Завяршаецца работа над праектам новай рэдакцыі Асноўнага Закона Рэспублікі Беларусь. З упэўненасцю можна сказаць, што гэта гістарычны момант для далейшага развіцця нашай краіны.
Старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец з’яўляецца членам Канстытуцыйнай камісіі, якая працавала над праектам Асноўнага Закона. Мы папрасілі Мікалая Пятровіча расказаць пра гэта.

— Як была арганізавана работа Канстытуцыйнай камісіі, хто ўвайшоў у яе склад?
— Пытанне неабходнасці ўнясення змяненняў у Асноўны Закон нашай краіны ўздымалася дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу. У рэзалюцыі гэтага форуму замацавана рашэнне аб утварэнні Канстытуцыйнай камісіі, якая пачала сваю работу з сакавіка гэтага года. У яе склад увайшлі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, людзі навукі, галін эканомікі і сацыяльнай сферы, прафесійныя юрысты.
— Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь адзначыў, што работа над Асноўным Законам вялася на двух узроўнях. Над праектам працавалі Канстытуцыйная камісія і створаная рабочая група. Крыху пра гэта.
— Камісія падрыхтавала варыянт Канстытуцыі, улічваючы шматлікія ініцыятывы і прапановы грамадзян, што і ўзяла за аснову рабочая група. Прапановы Канстытуцыйнай камісіі атрымалі сваё развіццё пасля дапрацоўкі рабочай групай, у тым ліку асобных нявырашаных пытанняў.
— Мікалай Пятровіч, усім вядома, што праект Асноўнага Закона будзе вынесены на ўсенароднае абмеркаванне. Раскажыце пра асноўныя змяненні Канстытуцыі.
— У ходзе работы камісіі і рабочай групы падвергнуліся зменам 77 артыкулаў, з’явілася 11 новых, а таксама новая глава – «Усебеларускі народны сход».
Змяненні накіраваны на ўмацаванне паўнамоцтваў заканадаўчай і выканаўчай улады, уцягванне грамадзян у непасрэднае кіраванне дзяржаўнымі справамі шляхам надання Усебеларускаму народнаму сходу статуса канстытуцыйнага органа. Важным з’яўляецца і замацаванне такіх нормаў, як зберажэнне сямейных каштоўнасцяў, падтрыманне моладзі, сем’яў з дзецьмі, інвалідаў, захаванне культурнага кода нацыі. Таму ў прэамбулу Канстытуцыі і ўнесена змяненне, дзе гаворыцца пра захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту, абапіраючыся на шматвекавую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці, культурныя і духоўныя традыцыі.
— Думаю, што жыхарам нашага раёна будзе цікава ведаць, якімі паўнамоцтвамі надзеляць Усебеларускі народны сход.
— На шостым Усебеларускім народным сходзе была прынята пастанова – прызнаць Усебеларускі народны сход вышэйшай формай народнага прадстаўніцтва. Як сказаў Прэзідэнт нашай краіны, рашэнне народнага форуму «…будзе Законам для ўсіх грамадзян. І для Кіраўніка дзяржавы, і для парламента, і для іншых».
Усебеларускі народны сход надзяляецца шырокімі паўнамоцтвамі па зацвярджэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, прыняцці рашэнняў аб зняцці Прэзідэнта з пасады, зацвярджэнні асноўных накірункаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, выбранні суддзяў Канстытуцыйнага Суда, Вярхоўнага Суда, членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі, унясенні ў Палату прадстаўнікоў прапановы па змяненні і дапаўненні Канстытуцыі. Аб’ём паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу сфарміраваны як за кошт новых функцый, так і за кошт перадачы часткі паўнамоцтваў Прэзідэнта і парламента.
— Мікалай Пятровіч, а хто можа быць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу? Якая колькасць яго ўдзельнікаў, тэрміны паўнамоцтваў?
