Понедельник, 2 декабря 2024

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец: «За кожнай літарай Асноўнага Закона — нормы, якія рэгулююць адносіны ў грамадстве»

414

Сёння ў нашай краіне адзначаецца Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Напярэдадні значнага свята мы сустрэліся са старшынёй Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Кудраўцом і задалі яму некалькі пытанняў.

Напомнім чытачам, што 27 лютага 2022 года адбыўся рэспубліканскі рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Але шлях да гэтай важнай падзеі быў дастаткова складаным, патрабуючым карпатлівай працы многіх людзей. Мікалай Кудравец быў сярод тых, хто працаваў над праектам новай рэдакцыі Канстытуцыі.

— Мікалай Пятровіч, прайшоў год пасля рэферэндуму. Наколькі з Вашага пункту гледжання, як члена Канстытуцыйнай камісіі, змяненні актуальныя ў сённяшнім жыцці грамадства?

— Вельмі актуальныя. Напрыклад, у артыкуле 15 запісана: «Дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Насамрэч, праўда павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне. Нездарма 2022 год у нашай краіне быў Годам гістарычнай памяці. Адметная яго падзея — гэта адкрыты ўрок у Дзень ведаў «Гістарычная памяць — дарога ў будучае», які правёў Прэзідэнт краіны.

Асаблівую значнасць мае новае дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства, а таксама патрыятычны форум «Гэта наша гісторыя».

У Год гістарычнай памяці асаблівую значнасць набыла работа з моладдзю. У нашым раёне праведзена 28 дыялогавых пляцовак, якія былі прысвечаны важным палітычным падзеям, тэме захавання гістарычнай праўды пра гераічнае мінулае нашага народа.

Артыкул 18 Канстытуцыі абвяшчае, што Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах іншых дзяржаў. Знаходзячыся ў самым цэнтры Еўропы, мы ажыццяўляем сваю гістарычную місію, даем магчымасць на нашай тэрыторыі садзіцца за стол перамоў, садзейнічаем мірнаму вырашэнню канфліктаў. Гэта замацоўвае наш статус дзяржавы, якая прытрымліваецца міралюбівай знешняй палітыкі.

— Важны пасыл новай Канстытуцыі — клопат пра чалавека, захаванне сацыяльнай накіраванасці дзяржаўнай палітыкі. А як гэта праяўляецца на практыцы?

— Сацыяльныя гарантыі – гэта адзін з фактараў стабільнага развіцця грамадства. Грамадзяне краіны вырашаюць жыллёвыя пытанні. У нашым раёне нядаўна былі ўведзены ў эксплуатацыю два 40-кватэрныя жылыя дамы ў г. Пружаны, пяць жылых дамоў для сельгаспрадпрыемстваў раёна, 40 індывідуальных пабудоў, 75 кватэр пабудавана для шматдзетных сем‘яў.

Лічбы пацвярджаюць той факт, што галоўным прыярытэтам ў сацыяльнай палітыцы раёна з’яўляюцца павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва, стварэнне ўмоў для развіцця чалавечага патэнцыялу на аснове эфектыўнага функцыянавання сістэмы аховы здароўя, адукацыі, культуры і спорту.

— У Асноўным Законе краіны сказана, што дзяржава аказвае падтрымку сем’ям з дзецьмі, дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, гарантуе права на сацыяльнае забеспячэнне па ўзросце.

— І гэта на самай справе так. Рэспубліка Беларусь уваходзіць у пяцёрку краін свету па працягласці адпачынку па догляду дзіцяці. Выплочваецца сямейны капітал пры нараджэнні ці ўсынаўленні трэцяга і наступных дзяцей. Забяспечваюцца бясплатным харчаваннем вучні ў сельскіх школах і вучні пачатковых класаў гарадскіх школ.

Асаблівая ўвага надаецца сацыяльнай абароне найбольш уразлівых пластоў насельніцтва: пенсіянераў, інвалідаў, шматдзетных сем‘яў. Напрыклад, у Пружанскім раёне пражывае 819 адзінокіх пажылых грамадзян, 2436 інвалідаў, 762 шматдзетныя сям’і, 13535 атрымальнікаў пенсій. Гэтыя людзі маюць патрэбу ў розных відах дапамогі. Свае паслугі аказвае тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, адкрыта і працуе 40 сацыяльных ложкаў, некалькі разоў на працягу года павялічваюцца пенсійныя выплаты. У раёне тры дамы сямейнага тыпу, створаны прыёмныя і апякунскія сем’і.

— Падчас абмеркавання новай рэдакцыі Асноўнага Закона шмат увагі надавалася якасці і даступнасці медыцынскага абслугоўвання. Як вырашаецца гэтае пытанне ў нашым раёне?

— Так, у артыкуле 45 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь запісана, што дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання, але грамадзяне і самі павінны клапаціцца аб захаванні асабістага здароўя. Кожны год у краіне уводзяцца новыя медыцынскія аб’екты. У 2022 годзе адкрыта 29 медыцынскіх устаноў рознага ўзроўню. У нашым раёне ў мінулым годзе затрачана 1263 тысячы рублёў на набыццё медыцынскага абсталявання. У 2023 годзе будуць праводзіцца работы па будаўніцтву памяшкання для ўстаноўкі апарата камп‘ютарнай тамаграфіі. Гэта і ёсць якасць аказання медыцынскай дапамогі. Будзе вырашацца пытанне павелічэння плошчы для дзіцячай кансультацыі.

У завяршэнне нашай размовы ўспамінаю словы Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сяргеенкі, які сказаў, што Канстытуцыя будавалася па прынцыпе «Захаваць лепшае і закласці аснову для далейшага развіцця краіны».

Час паказвае, што гэта так і будзе далей, калі мы будзем жыць і працаваць пад мірным небам Беларусі, выконваць законы і выхоўваць дастойных грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Гутарыў Віктар Ільюшчанка