыянт. У адрозненне ад кастрацыі пры стэрылізацыі захоўваецца вытворчасць палавых гармонаў, як і ў некастрыраваных жывёл, а гэта значыць, што захоўваюцца ўсе праблемы, звязаныя з палавымі паводзінамі. Сабака застанецца агрэсіўным, кот будзе працягваць “меціць” самыя непадыходзячыя месцы…

Высокай застаецца рызыка раку малочных залозаў і яечкаў, розных запаленчых працэсаў і іншых захворванняў.

— Атрымліваецца, што кастрацыя вырашае не толькі праблему непажаданага патомства?

— Гэта так. Кастрыраваная жывёла не будзе збягаць з дому, будзе менш бадзяцца, а гэта значыць, не прынясе ў дом лішай ці паразітаў, якімі лёгка заразіць гаспадара і членаў яго сям’і. А яшчэ гэта эканамічна выгадна. Гаспадару не трэба купляць гарманальныя кроплі (якія, да таго ж, і шкодныя) па некалькі разоў на год, а толькі адзін раз заплаціць за аперацыю. Такія жывёлы трацяць менш энергіі, таму і карміць іх трэба менш. На 1,5-2 гады павялічваецца працягласць жыцця.

— А ці ёсць супрацьпаказанні для такіх аперацый?

— Кожная жывёла перад аперацыяй павінна быць агледжана                ветурачом. Калі ў яе няма ніякіх захворванняў, дазваляе ўзрост, то нішто не павінна падштурхнуць гаспадара адмовіцца ад працэдуры.

Дарэчы, да канца лета ў нашай клініцы дзейнічае акцыя са зніжкамі на кастрацыю. Азнаёміцца з яе ўмовамі можна ў нашай групе https://vk.com/vetmedbel.

ВАЖНА!

Пры ТАА “Пружаны Груп”  адкрыты дабрачынны рахунак, сродкі з якога будуць ісці на   лячэнне і кастрацыю бадзяжных жывёл.

Папоўніць рахунак можа кожны: BY67AKBB30120000032691100000 ЦБУ 122 філіяла 113 ААТ “ААБ  Беларусбанк” у г.Пружаны, вул. Заводская, 16. УНП 291210239, БІК АКВВВY21113

Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.