Штогод колькасць аўтамабіляў у Пружанах павялічваецца, але ж горад «не гумавы» і месцаў для паркоўкі ўсім не хапае, нягледзячы на тое, што практычна кожны год на вуліцах адводзяцца новыя пляцоўкі пад аўтамабільныя стаянкі, а дзеючыя — пашыраюць. Між тым, сярод вадзіцеляў ёсць людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, якім неабходна паркавацца як мага бліжэй да аб’ектаў гандлю, месцаў культурнага правядзення вольнага часу. Згодна з заканадаўствам, на аўтамабільных стаянках павінна вызначацца асобнае месца пад паркоўку машыны, якой кіруе інвалід І і ІІ групы або якая перавозіць яго. Такое ж права маюць і інваліды ІІІ групы ці асобы, якія іх перавозяць, але толькі тады, калі фізічныя абмежаванні звязаны з парушэннямі апорна-рухальнага апарата.
Ці дзейнічае гэта правіла ў Пружанах? Разам з супрацоўнікамі ДАІ карэспандэнты «Раённых будняў» ацанілі рэальную сітуацыю. І як высветлілася, праблемы ёсць.
На некаторых аўтастаянках цяжка разабрацца, дзе маюць права паркавацца інваліды-вадзіцелі або машыны, якія іх перавозяць. Напрыклад, на паркоўцы каля магазіна «MART INN» адведзена два такія месцы, якія падчас нашага рэйда былі заняты «джыпамі». Вось толькі прыцягнуць уладальнікаў да адміністрацыйнай адказнасці інспектары не мелі права, таму што ад пазнакі на асфальце амаль не засталося слядоў, а больш ніякіх тлумачальных знакаў навокал не назіралася.

Лепшая сітуацыя на стаянцы каля гарадской плошчы: на абодвух месцах добра бачна спецыяльная разметка «Паркоўка для інвалідаў». Тут асаблівыя парковачныя зоны былі свабодныя.

Інакш вырашылі зрабіць уладальнікі гандлёвага дома «777»: на спецыяльна адведзеным месцы замест разметкі ўстаноўлены дарожны знак «Інваліды», які бачны ў любое надвор’е. Хаця, як паказалі наступныя назіранні, не заўсёды аўтамабілісты звяртаюць увагу на інфармацыю, якую адлюстроўваюць дарожныя знакі.


На аўтамабільнай стаянцы па вул. Будаўнічай каля бальніцы адведзена пад паркоўку для інвалідаў чатыры месцы, што пацвярджаў спецыяльны дарожны знак. Усе чатыры месцы былі заняты. Мы пацікавіліся, кім? Напрыклад, у Міхаіла Мікалаевіча з пас.Сонечны такое права ёсць, замацаванае наяўнасцю пасведчання інваліда ІІІ групы з-за парушэнняў апорна-рухальнага апарата. Як расказаў вадзіцель, ён шмат ездзіць і звычайна паркуецца на вызначаных для такой катэгорыі аўтаўладальнікаў месцах. Хаця ўдаецца гэта не заўсёды.
— У спрэчкі я не ўступаю, а станаўлюся там, дзе свабодна, хаця гэта бывае і далёка ад увахода ў бальніцу або магазін,— расказаў мужчына.— Калі ў чалавека, які прыпаркаваўся на месцы для інваліда, няма сумлення, то з-за маёй заўвагі яно не з‘явіцца.
Уладальнікаў трох суседніх аўто інспектары ДАІ ўстанавілі па базе і выклікалі па тэлефоне. Ва ўсіх іх не было ніякага права паркавацца на спецыяльна адведзеным месцы. Што і стала прычынай складання адміністрацыйных пратаколаў. Згодна з новым Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, за першы такі «пракол» прадугледжана пісьмовае папярэджанне, што і атрымаў на гэты раз кожны парушальнік. Але ўсіх інспектары папярэдзілі: калі яны дапусцяць паўторнае на працягу года парушэнне, іх ужо чакае штраф у памеры дзвюх базавых велічынь (гэта 58 руб.)
Алег Сідарэнка, Кацярына Масік (фота).