Пятница, 23 мая 2025

Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч даў каментарый па выніках селектарнай нарады з удзелам Кіраўніка дзяржавы

437

Міхаіл Грышкевіч, старшыня Пружанскага райвыканкама:

— Асноўная задача, якая была пастаўлена Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам аграрыям і выканаўчай уладзе, — правесці ўборку якасна, без страт. Знешнія фактары, выклікі, тыя ж санкцыі, да гэтага абавязваюць.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў таксама ўвагу на тым, што мы павінны мабілізавацца, як кажуць, сабраць усю волю ў кулак, бо крытычная сітуацыя на сусветным харчовым рынку толькі ўскладняецца. Таму нам патрэбна накарміць краіну. А яшчэ разумеем, што добры ўраджай — гэта прамая магчымасць для сельгаставарыстваў папоўніць свой капітал, тым самым зрабіць заклад на будучыню. Ды і само жыццё паказвае: калі будзе хлеб на стале — тады ніякія пагрозы нам не будуць страшныя.

Вельмі зразумелы пасыл Прэзідэнта на наладжванне жалезнай дысцыпліны падчас жніва, і гэта датычыцца і кіраўнікоў, і механізатараў. Зразумела, пазбаўляцца крадзяжоў і п’янства на працоўных месцах — задача не толькі сезонная. А каб людзі былі больш матываваныя на якасную работу, яны павінны атрымаць годную зарплату.

Ну і, зразумела, горад не павінен пакінуць сельскіх працаўнікоў без дапамогі: гэта і работа на камбайнах, і адвозка зерня, і яго перапрацоўка. На дадзены момант для паспяховага правядзення жніва-2022 усё ёсць: і тэхніка, і паліва, і неабходныя рэсурсы.

Канечне, праблемныя пытанні ўзнікаюць, прычым падчас кожнай уборкі, але яны аператыўна вырашаюцца на месцах. Самае галоўнае — усвядоміць, што толькі ад нас саміх залежыць, як мы будзем жыць і ў якой краіне.

Падрыхтаваў Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік