Воскресенье, 8 декабря 2024

Старшыня Ружанскага сельскага Савета Аксана Юркоўская пра Пасланне Прэзідэнта: «Моцная сям’я – залог моцнай дзяржавы»

253

Працягваем публікацыю меркаванняў аб штогадовым Пасланні Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь.

– У Пасланні мяне асабліва ўсхвалявала тэма сям’і, дэмаграфічнай бяспекі краіны. «Нас, беларусаў, павінна быць больш, – сказаў Прэзідэнт краіны. – Гэта найважнейшая ўмова суверэнітэту. І дзяржава шмат робіць, каб гэтую ўмову забяспечыць. У краіне ўчыняецца маштабная падтрымка сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей… А для шматдзетных – асаблівыя ўмовы: жыллё, сямейны капітал, бясплатнае харчаванне ў дзіцячым садку і школе…»

Але сёння нас, як і Кіраўніка дзяржавы, хвалюе той факт, што падтрымка ў асобных выпадках можа не даходзіць да свайго адрасата – дзіцяці, якому яна і прызначана. Маецца на ўвазе, што ёсць нядбалыя бацькі, якія жывуць за кошт той падтрымкі ці, яшчэ горш, прапіваюць грошы. І з гэтым, сапраўды, трэба змагацца.

Лічу, што варта стварыць кампетэнтную камісію з ліку парламентарыяў, педагогаў, юрыстаў, а таксама прадстаўнікоў мясцовай улады, каб усебакова разглядзець дадзенае пытанне. А яно, дарэчы, не такое простае, як можа падацца на першы погляд, і надзвычай далікатнае. Я ўжо не раз чула прапановы, што дапамога, нават на будаўніцтва жылля, павінна быць адраснай. Маўляў, добрая, станоўчая сям’я – значыць атрымлівай крэдыт з наступным пагашэннем на будаўніцтва кватэры альбо дома. Але ў такім выпадку існуе рызыка суб’ектыўнага падыходу. Падобныя пытанні неабходна вырашаць заканадаўча. А вось нейкім чынам улічваць удзел шматдзетных бацькоў у эканоміцы пры выдзяленні льгот, асабліва на будаўніцтва, думаю, сэнс ёсць.

Адным словам, праблема, з якой сутыкнулася грамадства, няпростая, і яе вырашэнне заклікана мець на мэце найперш стымуляванне сем’яў да нараджэння дзяцей – «нас павінна быць больш». А ў сем’ях павінны расці здаровыя і шчаслівыя дзеці, якія ў будучым возьмуць на сябе клопат пра эканоміку і сацыяльную сферу, пра краіну ў цэлым.

На тэрыторыі нашага сельсавета жыве 101 шматдзетная сям’я, дзе выхоўваецца 343 дзіцяці. Большасць гэтых людзей, нават, можна сказаць, абсалютная большасць – цалкам станоўчыя, дружныя сем’і. Бацькі шчыруюць на рабоце і дома, тым самым падаюць добры прыклад дзецям. Ёсць усе падставы чакаць, што іх дзеці вырастуць працавітымі, прыстойнымі грамадзянамі нашай краіны.

Праўда, ёсць і такія, якім патрэбны пастаянны кантроль, напамін пра бацькоўскі абавязак падтрымліваць парадак у доме, клапаціцца пра вучобу і паводзіны дзяцей. Менавіта кантроль, рэгулярныя наведванні прадстаўнікоў адпаведных службаў падтрымліваюць названых шматдзетных бацькоў у пэўнай форме. Сітуацыя ў сем’ях не крытычная, але ж, як ужо гаварылася, патрабуе ўвагі.

За час маёй работы на гэтай пасадзе быў выпадак, калі сямейную пару пазбаўлялі бацькоўскіх правоў. Здараліся выпадкі, калі дзяцей часова змяшчалі ў прытулак. Цяпер бывае, што дзеці атрымліваюць статус СНС – тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, але апошняе, як правіла, падштурхоўвае бацькоў да выпраўлення. Тым больш што з такімі бацькамі актыўна працуем.

Адной са сваіх задач мясцовая ўлада лічыць работу па ўсебаковым умацаванні сям’і. Мы добра разумеем, што моцная сям’я – залог моцнай дзяржавы.

Запісала Святлана Яскевіч