Понедельник, 16 сентября 2024

Старшыня Сухопальскага сельвыканкама Міхаіл Мартынаў расказаў пра звароты грамадзян, якія паступалі сёлета

422

Як па мне, галоўнае не тое, якую пасаду чалавек займае, а тое — якой душы ён, якія мэты перад сабой ставіць, для каго і чаго жыве на гэтым свеце.

Пра гэта можна многа разважаць, прыводзіць шмат аргументаў у пацвярджэнне сваёй думкі. Але, здаецца, калі сярод асабістага стараешся бачыць праблемы агульныя, быць патрэбным навакольным, то і табе самому добрыя справы будуць вяртацца ў сто разоў больш. Ды і маральнае задавальненне ад зробленага для суседзяў, знаёмых, дзеля агульнай справы таго ж сельсавета каштуе дарагога, бо прыходзіць разуменне: ты не адзін, і цябе пры небходнасці не пакінуць у бядзе, дапамогуць.

Нехта можа сказаць, што гэта проста высокія словы і жыць трэба толькі для сябе. Што ж, кожнаму самастойна вырашаць: скажуць пра яго добрае ці нічога.

Але аднадумца я знайшоў у асобе старшыні Сухопальскага сельвыканкама. Міхаіл Мартынаў схіляецца да думкі, што клапаціцца трэба, перш за ўсё, пра людзей, пра іх дабрабыт, а ў апошнюю чаргу — пра сябе. Няхай і не ўсё адразу атрымліваецца, затое ты не пакінуў чалавека сам-насам з праблемамі, не зрабіў выгляд, што твая хата з краю.

А праблем у вяскоўцаў, як аказалася, нямала. Мы папрасілі Міхаіла Яўгенавіча агучыць круг зваротаў, якія паступалі ў сельвыканкам за бягучы год. Вось што атрымалася:

1. Звароты па выдзяленні зямельных участкаў пад агародніцтва, рэгістрацыя іх. Налічылі такіх 37. Нядзіўна, бо цяпер многія стараюцца займець участак на прыродзе, каб хоць у выхадныя дыхаць свежым паветрам, есці агародніну і садавіну, якую самі вырасцілі. Ды яшчэ ў Белавежскай пушчы!

2. Выдача дазволаў на правядзенне рэканструкцыі дамоў з уладкаваннем электрычнага ацяплення. Па іх звярнулася 12 чалавек. Цяпер такі від ацяплення вельмі папулярны, бо затраты на яго ўстаноўку акупляюцца даволі хутка. Ды і не трэба кожны год думаць пра цвёрдае паліва, калі яшчэ, у дадатак, і прыродны газ ад твайго населенага пункта далёка. Гэта могуць пацвердзіць жыхары Хвалава, Навасёлак, Чапялёў, Роўбіцка.

3. Два чалавекі звярталіся ў сельвыканкам наконт дазволу на будаўніцтва дамоў у вёсцы Клятное. Гэтая мясцовасць ужо даўно з’яўляецца славутасцю Сухопальскага сельсавета. Калі некага зацікавіць такая інфармацыя, запрашаем наведаць вёску, палюбавацца царквой Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі, прыгожымі турыстычнымі аб’ектамі і проста незабыўнымі краявідамі.

4. Праводзілася прыёмка дома ў аг. Мурава пасля рэканструкцыі.

5. Знеслі 45 аварыйных дрэў у Роўбіцку, Сухопалі, Мураве, Чапялях і Галенах. У бліжэйшым будучым плануецца такую ж работу правесці ў аг. Сухопаль, каля Сухопальскай амбулаторыі агульнай практыкі.

6. Па дапамогу ва ўладкаванні сваяка з в.Боркі ў медустанову з пастаянным доглядам у сельвыканкам звярнулася жыхарка г.Брэста. Пытанне аператыўна было вырашана, і цяпер пажылы чалавек знаходзіцца ў Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду.

7. Праблемы вёскі Чапялі былі агучаны старастай Людмілай Абрамчык падчас выязнога прыёму грамадзян намеснікам старшыні райвыканкама Русланам Супрыновічам напрыканцы чэрвеня. Сярод іх — неабходнасць грэйдзіравання дарогі Чапялі-Купічы, разгляд магчымасці асфальтавання ў перспектыве гэтай дарогі, пытанне зарастання бур’яном тых зямельных участкаў, на якіх былі знесены пустуючыя дамы.

Міхаіл Мартынаў адзначае, што работы будуць праводзіцца па меры магчымасці і пры выдзяленні на іх фінансавання. Але зазначае, што праблемы, з якімі людзі звяртаюцца ў сельвыканкам, у большасці выпадкаў вырашаюцца станоўча. Тут стараюцца ісці насустрач чалавеку, калі вырашэнне пытання сапраўды знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовага органа ўлады.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік