Суббота, 12 октября 2024

Старшынёй Брэсцкага аблвыканкама назначаны Пётр Аляксандравіч Пархомчык

258

Адпаведнае рашэнне 12 жніўня прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Да прызначэння на дадзеную пасаду Пётр Пархомчык працаваў намеснікам Прэм’ер-міністра Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы патлумачыў такое рашэнне тым, што ў Брэсцкай вобласці трэба сур’ёзна папрацаваць з прамысловасцю. «Трэба разумець, што адна справа — віцэ-прэм’ер. Іншае — самастойная праца ў Брэсцкім аблвыканкаме. Гэта адказнасць за вобласць. Старшыні аблвыканкамаў — цэнтральныя постаці ў органах улады ў Беларусі. Гэта трэба таксама разумець. Брэсцкая вобласць — добрая вобласць. Але няпростая»,— сказаў Прэзідэнт.

Новы кіраўнік рэгіёна звярнуў увагу на патрабаванне Прэзідэнта, акрамя пытанняў аграпрамысловага сектара, уборкі ўраджаю і шэрага іншых, зрабіць асаблівы акцэнт на развіцці прамысловасці ў рэгіёне.

«Прэзідэнт спадзяецца, што мы зможам разгарнуць шырокамаштабную працу ў абласцях імпартазамяшчэння, інвестыцыйнага развіцця прамысловасці, створым нейкія новыя прадпрыемствы. І паспрабуем вызначаныя моманты па стварэнні абсалютна новага прадпрыемства да канца ўжо гэтага года ў Баранавічах арганізаваць».