Среда, 19 февраля 2025

Старшыні райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў падзяліліся ўражаннямі ад рэспубліканскага семінара-нарады з удзелам Прэзідэнта

589

Аб эфектыўнай рабоце з насельніцтвам як індыкатары прафпрыгоднасці мясцовай улады гаварыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падчас рэспубліканскага семінара-нарады “Актуалізацыя метадаў і форм работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні”. У гэтым мерапрыемстве ўдзельнічалі і першыя асобы Пружанскага раёна. Мы папрасілі іх падзяліцца сваімі ўражаннямі ад семінара.

Старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч:

— Удзел у рабоце семінара-нарады, асабліва другі яго дзень, калі да нас звярнуўся Презідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, даў магчымасць даведацца пра новыя падыходы па рознабаковых накірунках работы са зваротамі грамадзян. Дарэчы, зараз рыхтуецца новы закон. У ім ёсць пэўныя моманты, якія дапрацоўваюцца, шліфуюцца. Пасля прыняцця ўсе гэтыя змяненні будуць прымяняцца на практыцы.

Удзел у семінары-нарадзе даў магчымасць абмеркаваць гэтую тэму і з калегамі з суседніх абласцей, даведацца пра пэўныя моманты, нюансы іх дзейнасці, паглядзець, як яны працуюць у гэтым напрамку.

Наогул, сустрэчы, якія прайшлі падчас семінара, даюць станоўчую дынаміку ў рабоце на сённяшні дзень органам выканаўчай улады. Гэта мае немалаважнае значэнне. Усе разумеюць, як сёння складваецца сітуацыя ў свеце. І пасыл у выступленні Прэзідэнта на мерапрыемстве нам зразумелы: мы павінны быць гатовыя да тых выклікаў, якія ўзніклі перад нашай краінай.

Трэба разумець, што эканоміка і людзі — узаемазвязаныя паняцці. Зараз наступае той самы час, калі мы можам рэалізаваць усе свае магчымасці. У першую чаргу, умацаваць эканоміку ў інтэграцыі з нашым надзейным партнёрам — Расійскай Федэрацыяй.

Старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец:

— Мне давялося працаваць у секцыі №3 па тэме “Аб рабоце дэпутацкага корпуса органаў мясцовага самакіравання з насельніцтвам і напрамкаў яе ўдасканалення”.

Работа пачалася з азнаямлення з арганізацыяй дзейнасці службы «Адно акно» адміністрацыі Маскоўскага раёна г.Мінска.

Змястоўным і цікавым было пасяджэнне ў гарадской ратушы. Удзельнікі семінара азнаёміліся з работай калегіяльных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання г. Мінска. Трэба адзначыць, што вопыт работы гэтых органаў варты пераймання. Яны змаглі арганізаваць жыхароў дамоў на вельмі добрыя справы: за кошт сродкаў жыхароў праводзіцца добраўпарадкаванне дваравых тэрыторый, стварэнне кветнікаў, устаноўка дзіцячых пляцовак і многае іншае. Вынікі падводзяцца на гарадскім конкурсе, дзе пераможцаў заахвочваюць даволі значнымі прэміямі. Гэтыя сумы можна выкарыстоўваць на тое ж самае добраўпарадкаванне, на прэміраванне актывістаў.

У першы дзень нашай работы адбылося пленарнае пасяджэнне ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з удзелам старшыні Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай. Цікавым быў абмен думкамі аб метадах эфектыўнасці, удасканалення работы дэпутацкага корпуса і органаў мясцовага кіравання і самакіравання. Узнімаліся пытанні і навядзення парадку на зямлі, і далучэння мясцовага актыву да гэтай работы, і зносу пустуючых дамоў, электрыфікацыі, газіфікацыі населеных пунктаў і іншыя. Адметна, што ў пасяджэнні прынялі ўдзел міністры энергетыкі, архітэктуры і будаўніцтва, а таксама намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Што тычыцца электрыфікацыі, то кіраўнік адпаведнага Міністэрства паведаміў аб поўнай замене да 1 студзеня 2026 года вулічнага асвятлення ўсіх населеных пунктаў краіны на энергазберагальныя прыборы. Дарэчы, гэтая тэма была агучана і на сесіі Пружанскага райсавета дэпутатаў. Міністр архітэктуры паведаміў аб падрыхтоўцы праекта ўказа аб магчымасці ўводу ў эксплуатацыю асабістага жылля без праектна-каштарыснай дакументацыі. Нарэшце ў гэтым плане ўсё будзе спрошчана: пасля будаўніцтва дома ўладальнік зможа запрасіць адпаведныя службы, якія зробяць замеры пабудовы і камісійна ўнясуць дадзеныя ў тэхнічны пашпарт. Пасля гэтага дом можна будзе ўводзіць у эксплуатацыю.

Немалаважнай была тэма, якую закрануў намеснік міністра ЖКГ — гэта праграма “Чыстая вада”. Пасля яго выступлення я задаў пытанне аб сэнсе ўвядзення станцый абезжалезвання вады без замены старых іржавых сетак водаправода.

Самым значным і хвалючым быў другі дзень семінара-нарады, калі ўдзел у ім прыняў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Падчас звароту да ўдзельнікаў пасяджэння Аляксандр Рыгоравіч даў выразную ўстаноўку аб тым, як органы ўлады павінны працаваць з насельніцтвам. Прыкладам такой работы можа служыць дзейнасць Савета Рэспублікі, калі сенатары выязджаюць у адзін з рэгіёнаў, дзе раз’язджаюцца па раённых цэнтрах і праводзяць прыёмы насельніцтва. Так павінны працаваць з насельніцтвам і мясцовыя органы ўлады.

Прэзідэнт заклікаў пазбягаць цяганіны ў вырашэнні пытанняў, асабліва ў гэты няпросты час, калі вакол незалежнай Беларусі канцэнтруюцца тыя, хто спрабуе парушыць мірнае жыццё нашага народа.

Падрыхтаваў Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік і Сяргея Талашкевіча