Стартавала Усебеларуская акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі», прымеркаваная да Дня Канстытуцыі. Традыцыйныя мерапрыемствы ў яе рамках — уручэнне пашпартоў юным грамадзянам краіны.
У сераду, напрыклад, акцыя прайшла ў Брэсцкім аблвыканкаме. На мерапрыемства з удзелам кіраўніка вобласці А.В.Ліса было запрошана 25 таленавітых і актыўных 14-гадовых жыхароў Брэстчыны.

Апынуцца ў іх ліку атрымалі гонар і гімназісткі Дар’я Рэпіха і Таццяна Захарчанка.
Бясспрэчна, атрыманне свайго першага пашпарта дзяўчынкам запомніцца на ўсё жыццё.
Акрамя таго, падлеткі прынялі ўдзел у «круглым стале», падчас якога расказвалі, дзе жывуць і чым ганарацца, дзяліліся пажаданнямі для сваёй малой радзімы, а таксама задавалі пытанні Анатолю Васільевічу. Падарункам для ўдзельнікаў акцыі сталі Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і экскурсія на 11-ю пагранзаставу «Брэст» імя Кіжаватава.

Такая хвалюючая падзея, як атрыманне першага пашпарта, выклікала непадробныя эмоцыі і ў вучаніц 8 «А» класа гімназіі г.Пружаны Лізаветы Хатулёвай і Аліны Мяшэчка. Яны — выдатніцы, актывісткі, удзельніцы шматлікіх конкурсаў — сталі ўдзельніцамі раённага этапу Усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі»: учора ў ліку іншых хлопцаў і дзяўчат яны атрымалі свае важныя дакументы, якія, варта разумець, дадалі ім і правоў, і абавязкаў.
Падрабязны рэпартаж з раённага мерапрыемства, прымеркаванага да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, шукайце ў наступным нумары «раёнкі».
Марына ВАКУЛЬСКАЯ.