Среда, 19 февраля 2025

Ставка на кукурузу. В ОАО «Ружаны-Агро» королева полей займет 48% посевных площадей

5 249

ААТ «Ружаны-Агра» мае самы вялікі яравы палетак сярод гаспадарак нашага раёна. Сёлетняй вясной яравыя культуры ў таварыстве неабходна пасеяць на плошчы 6450 гектараў, што складае 16% яравога кліна Пружаншчыны.
— На першым этапе пасяўной мы пасеялі раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры на плошчы 2440 гектараў, — гаворыць галоўны аграном таварыства Р.Х.Атулян. — На палетках было задзейнічана пяць трактароў з пасяўнымі агрэгатамі.
Завершана ў гаспадарцы і пасадка бульбы. Сёлета гэта культура, як і ў мінулым годзе, размешчана на 150 гектарах.
Але працоўнае напружанне на палетках ААТ «Ружаны-Агра» не спадае. Вядуцца работы па доглядзе пасеваў яравых і азімых збожжавых, азімага рапсу. Вядома ж, у разгары і сяўба кукурузы — асноўнай кармавой культуры гаспадаркі.
— Сёлетняй вясной пад кукурузу будзе адведзена 3100 гектараў зямель, — тлумачыць Руслан Хачыкавіч. — Прычым 300 гектараў з іх плануем убраць на зерне.
Кукуруза ў гаспадарцы — культура стратэгічная. І зусім невыпадкова яна займае 48% ад усяго яравога палетка.
У мінулым годзе «каралева палёў» не падвяла сельскіх працаўнікоў: з аднаго гектара было атрымана ў сярэднім каля 400 цэнтнераў зялёнай масы. Удалося стварыць трывалыя запасы кармоў для жывёлагадоўлі, якая з’яўляецца асноўнай крыніцай грашовай выручкі таварыства.
Сёлета, як і ў мінулым годзе, стаўка робіцца на гібрыды кукурузы французскай і нямецкай селекцыі. Па словах галоўнага агранома, менавіта яны вызначаюцца выдатным ураджаем зялёнай масы і не падво-дзяць пры капрызах надвор’я.
Пры вырошчванні кукурузы на зерне і сілас патрэбны комплексны падыход: якаснае насенне, падрыхтоўка глебы пад сяўбу, правядзенне сяўбы сеялкамі дакладнага высеву, пастаяннае ачышчэнне глебы ад пустазелля, якасная ўборка з прымяненнем сучасных камбайнаў. Добра ведаюць пра гэта і ў ААТ «Ружаны-Агра».
На сяўбе кукурузы тут задзейнічаны два трактары з сеялкамі дакладнага высеву. За дзень механізатары засяваюць каля 110 гектараў плошчаў. Сяўба гэтай культуры ў гаспадарцы ўжо пераваліла за экватар.
Падчас пасяўной кампаніі галаўнога агранома турбуе толькі адна акалічнасць — працяглая адсутнасць ападкаў. Глебы ў гаспадарцы ў асноўным з’яўляюцца лёгкімі па механічным складзе і хутка перасыхаюць. Праблема ў тым, што пры правядзенні работ за пасяўнымі агрэгатамі цягнецца шлейф пылу. Няпроста працаваць у такіх умовах і механізатарам. Будзем спадзявацца, што хутка пойдуць дажджы і што гэта будзе садзейнічаць развіццю не толькі кукурузы, але і астатніх сельгаскультур.

На здымках: механізатар А.В.Густыр і галоўны аграном Р.Х.Атулян; сяўба кукурузы непадалёку ад вёскі Калазубы.
Мікола АРХУЦІК, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *