Суббота, 18 января 2025

Старыя паштоўкі з навагоднім настроем да 8 студзеня можна ўбачыць на выставе ў «Пружанскім палацыку»

478

Напярэдадні навагодніх свят людзі адчуваюць настальгію па былым. Маўляў, у часы СССР і аліўе было смачнейшае, і фільмы лепшыя, і паштоўкі прыгажэйшыя. Што да апошніх, то іх сёння ўвогуле мала хто бярэ ў рукі, каб напісаць некалькі цёплых слоў блізкім людзям…

У навагоднія святы прапануем згадаць прыгожыя і добрыя савецкія паштоўкі, а таксама вярнуцца ў непаўторны свет дзяцінства і зімовай казкі, наведаўшы Пружанскі палацык.

У СССР было прынята пісаць адзін аднаму віншавальныя паштоўкі да ўсіх свят. Кожны год выдаваліся партыі новых навагодніх паштовак, якія карысталіся вялікім попытам (звычайны тыраж — 3 мільёны экзэмпляраў). Пошта перад Новым годам працавала з павышанай нагрузкай і ледзь спраўлялася з патокам віншаванняў. На паштоўках нават друкавалі папярэджанне: «Адпраўляйце віншавальныя паштоўкі загадзя». Час, калі паштовыя скрыні напярэдадні Новага года запаўняліся віншавальнымі паштоўкамі, даўно мінуў. Мабільная сувязь і інтэрнэт ператварылі віншаванне са святам у самы звычайны тэхнічны працэс, пазбавіўшы яго налёту магіі. Але старыя савецкія паштоўкі… У іх ёсць нешта асаблівае. У іх — наша памяць…

Ад навагодніх паштовак часоў СССР вее цяплом і ўтульнасцю. Гледзячы на святочныя карцінкі, нібы адчуваеш набліжэнне доўгачаканага вечара, і ўсё вакол выглядае казачным і незвычайным. Савецкія паштоўкі вясёлыя і добрыя. Магчыма, таму яны ў наш час сталі папулярнымі. Верагодна, па той прычыне, што стыль рэтра зноў у модзе.

Тым, хто хоча ўспомніць дзяцінства, раім наведаць выставу «Савецкі Новы год» у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык», якая працуе па 8 студзеня. Акрамя савецкіх паштовак, на выставе прадстаўлена жывая ёлка, упрыгожаная тагачаснымі навагоднімі ёлачнымі цацкамі і фотаздымкамі. Таксама дзейнічае фотазона, аформленая ў стылі савецкага перыяду.

Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»