— Згодна з праектам Канстытуцыі, дэлегатамі сходу з’яўляюцца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, прадстаўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў і грамадскага супольніцтва. Лімітная колькасць дэлегатаў складае 1200 чалавек, тэрмін паўнамоцтваў – 5 гадоў.
— Напярэдадні адкрыцця VI Усебеларускага народнага сходу ва ўсіх рэгіёнах краіны працавалі грамадскія прыёмныя. Такая дзейнасць была арганізавана і ў нашым раёне. Жыхары нашага рэгіёна прапанавалі замацаваць у Канстытуцыі наступныя патрабаванні да кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь: «этнічны беларус, нарадзіўся і вырас на тэрыторыі Беларусі, не маладзей за 40 гадоў». У сувязі з гэтым пытанне: хто можа быць выбраны Прэзідэнтам нашай краіны?
— У праекце Асноўнага Закона прапісана, што Прэзідэнтам краіны можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзей за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які не мае і раней не меў грамадзянства замежнай дзяржавы або пасведчання на права жыхарства ці іншага дакумента замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі. Акрамя таго, адна і тая ж асоба можа быць Прэзідэнтам не больш за два тэрміны. Выбіраецца Прэзідэнт на 5 гадоў.

— Артыкул 89 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года абвяшчае, што ў выпадку вакантнасці пасады Прэзідэнта ці немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў па падставах, прадугледжаных Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прынясення прысягі новым Прэзідэнтам пераходзяць да Прэм’ер-міністра. Ці засталася гэтая норма ў праекце новай Канстытуцыі?
— Гэтая норма не замацавана праектам Канстытуцыі. Калі пасада Прэзідэнта аказваецца вакантнай, яго паўнамоцтвы пераходзяць да Старшыні Савета Рэспублікі.
— На палітычным полі актыўную ролю адыгрываюць тры дзеючыя сілы: Прэзідэнт, Парламент і Урад. Наколькі закранулі змены ў новай рэдакцыі Канстытуцыі дзейнасць органаў улады?
— Тэрмін паўнамоцтваў парламентарыяў, мясцовых Саветаў дэпутатаў прапанавана павялічыць з чатырох да пяці гадоў.
Парламентарыі атрымліваюць новыя кантрольныя паўнамоцтвы – гэта штогадовае заслухоўванне інфармацыі Генеральнага пракурора, старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю і старшыні праўлення Нацыянальнага банка аб выніках іх дзейнасці. Пашыраецца магчымасць іх удзелу ў рашэнні дзяржаўных задач.
Прэм’ер-міністру дадзена права ўносіць Прэзідэнту прапановы аб структуры Урада, аб назначэнні на пасаду намеснікаў Прэм’ер-міністра, міністраў і іншых членаў урада.
Пашыраецца кампетэнцыя Канстытуцыйнага Суда правам даваць ацэнку правядзенню выбараў Прэзідэнта і Парламента, канстытуцыйнасці пытанняў, якія выносяцца на рэспубліканскі рэферэндум.
— Падводзячы вынікі нашай гутаркі, можна зрабіць вывад, што праект Асноўнага Закона накіраваны на ўмацаванне бяспекі дзяржавы, устойлівасць сістэмы дзяржаўнага кіравання, умацаванне інстытута народаўладдзя, павышэнне якасці жыцця грамадзян.
— Адназначна, так. У абноўленай Канстытуцыі закладзены прынцыпы ўзаемадзеяння грамадства і ўлады, гарантыі бяспекі. Як сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта на сумесным пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы, Канстытуцыя будавалася па прынцыпе «захаваць лепшае і закласці аснову для далейшага развіцця краіны». Думаю, што жыхары нашага раёна, вобласці, краіны, азнаёміўшыся з новаўвядзеннямі ў Асноўны Закон, змогуць упэўніцца ў яго прагрэсіўным і дэмакратычным характары і выказаць сваю пазіцыю на будучым рэферэндуме.
Гутарыў Віктар Ільюшчанка. Фота Сяргея Талашкевіча і з інтэрнэту